Легітымізацыя “шэрага” хобі

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Сетка для "браканьераў ад археалогіі"
26 ліпеня Дзярждума Расійскай Федэрацыі прыняла новы Закон, скіраваны супраць “чорных капальнікаў”. Падобна, суседзі вырашылі разабрацца з імі ўсур’ёз. Толькі за незаконнае выкарыстанне металадэтэктара можна атрымаць штраф памерам у некалькі тысяч долараў. За пашкоджанні культурнага пласта помніка спадчыны прадугледжана ўжо крымінальная адказнасць: да шасці гадоў зняволення. Якое дачыненне гэтыя заканадаўчыя інавацыі суседняй дзяржавы маюць да нашых рэалій? На думку экспертаў — самае непасрэднае! Тут спрацуе прынцып спалучаных пасудзін, і расійскія ўладальнікі металашукальнікаў будуць выкарыстоўваць іх на нашай тэрыторыі, дзе ім пакуль што нічога страшнага не пагражае.

— Неўзабаве нас чакае сапраўднае нашэсце, і мы павінны да яго рыхтавацца, — перакананы член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных навук Магілёўскага дзяржуніверсітэта Ігар Марзалюк.

Абрабаваны рыцар

Не так даўно СМІ абляцела вестка пра сенсацыйную знаходку: у рэчцы Віхры было выяўлена цела воіна ВКЛ, закаванага ў поўны нюрнбергскі даспех, аналагаў якога ў нашых музеях не знойдзеш. Але гэта — толькі палова навіны. Другая палова — менш радасная. Як распавёў Ігар Марзалюк, гэтага рыцара навукоўцы знайшлі не першымі.

— Элітны вой, які загінуў 4 лістапада 1502-га, абараняючы пераправу цераз раку, быў абрабаваны праз пяцьсот з гакам гадоў пасля смерці, — кажа даследчык. — Наколькі мне ўдалося даведацца, прыехаў нейкі хвэцкі дзядзька з Расіі, прайшоўся з геасканерам уздоўж Віхры, выдзер меч з рукі воіна, забраў ягоную дзіду ды баявую сякеру. Тоўсты слой пяску і глебы стварыў выдатную кансервацыйную рошчыну, і таму зброя, як можна меркаваць, дайшла да нашага часу амаль у ідэальным стане. Але... Шукай цяпер ветра ў полі!..

“Чорная археалогія” ўспрымаецца многімі як бяскрыўднае хобі, забяспечанае своеасаблівым рамантычным арэолам: маўляў, скарбы, таямніцы, гісторыя... І ніякага меркантыльнага інтарэсу. “Знаходак няма, але затое шмат уражанняў” — вось тыповы водгук на інтэрнэт-форумах удзельнікаў “пакапушак”.

— Мяркую, трэба падзяляць тых, хто рабуе нябожчыкаў, і тых, хто ў сваё задавальненне шукае манеты з прымітыўным металадэтэктарам, — лічыць даследчык фартыфікацыі і ваеннай гісторыі Аляксандр Базарнаў. — Апошняе хобі распаўсюджана ва ўсім свеце — і, дарэчы, шмат у якіх краінах з’яўляецца цалкам легальным…

Зрэшты, тут варта дадаць і трэцюю катэгорыю  — тых, хто робіць на археалогіі бізнес, паставіўшы сваю дзейнасць ледзь не на прамысловы ўзровень. Як правіла, менавіта яны не толькі шукаюць, але і знаходзяць.

— Па маіх агентурных звестках, з таго самага Мсціслаўскага раёна за нядаўні час вывезены сякера вікінга, дзве пячаткі Уладзіміра Манамаха, залаты княжацкі кулон, які датуецца ХІІ стагоддзем, — пералічвае Ігар Марзалюк. — Я ўжо не кажу пра манеты часоў ВКЛ або сярэднявечныя жаночыя ўпрыгожанні...

Заўважым: гэта адбылося яшчэ да прыняцця згаданага расійскага закону, калі “ўмовы гульні” на Мсціслаўшчыне былі такімі ж самымі, што і на суседняй Смаленшчыне, таксама багатай на гісторыю ды рарытэты. А калі яшчэ ўлічыць, што канкурэнцыю “гастралёрам” ствараюць і айчынныя капачы...

Хрусь — і напалам!

Субкультура скарбашукальнікаў на Беларусі развілася няблага: у тутэйшым сегменце Інтэрнэту можна адшукаць некалькі профільных рэсурсаў, актыўнасць карыстальнікаў якіх — даволі высокая. Сярод папулярных раздзелаў форумаў — “усё пра металашукальнікі”, практычныя парады, продаж і атрыбуцыя манет, пячатак ды іншых рарытэтаў. Пытанне, адкуль яны ўзяліся ў цяперашніх уласнікаў, на гэтых галінках лічыцца некарэктным. Ды і сваімі прыгодамі тут лічаць за лепшае не ганарыцца.

