Адбітак мінуўшчыны ў хайтэкаўскім шкле

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Еўрапейскі стандарт беларускай сталіцы
Член-карэспандэнт НАН Беларусі, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук краіны Аляксандр ЛАКОТКА мае адразу дзве доктарскія ступені — архітэктуры і гістарычных навук, — і гэта дазваляе яму праводзіць паралелі паміж эпохамі ды культурнымі кантэкстамі. Не так даўно вядомы навукоўца прэзентаваў новую кнігу “Архітэктура Беларусі ў еўрапейскім і сусветным кантэксце”. Менавіта ў такім ракурсе мы прапанавалі яму разгледзець забудову беларускай сталіцы.

/i/content/pi/cult/450/9441/6-1.jpeg

 — Гарады Беларусі — быццам той зрэз дрэва, які дазваляе прачытаць больш чым тысячагадовую гісторыю горадабудаўнічага развіцця Еўропы, — кажа даследчык. — Такая метафара тым больш дарэчы, калі ўлічыць, што гістарычны цэнтр Мінска развіваўся менавіта канцэнтрычна. Яго найбольш ранняе кольца — менскі замак, які ўзнік ў ХІ стагоддзі. Пазней, у ХV — ХVIII стагоддзях, сфарміравалася новае кольца  — Верхні горад, Ракаўскае прадмесце, Траецкая гара. ХIХ стагоддзе, якое называюць перыядам прамысловага перавароту, стварыла яшчэ адно кольца: дзелавыя кварталы з даходнымі дамамі, банкамі, біржамі, гатэлямі... Вакол цэнтра паўставалі прадмесці, забудаваныя драўлянымі ў пераважнай большасці дамамі рабочых  — з садамі, агародамі, алеямі. Цяпер гэта вуліцы Палявая, Вішнёвая, Лугавая, Грушаўская, Полацкая, Суражская... А потым пайшлі ўжо кольцы ХХ стагоддзя.

— Але ў гэтае няспешнае ды натуральнае развіццё горада ўварваліся гістарычныя падзеі — і асабліва апошняя вайна...

— Гэта ўвасабленне той трагедыі, што была характэрнай для многіх гарадоў Еўропы. Прыгадайма Ратэрдам, Герніку, Ковентры, Дрэздэн, Варшаву... Гледзячы на шкілет руін, які застаўся ад Мінска, цяжка было ўявіць, як гісторыя горада рушыць далей. Мала хто ведае, што абмяркоўвалася нават пытанне аб пераносе сталіцы БССР. Але пасля сустрэчы Сталіна і Панамарэнкі ў 1944 годзе прынялі рашэнне ўзнавіць горад. Былі задзейнічаны выбітныя савецкія архітэктары таго часу: Шчусеў, Паруснікаў, Баршч, Коллі, Воінаў, Заборскі, Кароль... У 1946 годзе была распрацавана горадабудаўнічая схема Мінска — своеасаблівы яго “касцяк” з радыяльна-кольцавай структурай.

— Цэнтры многіх зруйнаваных у вайну еўрапейскіх гарадоў аднаўляліся ў іх гістарычным выглядзе, але ж у Мінску пайшлі іншым шляхам...

— Тым не менш, узятая за аснову ідэя ўтапічнага “горада-саду” была актуальнай для ўсёй Еўропы. Заходнія філосафы і дойліды захапіліся ёй яшчэ ў ХVIII стагоддзі, потым — у гады індустрыяльнага развіцця, калі трэба было вырашаць праблему масавага жылля. Аб сацыялістычным горадзе марылі і выбітныя архітэктары ХХ стагоддзя: Вальтэр Гропіус, Бруна Таут ды іншыя.

