Калі ў ліфце — чыста

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Яўген РАГІН, рэдактар аддзела газеты "Культура"
Паспрачаліся з сябрам: як вызначаць узровень культуры індывідыуума і грамадства ў цэлым? А сябра — філолаг, стомлены педагагічнымі эксперыментамі, таму заняў прынцыповую пазіцыю і з яе не саступае катэгарычна: маўляў, той узровень культуры вызначаецца правільнасцю пастаноўкі націскаў у словах; маўляў, хто вымавіў, напрыклад, "у ліфцЕ" ці "пазвОніш" — той побач з культурай і блізка не стаяў. Прынамсі, ягоныя старшакласнікі з націскамі сябруюць. А я ў адказ — свой контраргумент: "Дык чаму на школьных дварах такі мат пануе? Якая ж гэта культура?"

/i/content/pi/cult/450/9444/55-56.JPG

Спрачаліся ці не ўвесь вечар. Прайшліся прагуляцца па праспекце Любімава, які мая жонка называла праспектам Любімага. Гулялі з вялікім сэнсам. Інакш кажучы, адшуквалі ўстановы ды арганізацыі, што маюць дачыненне да культуры. Шукалі — і не знаходзілі. Да бліжэйшых філіяльных бібліятэк праехаць трэба ці не праз увесь Паўднёвы Захад, ледзь не да кальцавой шашы. А кнігарня побач з крамай "Ля кургана" з нядаўняга часу змяніла шыльду і стала называцца "Разливное пиво"… З пункта гледжання нацыянальнай эканомікі працэс зразумелы: піва — прадукт бюджэтаўтваральны, кніга — нічога апрача культуры не павышае. І хто сказаў, што мы па-ранейшаму шмат чытаем? Добрая кніга каштуе мінімальна пад 200 тысяч рублёў. Ды і дзе яе купіць у спальным мінскім раёне? Толькі — разліўное піва…

Гуляем далей. Да адзінага на ўсю нашу Малінаўку кінатэатра "Бярэсце" (станцыя метро "Пятроўшчына") — без малога з дзясятак тралейбусных прыпынкаў. З месцаў сапраўднага адпачынку — парк Паўлава ля рачулкі Мухля. Краявіды з пейзажамі тут — найцудоўнейшыя! Праўда, пад час святаў поруч з канцэртам на сімпатычнай эстрадзе гандляры ў парку прапаноўваюць разам з шашлыкамі і… разліўное піва.

Адразу за курганом, што і даў назву гастраному, месціцца кулінарыя. Праводзім моўны эксперымент: пытаемся ў мінакоў, як правільна вымаўляць: "кулінарЫя" ці "кулінАрыя"? У адказ чуем шмат цікавага і ненарматыўнага. Правільнага адказу не дае ніхто. Няма культуры?

Я зараз буду пра надзвычай банальныя рэчы. Калі вярнуліся дахаты, зайшлі ў напаўспалены скрэмзаны ліфт. У свой час нашы дзяўчаты спрабавалі сцяліць тут дыванок, вешалі люстэрка, ставілі столік з кветкамі… Усё праз гадзіну-другую нішчылася і псавалася. Кім? Жыльцамі, для якіх "наша" так і не стала "маім"!

Даруйце за ідэалізм, але і ганак, і параднае, і той самы ліфт — пачатак, па сутнасці, нашай кватэры. Чаму ж у ёй так брудна? Чаму ўтульным і чыстым домам для нас усіх не стала ўся Беларусь? І як вынік усяму ўспомнілася вось што…

Калі я сумяшчаў прафесіі журналіста і настаўніка, быў накіраваны на навучанне ў Інстытут павышэння настаўніцкай кваліфікацыі. І ўразілі мяне не лекцыі, а зрэзаныя, абмаляваныя парты-сталы, сапсаваныя не шкоднікамі-вучнямі — настаўнікамі, якія ведаюць, дзе паставіць націск у слове "кулінарыя"...

Бяда наша ў тым, што словы ў нас разыходзяцца часам са справай, што іншым разам праўду мы імгненна "пераапранаем" у хлусню. Хаваемся ва ўласных адрамантаваных кватэрах і не хочам разумець, што "рамонту" патрабуе ўласная культура. Як выпраўляць становішча? Дакладна не ведаю. Але падаецца, што пачынаць трэба адначасова і з лІфта, і з ліфтА.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"