Пакліканне сінтагмы

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Мастыхін
“Я жыву днём пазаўчорашнім, учорашнім і, нарэшце, сённяшнім. Даследаванне гістарычнай матрыцы — тэма невычэрпная. Не пра нас сказана, але мы — таксама краіна з непрадказальным мінулым. Мы кажам пра еўрапейскі культурны код і прадчуваем яго арыентаванасць. Мы кажам пра Захад, але маем на ўвазе Усход. Мы кажам пра Усход, але для нас ён — на Поўдні. Траекторыя гістарычнай памяці абумоўлена сённяшнімі чаканнямі і марамі. Я будую свой уяўны горад, горад памяці, горад-поліс як пачатак, як наканаванне…”

/i/content/pi/cult/450/9435/8-2.jpeg

Гэтая філасафічная сентэнцыя жывапісца Уладзіміра Клімушкі апярэджвае экспазіцыю ягонай персанальнай выстаўкі з мудрагелістай назвай “Сінтагмы” ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Аўтар атрымаў прафесійную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, так што класічны рэалізм ён засвоіў у поўнай меры. Пра ягоны прафесіяналізм сведчыць і той факт, што Уладзімір Клімушка з’яўляецца выкладчыкам кафедры жывапісу БДАМ і быў стыпендыятам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Мог бы Клімушка маляваць партрэты і нацюрморты, аднак кожны творца адчувае пакліканне да чагосьці няўцямнага і неакрэсленага. Кожнага летуценніка цягне за небакрай… Вось і Уладзіміра занесла ў рэчышча лінейных ды незваротных сінтагматычных спалучэнняў. На думку аўтара, колер надае сінтагме дадатковую працягласць, памножаную на даўжыню магнітных хваляў.

Ці так гэта на самой справе, глядач можа пабачыць на свае вочы, наведаўшы выстаўку.

На здымках: "Сінтагма" з экспазіцыі выстаўкі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"