Да таго ж, ёсць усе падставы сцвярджаць, што галоўны мінскі праспект паўстаў у выніку пераасэнсавання еўрапейскага архітэктурнага досведу, а зусім не насуперак. Шырокая вуліца вялікай прапускной здольнасці з каскадам плошчаў у нечым нагадвае Елісейскія палі ці галоўны праменад Парыжа ад плошчы Карусель да Трыумфальнай аркі. А ў планіроўцы плошчы Якуба Коласа (два вежавыя будынкі па восі вуліцы Веры Харужай, класіцыстычная філармонія), лёгка ўгадваецца ансамбль плошчы Згоды ў Парыжы (царква Мадлен, вуліца Раяль і два будынкі з вежавымі завяршэннямі Жака Анжа Габрыэля). Між іншым, французскія архітэктары, прыязджаючы ў паваенны Мінск, адразу адзначалі гэтую пераемнасць.

 — Дзе межы гэтага горадабудаўнічага феномена? Ці ўваходзяць у іх, прыкладам, ваколіцы кінастудыі “Беларусьфільм”: ансамбль, які сфарміраваўся ў 50 — 60-я гады? Наколькі мне вядома, гэтыя будынкі не маюць статуса каштоўнасці...

 — Але ж аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляецца сама кінастудыя, а суседнія з ёй будынкі фарміраваліся ў адзіным маштабе забудовы цяперашняга праспекта Незалежнасці. Усе яны — адзінае цэлае. Што да межаў... Іх вызначыць і сапраўды вельмі складана. У раёне новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі генпланам 1946 года прадугледжвалася стварэнне Усходняй плошчы — першай плошчы з боку Масквы, ад якой пачыналася перспектыва цяперашняга праспекта.

Трэба яшчэ дадаць, што далёка не толькі цэнтру паваеннага Мінска надавалася такая ўвага. У пазнейшыя дзесяцігоддзі на высокім горадабудаўнічым узроўні былі вырашаны і мікрараёны сталіцы. Варта згадаць яшчэ, да прыкладу, і ансамбль забудовы цяперашняга праспекта Пераможцаў (архітэктар — Абрам Духан).

— У гістарычным цэнтры сталіцы адзін за адным з’яўляюцца сучасныя будынкі. Ці няма тут грубага парушэння “еўрапейскіх стандартаў” аховы архітэктурнай спадчыны?

— Ведаеце, падыходы да гэтай праблемы ў Еўропе даволі розныя. Калі ў Рыме дэвелаперам катэгарычна забаронена ўрывацца ў гістарычна сфарміраваную забудову, дык у Лондане суседства сучаснай і гістарычнай архітэктуры падаецца цалкам магчымым. І такія прыклады можна сустрэць у многіх іншых еўрапейскіх гарадах. Але пры гэтым варта ўлічваць, што новае асяроддзе, новае светаўспрыманне, новае разуменне прасторы павінна быць карэктным у дачыненні да гістарычнай архітэктуры, каб “каменны летапіс” набываў новыя адценні, адлюстроўваючыся ў сучасным шкле.

 — На жаль, Мінску не хапае велічнага сабора, адпаведнага шэдэўру Гаўдзі ў Барселоне...

 — Тут варта згадаць, што архітэктура Гаўдзі арганічна вырасла з квяцістай эмацыйнасці іспанскай і каланіяльнай архітэктуры, уплываў экзотыкі Амерыкі, Індыі ды іншых далёкіх краін. У нашых сучасных сакральных будынках часта ігнаруюцца нацыянальныя, выпрацаваныя стагоддзямі традыцыі. Будуюць чамусьці ў пскоўска-наўгародскім, маскоўскім, яраслаўскім стылях. Альбо прыўносяць у праваслаўную архітэктуру дэканструктывізм, постмадэрн, парушаючы эстэтычныя каноны і сакраментальны сэнс архітэктуры.

— Наколькі ўдала сучасная мінская архітэктура ўпісваецца ў існую забудову?

