У чэраве Траянскага каня

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Зміцер ЮРКЕВІЧ, арт-куратар
Доўгі час з’яўляючыся рэзідэнтам вядомай берлінскай арт-сядзібы “Тахелес”, я меў унікальную магчымасць назіраць за арт-працэсам у Германіі і нават, час ад часу, браць у ім актыўны ўдзел. Сваімі назіраннямі ды развагамі ў адносна ўспрымання ў замежжы айчыннага актуальнага мастацтва ды ягонай рэпрэзентацыі паспрабую падзяліцца з чытачамі “Культуры”.

/i/content/pi/cult/450/9445/5-1.jpg

Беларускае мастацтва апрыёры развіваецца ў еўрапейскім кантэксце, хіба толькі з той агаворкай, што мы знаходзімся за памежнымі слупамі Еўрапейскага Саюза. Таму сітуацыя нашай арт-прасторы ўнікальная тым, што мы, можна сказаць, адначасова там і ў той самы час — тут. Як тыя данайцы, якія прыхавалі свае дары ў чэраве Траянскага каня.

Паспрабую патлумачыць свой тэзіс. Еўрапейскае сучаснае мастацтва вонкава і, на першы погляд, даволі разнастайнае. Ды насамрэч глабалізацыя і тут парупілася. Паглядзеўшы на мастакоў з усяго свету, якія дзясяткамі праходзілі праз сцены “Тахелеса” (а былі там японцы, туркі, датчане, амерыканцы з поўдня і поўначы заакіянскай дзяржавы, італьянцы ды іспанцы, прадстаўнікі афрыканскіх краін) ды пахадзіўшы па галерэях Берліна, Лейпцыга, Дрэздэна, прыйшоў да высновы: адно лякала.

Так, трохі розныя тэхнікі. Часам — крышку нацыянальнага або этнічнага каларыту. А ў астатнім — аднастайнасць. І гэта сапраўдная хвароба еўрапейскага арту. Бо дастаткова аднойчы паглядзець, каб зразумець: чакаць прарываў не мае сэнсу. Хаця, падавалася б, наўкола — велізарная колькасць мастакоў. Ды многія з іх, па сутнасці, — аматары, якія не пераследуюць глабальных мэт, а шукаюць утульную яміну, свайго куратара, свайго галерыста і — свайго пакупніка. Прычым, як высвятляецца, так званы арт-рынак — рэч заганная, бо ён нічым не лепшы за банальны кірмаш пры храме Мастацтва. Існуюць пэўныя правілы, свае гурткі па інтарэсах, нават мафіі.

І самае галоўнае, што даволі хутка гэта ўсё надакучвае. І калі клічуць на нейкую выстаўку, дык усё часцей адмаўляешся. Пры гэтым працягваеш хадзіць з асалодай па музеях, якіх вельмі шмат і якія часам займаюць плошчу з добры квартал. Чамусьці там, сярод старых рэчаў, больш жыцця, думкі, сэрца, чым у экспазіцыях сучаснага нам мастацтва, дзе павінна быць больш эксперыменту, новых тэхнік ды тэхналогій. І мусіла б складвацца ўражанне, маўляў, вось новае, цікавае, але… Праз пэўны час — чарговае расчараванне.

Усвядоміўшы тое, а можа, дзякуючы інтуіцыі, натхненню, мы ў “Тахелесе” пайшлі сваім шляхам. Той самы Траянскі конь, які замест таго, каб спакойна сканаць ды рассыпацца ў друз на фоне еўрапейскага арт-працэсу, ачуняў і пачаў выдаваць выбрыкі, якіх там не чакалі. Так, выбрыкі ў выглядзе фестывалю “ДАХ” станавіліся ўсё больш працяглымі па часе ды шматлікімі па колькасці праектаў. Сцягнута была цяжкая і дробная артылерыя, памножаная на хуткасць ды моц. І атрымаўся выбух. І гледачу спадабалася, хоць ён не разумеў, чаму з гадзіну ніяк не можа вырвацца з нашай прасторы. І гісторыя мела працяг, а мы атрымалі сяброў і часам паплечнікаў…

А цяпер беларускія рэаліі ў згаданым кантэксце. Што мы маем? Тры спробы стварыць нам канкурэнцыю (правядзенне фестываляў, зробленых па лякале “ДАХ”у) на Беларусі, прычым — з капітальнай падтрымкай. А які вынік? Яго няма. Бо чагосьці бракуе. Шкада, натуральна, хаця складнікаў — усяго два: прага да справы і ахвярнасць ёй. Няма іх — няма нічога, проч фасада.

Што ж да актуальнасці нашага мастацтва там… Улічваючы татальнае засілле ў Еўропе мастакоў-аматараў, трэба адзначыць: нашы прафесіяналы выглядаюць на колькі галоў вышэй. Але яны свядома заніжаюць узровень, бо кан’юнктура дыктуе “густ натоўпу”, які настолькі лёгказменлівы, што бегчы за ім можна ўсё жыццё, спазняючыся ўвесь час на паўкрока.

Творцаў, якія ігнаруюць покліч мас, карпатліва працуюць над тым, што цікава ім самім, заўважаюць за мяжой адразу. Гэта факт. Але ці кожны мастак пагодзіцца так рызыкаваць? Вось дзе, на маю думку, актуальнае пытанне.

Што мы маем? Тры спробы стварыць нам канкурэнцыю (правядзенне фестываляў, зробленых па лякале “ДАХ”у) на Беларусі, прычым — з капітальнай падтрымкай. А які вынік? Яго няма. Бо чагосьці бракуе. Шкада, натуральна, хаця складнікаў — усяго два: прага да справы і ахвярнасць ёй. Няма іх — няма нічога, проч фасада.