“Гэта выглядала сапраўднай авантурай...”

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Шлях ад золку беларускай анімацыі да “Лістападзіка”
“Вясёлыя, зялёныя, лупатыя…”, — першы вопыт работы ў анімацыі славутых “Песняроў” прыпаў менавіта на гэты мультфільм: “Квака-задавака” рэжысёра Уладзіміра ГОЛІКАВА. А вядомы хіт “Дружба” Барыса Савельева быў напісаны адмыслова да анімацыйнай стужкі Марты ЛУБЯНІКАВАЙ “Цімка і Дзімка”, створанай у 1975 годзе. Сёння пра тое ведаюць нямногія, але дзякуючы энтузіязму менавіта гэтых людзей — Уладзіміра Голікава і Марты Лубянікавай — кінастудыя “Беларусьфільм” займела ў свае часы секцыю мультыплікацыі. У 1970-я маладая пара — мастак і гісторык — прыехала ў Мінск, каб пачаць новае жыццё, і ў выніку стала “заснавальніцай” беларускай анімацыйнай школы. Вядомыя мультфільмы “Цімка і Дзімка” ды “Квака-задавака” рабіліся менавіта на студыі “Беларусьфільм”. Пра тое, якім быў золак беларускай анімацыі, карэспандэнт “К” папрасіў распавесці “піянераў” справы. Пра гэта будзе цікава даведацца цяпер, калі айчынная анімацыя заваявала прызнанне ў свеце. Як правіла, яна займае пачэснае месца на адмысловых беларускіх кінафорумах — “Лістападзіку” ды “Анімаёўцы”.

Першыя крокі

— Уладзімір Аляксандравіч, Марта Аляксандраўна, вы прыехалі ў Мінск па запрашэнні?

У.А.: — Так. Можна сказаць, што “хросным бацькам” нашага прыезду ў Беларусь стаў Валерый Зубкоў, які ў той час загадваў цэхам камбінаваных здымак на “Беларусьфільме”. Дзякуючы ягонай падтрымцы мы апынуліся ў Мінску.

Уладзімір Голікаў і Марта Лубяннікава.

— У вас ужо быў пэўны досвед у мультыплікацыі?

У.А.: — У мяне ўжо былі работы на Цэнтральным тэлебачанні Дзяржтэлерадыё СССР. Але да гэтай справы я ішоў праз мастацкую адукацыю ў Сурыкаўскім вучылішчы, потым — праз працу мастака камбінаваных здымак. Працаваў на “Мосфильме”, на кінастудыі імя Максіма Горкага. У мяне быў досвед удзелу ў некалькіх сур’ёзных карцінах, таму калі я прыехаў у Мінск, нараканняў на маю кампетэнтнасць не было. Давер быў поўны.

/i/content/pi/cult/450/9440/7-2.jpeg /i/content/pi/cult/450/9440/7-3.jpeg

— Вам адразу даручылі майстэрню анімацыйнага кіно?

У.А.:  — Да гэтага было яшчэ далёка. Трэба было спачатку запэўніць усіх, што гэтая справа — магчымая. Таму першай карцінай, якой мы заняліся на студыі, стала серыя з цыкла “Карантышкі з Кветкавага горада” — “Нязнайка-паэт”. Яна стваралася па загадзе ТА “Тэлеэкран” — лялечная карціна, на прыкладзе якой мы павінны былі “абкатаць” будучую базу для беларускай студыі мультыплікацыі, скажам так. Сюды былі прывезены лялькі, былі сабраны спецыялісты, — і справа
пачалася.

Засваенне базы

— Вы памятаеце той перыяд?

У.А.: — Выдатна. Можна сказаць, што праца над гэтай стужкай дала жыццё далейшым беларускім мультфільмам. Але тады ўсё выглядала сапраўднай авантурай: ніхто не верыў, што ў нас атрымаецца. Рабіўся фільм ў адмыслова пабудаваным павільёнчыку, і там нашай невялічкай камандай і корпаліся.

М.А.: — Да нас прыязджаў спецыяліст з Масквы, які дапамагаў, што называецца, “ставіць лялькі”. Мы шмат вучыліся, размаўлялі, эксперыментавалі… Імпэту хапала! Памятаю, на той час у нас былі пэўныя праблемы з жытлом, таму даводзілася начаваць у тым павільёнчыку…

У.А.: — Дарэчы, яшчэ адна цікавая дэталь. Наш тагачасны аператар карціны ў вольны ад працы час побач з дэкарыцыямі рабіў сабе яхту. Ён потым паехаў працаваць у Іркуцк, і там, ведаем, спаталіў сваю страсць да падарожжаў. Але гэтая атмасфера — калі ўсё толькі пачыналася — была неверагоднай!

— У выніку “Нязнайка-паэт” даказаў патэнцыял анімацыйнага кіно?