 — Шмат супярэчлівых меркаванняў існуе наконт вышыннага будынка на мінскім праспекце Пераможцаў каля крамы “Рамонак”. Выкажу тут сваю ацэнку абноўленай перспектывы: падаецца, гэты гмах узмацняе, падкрэслівае рытм іншых будынкаў ансамбля. Дом на набярэжнай за Траецкім прадмесцем у Мінску таксама выклікаў неадназначную рэакцыю. З горадабудаўнічага пункта гледжання, мусіць, ён апраўданы, але яго архітэктурнае рашэнне выглядае даволі спрэчным. Напэўна, аўтары імкнуліся знайсці эмацыйны лад, прыўнесці ў свой твор нацыянальныя рысы, але... Мяркую, вынік атрымаўся не самым удалым. І яшчэ адзін не надта зразумелы ход: новы гатэльны комплекс каля цырка. Ён скажае не толькі паркавае асяроддзе, але і перспектыву плошчы Перамогі, праспекта Незалежнасці. Падобнае ўмяшальніцтва разбурае кампазіцыю сфарміраванага ансамбля забудовы сталіцы.

Увогуле, вышыннасць не можа лічыцца адзіным крытэрыем ацэнкі архітэктурных твораў. Прыкладам, той жа “Маяк Мінска”, мабыць, аптымальны па сваёй паверхавасці — зважаючы, скажам, на суседства з Нацыянальнай бібліятэкай. Але маральна састарэлая архітэктура папраўдзе расчароўвае сваёй невыразнасцю.

Таксама выклікаюць трывогу факты, калі ў кварталах вуліц Бядулі, Першамайская, Захарава, дзе знаходзяцца ўнікальныя ансамблі катэджаў і пасольскія рэзідэнцыі сярэдзіны ХХ стагоддзя, інвестары імкнуцца атрымаць участкі зямлі пад сучасную забудову…

— Зразумела, што рэшткі драўлянага Мінска паступова саступаюць месца высоткам. Ці вартыя захавання тыя прадмесці, пра якія вы ўжо казалі?

— У скандынаўскіх, прыбалтыйскіх гарадах забудова прадмесцяў захоўваецца. У нас жа — няўхільна і паслядоўна знікае. Нягледзячы нават на тое, што першыя прапановы па захаванні фрагментаў традыцыйнай драўлянай забудовы былі распрацаваны яшчэ ў 1988 годзе! На сённяшні дзень паводле Генеральнага плана мяркуецца захаваць толькі Паўночны завулак за Дзяржаўным музычным тэатрам. Гэта нязначная частка колішняга Лютэранскага прадмесця. Завулак склаўся ў пачатку ХХ стагоддзя, яго ўтвараюць дыхтоўныя дамы з цудоўнай разьбой. Часткова ацалелі нават інтэр’еры: мэбля, кафляныя печы, прадметы побыту ў стылі мадэрн. Але, на жаль, канкрэтныя крокі па захаванні гэтага цікавага комплексу пакуль не робяцца. Ахоўны статус замінае жыхарам самім займацца рамонтам ды добраўпарадкаваннем.

— Дык якое ж выйсце з гэтай сітуацыі?

 — У Паўночным завулку само сабой напрошваецца стварэнне музея народнага мастацтва і рамёстваў з сувенірнымі крамкамі ды майстэрнямі. Глыбока перакананы ў тым, што будучыня айчыннага турызму — акурат за такімі комплекснымі праектамі, якія паядноўваюць матэрыяльную і нематэрыяльную гісторыка-культурную спадчыну: архітэктуру, рамёствы, культуру побыту...

Натуральна, апошняе датычыцца не толькі Мінска, але і ўсёй краіны. У 2011 годзе выйшла кніга “Турыстычная мазаіка Беларусі” — вынік інавацыйнага праекта, выкананага навукоўцамі нашага Цэнтра па замове Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. З улікам этнаграфічнай спецыфікі, мы выдзелілі 52 зоны турысцка-рэкрэацыйнага тыпу: “Краіна Сакун”, “Загароддзе”, “Дрыбіншчына”, “Слуцкая зямля”... Неўзабаве, спадзяюся, кніга з’явіцца і на англійскай мове: такое даручэнне ўжо дадзена на ўзроўні Урада краіны. Напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі падобныя выданні маюць надзвычайную актуальнасць…

Распытвала Наталля КІРПІЧЭНКАВА

Фота Юрыя ІВАНОВА