Апошняе дазваляюць сабе толькі айчынныя “мэтры” скарбашукальніцтва, якія ўжо нават расстараліся на ўласныя манаграфіі. Там можна сустрэць, напрыклад, такі эпізод (аўтар самастойна даследуе руіны старой сядзібы ў пошуках падземных хадоў): “…Спрабую рукамі прыўзняць пліту. Цяжка. Бяру лом і ссоўваю ўбок. Нешта скрыгоча, і пліта падае бокам на зямлю. Ага: тут быў найпрасцейшы крапежны механізм. На дзвюх фігурных пятах, што прылягалі да сценкі альтанкі, былі прымацаваны спецыяльныя шарніры. Магчыма, яны яшчэ і дзейнічалі (вылучана мной. — І.С.), але паднімаць пліту трэба было, адначасова прыхіляючы яе да падмурка альтанкі. <…> І вось ён, люк. Квадратны. З шырокім кольцам ля краю. Бяруся за кольца, асцярожна цягну. Кольца лёгка скрыгоча і — застаецца ў маёй руцэ: люк і ўсе яго дэталі поўнасцю праржавелі. Даводзіцца прыбіраць яго фрагментамі…”

Гэты эпізод красамоўна выяўляе, чым адрозніваецца скарбашукальніцтва ад археалогіі і чаму яно можа ўяўляць для апошняй сур’ёзную шкоду. Капальнік заўсёды нацэлены на канкрэтны вынік: эфектнае папаўненне ўласнай калекцыі альбо каштоўны тавар. Розныя механізмы ды люкі яго мала цікавяць. Таму — хрусь і напалам, паехалі далей. Дый нават калі аматар прыгод мае найлепшыя намеры, гэта не заўсёды змяняе справу да лепшага: методыкай правядзення археалагічных раскопак ён не валодае.

Навукоўцу ж цікавяць не толькі самі знаходкі, але і той інфармацыйны пласт, які за імі стаіць: археалогія робіцца грунтам для высноў ды гіпотэз у галіне гісторыі, абапіраюцца на яе і архітэктары-рэстаўратары. Гліняны чарапок у дадзеным выпадку можа быць куды каштоўнейшым за залатую манету. Аднак скарбашукальнік не стане займацца атрыбуцыяй гэтага “друзу” — хутчэй за ўсё, проста кіне сабе пад ногі. Добра, калі не растопча.

Далей той самы аўтар апісвае, як справакаваў сваім геройствам абвал у старадаўнім сутарэнні: і сам страху нацярпеўся, і прычыніў помніку немалую шкоду. Затое вярнуўся з цікавымі знаходкамі, пра якія ніхто з беларускіх даследчыкаў так і не даведаўся…

Ці праўдзівая тая гісторыя? Цяжка сказаць. Зрэшты, як падаецца, гэтае пытанне павінны былі паставіць праваахоўныя органы: выглядае на тое, што некаторыя апісаныя ў кнізе дзеянні трапляюць у іх кампетэнцыю. Але...

 — А ці ведаеце вы, што аўтар той кнігі і сам да нядаўняга часу займаў не абы-якую пасаду ў пракуратуры? — агаломшвае мяне Ігар Марзалюк.

Нагода для “лікбезу”'

Санкцыі за “чорнае капальніцтва” прадугледжаны беларускім заканадаўствам і цяпер, але каб прыцягнуць вінаватага да адказнасці, трэба літаральна схапіць яго за руку, што, натуральна, няпроста. Чалавека, які водзіць па зямлі металадэтэктарам, трымаючы напагатове рыдлёўку, сёння цяжка хоць у нечым абвінаваціць. Не дачэпішся да яго і за продаж тых самых манет.

Ігар Марзалюк перакананы ў тым, што праблему можа вырашыць толькі забарона выкарыстання металашукальнікаў без адпаведнага на тое дазволу, а таксама больш актыўныя дзеянні праваахоўных органаў — у тым ліку і аператыўна-вышуковыя. І, вядома ж, узмацненне санкцый.

Набыць металадэтэктар у Мінску сёння няма ніякіх праблем — вядома ж, цалкам легальна, у спецыялізаваным салоне. Паслужлівы прадавец прапануе вам варыянты, аптымальныя менавіта для пошукаў скарбаў. І, натуральна, не стане цікавіцца, навошта простаму хлопцу спатрэбілася такая “цацка” за чатыры тысячы “у.а.”

У той самы час, Аляксандр Базарнаў лічыць, што ніякія “драконаўскія меры” не здатныя выкараніць саму з’яву, — яны хіба паспрыяюць далейшай крыміналізацыі рынку “капанага” антыкварыяту, пераўтварыўшы яго з “шэрага” ў чорны.