У.А.: — Корпаліся, корпаліся — і дасягнулі поспеху! І калі нашу стужку пабачыў дырэктар кінастудыі, ён папрасіў у цітрах да ТА “Тэлеэкран” уклеіць кадр з назвай “Беларусьфільм”, каб зрабіць прэм’еру ў Мінску. У выніку першы паказ “Нязнайкі-паэта” адбыўся ў сталіцы Беларусі, у кінатэатры “Партызан”, а не ў Маскве. Прэм’ера была, вядома, для сваіх, але пасля прагляду ўсе зразумелі, што тут, на Беларусі, можна рабіць анімацыйнае кіно. Мы атрымалі “дабро” з Масквы — і засталіся ў Мінску.

“Два погляды…” — першы

— Ды ўсё ж: які мультфільм можна лічыць першым беларускім?

У.А.: — “Два погляды на адно і тое ж”. “Нязнайка-паэт” быў зроблены па заказе Цэнтральнага тэлебачання СССР, таму яго можна прапусціць. А вось — дзіўная рэч! — лічы, сацыяльны ролік для ДАІ стаўся першым мульцікам, афіцыйна зробленым на кінастудыі “Беларусьфільм”. Ды і яго запуск — таксама быў неспадзяванкай.

Справа ў тым, што пасля “Нязнайкі…” нам трэба было нешта рабіць далей — запускацца з новай стужкай, — і я вырашыў пайсці ў ДАІ БССР. Прыйшоў наўгад — малады быў, нахабны, — ды прапанаваў ім зрабіць павучальны, але і дасціпны мультфільм пра правілы дарожнага руху. І… атрымаў згоду. Начальнік ДАІ, сімпатычны палкоўнік, адказаў: “А давайце!”. Літаральна цягам месяца мы атрымалі грошы ад інспекцыі, і пачалі працаваць.

— Можна сказаць, што гэта быў, сучаснымі словамі, паспяховы фандрайзінг — удалы пошук спонсарскіх сродкаў…

У.А.: — Так, нешта кшталту гэтага. Майстэрня мультыплікацыі знаходзілася яшчэ на этапе станаўлення, асаблівых заказаў не было — даводзілася варушыцца.

— Фільм вы вырашылі рабіць у тэхніцы перакладкі, так?

У.А.: — Лялькі ж з папярэдняй карціны забралі ў Маскву. І мы падумалі: паспрабуем перакладку. Каб трошкі спрасціць працу, персанажаў і дэкарацыі вырашылі зрабіць з тканіны: асабліва дадатковых умоў у нас не з’явілася. У выніку стужка займела своеасаблівую пластыку.

М.А.: — У той час мы сябравалі з Раманам Абелевічам Качанавым, рэжысёрам мультфільмаў пра Кракадзіла Гену і Чабурашку. Ён стаў адным з гледачоў гатовай стужкі “Два погляды на адно і тое ж”. І прыняў нашы знаходкі, нават ад некаторых сцэн прыйшоў у захапленне: напрыклад, у шпіталі, дзе хворыя варочаюць галовамі. Ды пасля прагляду прапанаваў нам супрацоўніцтва: напісаць сцэнарый для наступнай карціны. Так распачалася ўжо гісторыя наступнай стужкі — “Няўдачнік”.

— Цікава, а што сказалі даішнікі, калі ўбачылі ваш крэатыўны “ролік”?

У.А.: — З імі праблем не ўзнікла: фільм быў прыняты добра. Але, памятаю, была смешная сітуацыя, калі яны прыходзілі на студыю глядзець мультфільм. Супрацоўнікі міліцыі разам з Мартай ішлі па калідоры — і ўсе падумалі, што яе арыштавалі.

— Але потым “адпусцілі”?

У.А. і М.А.: — Нібыта так.

Котка, чарапаха, вожык… — у адной майстэрні

— Уладзімір Аляксандравіч, Марта Аляксандраўна, на каго вам даводзілася раўняцца, калі вы распачыналі працу?

М.А.: — Асноўнымі нашымі настаўнікамі былі, уласна, стужкі “Союзмультфильма”. Разам з Уладзімірам мы шмат часу праводзілі за абмеркаваннем стужак, тэхнік, прыёмаў… Той жа Раман Качанаў з’яўляўся для нас аўтарытэтам, на якога мы раўняліся…

У.А.: — Але шмат намацвалі самастойна, да чагосьці даходзілі самі. Па пэўных тэхнічных прыёмах мультыплікацыя падобная да працы над камбінаванымі здымкамі, таму я пачуваў сябе ў прафесіі камфортна, але, вядома, гэтая справа мае і сваю спецыфіку.