— Уявіце, быццам хтосьці зараз возьме і забароніць рыбалку, — праводзіць ён паралелі. — Няўжо гэта будзе азначаць, што людзі перастануць вудзіць рыбу, асабліва калі яны — фанаты сваёй справы?..

Так, рыбалка ў нас дазволена, але — з пэўнымі абмежаваннямі. Яны тычацца і спосабаў лоўлі, і месцаў... За выкананнем гэтых правілаў пільна сочыць адпаведная інспекцыя, ладзячы пастаянныя рэйды. Штрафы для парушальнікаў прадугледжаны такія, што ніякі ўлоў іх не “адаб’е”.

— У Заходняй Еўропе стаўленне да скарбашукальніцтва прыблізна такое ж самае, — дадае Аляксандр Базарнаў. — Перш чым пачынаць капаць, трэба спытаць дазволу непасрэдна ва ўласніка зямлі, дзяржаўнага альбо прыватнага, а потым — падзяліцца з ім сваёй здабычай. Усё празрыста, ніхто не хаваецца...

І сапраўды, адна справа — калі чалавек шукае скарбы ў чыстым полі, а зусім іншая — калі ён мэнанакіравана раскопвае тэрыторыю помніка археалогіі, гісторыі альбо архітэктуры. Гэта значыць, аб’ект, дзе любыя земляныя работы дазволены толькі пад наглядам кваліфікаванага археолага. Наступнае пытанне тычыцца ўжо лёсу знаходак.

— На Захадзе існуе правіла, паводле якога самадзейныя археолагі паведамляюць пра свае знаходкі, каб яны былі ўключаны ў навуковы ўжытак, — дадае Аляксандр Базарнаў. — Але страх адказнасці прымусіць “нелегалаў” утойваць каштоўныя артэфакты, і супольнасць даследчыкаў ад гэтага толькі пацерпіць. Прыгадайма, што Разецкі камень, дзякуючы якому навукоўцы расшыфравалі егіпецкую пісьменнасць, таксама знайшлі зусім не прафесійныя археолагі. І нават цяжка ўявіць, што было б, каб яго “схавалі на агародзе”...

Ва ўсялякім выпадку, няма ніякіх сумневаў у тым, што скарбашукальніцтва (а разам з ім — і продаж металадэтэктараў) неабходна ўзяць пад кантроль, стварыць для яго пэўнае заканадаўчае рэчышча. Без сумневу, вартаўніка да кожнага кургана не прыставіш. Але ж у непасрэднай ад яго блізкасці зазвычай ёсць вёскі, а іх жыхары заўсёды звяртаюць увагу на незнаёмцаў. Бяда толькі ў тым, што “свае” археалагічныя помнікі часцяком не ведаюць нават прадстаўнікі мясцовай улады. Таму, як падаецца, “чорныя капальнікі” могуць тут зрабіць сапраўды карысную справу: міжволі паспрыяць “лікбезу” і кантролю за станам саміх помнікаў.

Урэшце, самым дзейсным — хаця і найскладаным — спосабам барацьбы з “чорнымі капачамі” з’яўляецца больш інтэнсіўнае развіццё “сапраўднай” археалогіі. Як паведаміў Ігар Марзалюк, распачатыя сёлета раскопкі ў Быхаве і Мсціславе стануць пастаяннымі экспедыцыямі. Але каб асіліць увесь “культурны пласт” работ, у спецыялістаў сёння няма ні фінансаў, ні сіл.

І гэты стан рэчаў стварае добрыя магчымасці “легітымізацыі” тых, хто шукае скарбы менавіта ў сваё задавальненне. Няхай бы і далей шукалі, чаму ж не, але — пад наглядам кваліфікаваных археолагаў. На сайце Беларускага камітэта ICOMOS, дзе акумулюецца інфармацыя аб валанцёрскіх ініцыятывах, гэтым летам было пяць запрашэнняў на раскопкі, але ж, напэўна, іх можа стаць значна больш. Мяркуючы, прынамсі, па актыўнасці заўсёднікаў скарбашукальніцкіх форумаў... Толькі вось трэба знайсці падыход да гэтай аўдыторыі — спецыфічнай, але цікаўнай ды імпэтнай.

І цалкам можа стацца так, што падзел “шэрага” хобі на чорны і белы колеры акурат таму паспрыяе. Гэта як сярод рыбакоў: меншасць употайкі дрыжачымі рукамі ставіць сеткі, але большасць не хоча рызыкаваць і адпачывае вечарком з вудамі — як дазволена. А калі б ніякіх абмежаванняў не існавала?

Урэшце, усё вышэйсказанае тычыцца выключна тых, хто разглядае аматарскую археалогію адно як хобі, а не як бізнес. Стаўленне да тых, хто вывозіць за межы краіны культурныя скарбы, натуральна, павінна быць адназначным. Але пры гэтым — і паслядоўным.