М.А.: — Уладзіміру напачатку даводзілася амаль што чытаць лекцыі мастакам. Бо кожнае звяно адказвае за свой адрэзак працы — і ўсё гэта трэба было паставіць. Ён распрацаваў чарцяжы для мультыплікацыйных станкоў, шмат зрабіў і ў тэхнічным плане, каб майстэрня мультыплікацыі
запрацавала.

У.А: — Сёння ўжо ўсім вядома, што такое анімацыя: можна працаваць з фарбамі, з пяском, з пластылінам, а тады ўсё гэта было ў навінку. Штосьці нават было не прынята, не дазволена.

М.А.: — Даставалі кнігі па мультыплікацыі, вывучалі рух. Памятаю, нават “залезла” ў балет, бо неяк трэба было ўнікнуць у пластыку: як гэтыя рухі ўсе адбываюцца.

У.А.: — Дарэчы, у нас нават быў перыяд, калі ў майстэрні ўтварыўся амаль што заапарк: гэта ўсе мастакі вывучалі паводзіны жывёл, іх звычкі, той жа рух. У выніку ў павільёне жылі котка, чарапаха, кураня, вожык, а потым і хамякі (смяецца).

М.А.: — Так, хамякі, здаецца, з’явіліся пад час працы над “Няўдачнікам”. Што вы думаеце: калі мы працавалі над “Квакам-задавакам”, то таксама назіралі за жабянятамі. А што зробіш: не будзе ведання матэрыялу — гледачы не павераць (смяецца).

І пачаліся канфлікты…

— Адчуваецца, што атмасфера ў майстэрні была сапраўды незабыўнай…

У.А: — Так, але тое было збольшага напачатку. Студыя праходзіла час станаўлення, і ў нас быў шчаслівы перыяд, калі над намі не было начальнікаў. Аднак потым, разам з прыходам мастакоў, рэжысёраў, каманда займела і кіраўнікоў.

— Колькі рэжысёраў-аніматараў працавала ў 70-я на студыі?

У.А.: — Як справа пачала раскручвацца, людзі сталі прыходзіць. Каманда ўтварыліся прыблізна з шасці чалавек: Уладзімір Піменаў, Леанід Шукалюкаў, Уладзімір Пузанаў, Ларыса Зяневіч, Яўген Ларчанка, Марта і я... Нам давалі спачатку рабіць адну частку ў год, потым — дзве. Маецца на ўвазе — два фільмы, чаго, вядома, было недастаткова для такой колькасці творцаў. Да ўсяго, актывізавалася рэдактура, новае начальства. І — пачаліся канфлікты... Менавіта з-за іх вось гэтая першая плеяда рэжысёраў-мультыплікатараў і сышла потым з майстэрні, а хтосьці — нават з’ехаў з Мінска...

— Але вам удалося яшчэ зрабіць і “Кваку-задаваку” — лічы, перадавую стужку па тых часах. А Марта Аляксандраўна стварыла такую цудоўную карціну, як “Цімка і Дзімка”...

У.А.: — Пашчасціла. У маім выпадку сцэнарысты Калядзенка і Шаўня далі мне свабоду, што вельмі важна. Вырашальную ролю адыграў і Эдуард Ханок, які прывеў у маё анімацыйнае кіно “Песняроў”. З Уладзімірам Мулявіным у нас адразу ўтварыўся добры кантакт. Удзел “Песняроў”, музыка Ханка ў карціне — гэтага нельга недаацэньваць. Хацелася ўкласці шмат чаго ў стужку, таму яна атрымалася рытмічнай, нават занадта хуткай для тых часоў.

— Але сёння яна глядзіцца цалкам сучасна…

У.А.: — Прыемна чуць! Але “Квака-задавака” стаўся, лічы, маёй “лебядзінай песняй”: канфлікт з тагачасным кіраўніком майстэрні Алегам Белавусавым дасягнуў сваёй кульмінацыі — і можна сказаць, што наш век у беларускай анімацыі скончыўся.

М.А.: — Мая стужка “Цімка і Дзімка”, нягледзячы на тое, што была прынята вельмі станоўча, не вырашыла сітуацыі, якая склалася. Працу нам паступова перасталі даваць. І мы былі вымушаны сысці…

Але што магу сказаць: зараз вы нас распытваеце пра гэты час, і, побач з непрыемным, узнікае столькі добрых успамінаў!.. Гэта значыць, не ўсё было дарэмным…

— Дзякуй вам вялікі за вашы ўспаміны і за вашу працу!..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Дарэчы

Музей гісторыі беларускага кіно працягвае дэманстрацыю класікі беларускай анімацыі ў рамках праекта “Беларуская мультпанарама. 40 гадоў на экране”. Кожную суботу гледачы маюць магчымасць убачыць падборку з дзесяці фільмаў кінастудыі “Беларусьфільм”, якая прадстаўляе пэўнае дзесяцігоддзе ў гісторыі айчыннай мультыплікацыі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"