Дзве пятыя, “клавы” і “сімка”

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Фестываль
Ажно дзвюма буйнымі беларускімі прэм’ерамі адкрыўся 15 кастрычніка 39-ы Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень”. Што ж мы пачулі?

Найперш, 5-ю сімфонію Вячаслава Кузняцова — таго самага, чыя прэм’ера балета “Вітаўт” пачынала сёлета сезон у Вялікім тэатры Беларусі. Сімфонія (як, дарэчы, і ўся творчасць гэтага кампазітара) аказалася зусім не традыцыйнай — пабудаванай на мяжы розных жанраў ды відаў мастацтваў. І не таму, што ў ёй выкарыстаны хор, бо кірунак харавой сімфоніі даўно ўжо можа лічыцца не толькі пракладзеным, але і замацаваным. Асабіста я назвала б новы твор не проста сімфоніяй, а чымсьці накшталт сімфаслужэння — па аналогіі з богаслужэннем. Гэта не значыць, што ён належыць да духоўнай музыкі, звязанай з рэлігійнымі тэкстамі. Хор выкарыстаны, у асноўным, як дадатковая фанічная фарба: артысты Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі імя Р.Шырмы спяваюць з закрытым ротам, на “а-а-а”, а таксама на такія “нетрадыцыйныя” для вакалізацыі літары, як “з-з-з”, “с-с-с”. Нават адзіная фраза па латыні — і тая патанае ў агульнай санорнай прасторы, дый яе пераклад (“Ад самай калыскі”) пазначаны хіба ў партытуры і не выкладаецца ні ў праграмцы да канцэрта, ні ў аб’яўках вядучай са сцэны.

Уся сімфонія — як подых космасу. Ці агучанай, засяроджанай гармоніі цішыні, дзе Вечнасць раз-пораз выяўляецца і праз хуткаплынныя галасы прыроды — фіярытуры драўляных духавых. Прысутнасць побач з чалавекам (прычым не рамантычным героем аповеду, а самім слухачом) нейкага Божага пачатку, якім напоена паветра і недасяжныя далячыні. Працяглы гук аргана (менавіта гук, а не акорд) быццам адкрывае ўваход у зусім не “чорныя”, а, хутчэй, таямнічыя касмічныя дзіры, у своеасаблівы “часавы партал”, створаны з фарбаў хору ды струнных. І не толькі! Кузняцоў валодае вельмі рэдкім для беларускіх кампазітараў уменнем даваць цэласны, скульптурна маналітны “партрэт” аркестра — патроенага складу вялікага сімфанічнага, не разбіваючы яго на асобныя фарбавыя (чытай: ансамблевыя) спалучэнні. Аддае кампазітар і даніну павагі прызнанаму беларускаму сімфаністу Дзмітрыю Смольскаму, у якога ўжо 15 сімфоній. Кузняцоў выкарыстоўвае ўлюбёны тым інтанацыйны ход, звязаны з манаграмай Смольскага, але — акцэнтуе не першую ноту, а другую. І ўсё змяняецца!

Таму і ўспрымаецца музыка як “сімфаслужэнне” (не блытаць з электроннай “сімказалежнасцю”!) — своеасаблівае прынашэнне Яго Вялікасці Сімфанізму на прынцыпова новым вітку развіцця, не проста “ў сучаснасці”, адлік якой звычайна пачынаюць са стылістыкі ХХ стагоддзя, а ўжо ў ХХІ-м. Зразумець гэта дапамагала яшчэ адна 5-я сімфонія — П.Чайкоўскага. Пастаўленая ў фінал канцэрта, яна... прайгравала ўсяму ранейшаму сімфадзеянню. Не таму, што рускі класік, маўляў, не ўмеў выкарыстоўваць аркестр — якраз наадварот, для гэтага складу ён пісаў так, што ніякім самым “сярэднім” выкананнем гэтую музыку не сапсуеш. Але ж слухаць яе было... сумна-нудна-нецікава. Нашу ўвагу быццам свядома скіроўвалі на цяперашнюю беларускую класіку, што абапіраецца на ўвесь ранейшы еўрапейскі вопыт.

Еднасць даўніны і сучаснасці стала “фішкай” змешчанага паміж дзвюма пятымі сімфоніямі Канцэрта для клавіра з аркестрам Віктара Капыцько. Інтрыга, якую разам з розыгрышам і жартоўнай гульнёй (у тым ліку з аўтацытатамі) так любіць гэты беларускі творца, пачалася ўжо тады, калі на сцэну замест аднаго раяля выкацілі — два, ды яшчэ і клавесін. Салістка Наталля Хрушчова — не проста піяністка, а адначасова музыказнаўца і кампазітар, аспірантка Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі па класе знакамітага Сяргея Сланімскага — перасаджвалася па чарзе за ўсе азначаныя “клавішныя” інструменты. У першай частцы Канцэрта — падрыхтаваны раяль (з гумай паміж струнамі, што стварала эфект “сурдзіны”), у другой, павольнай, — клавесін, у фінале — звыклы раяль, але трактаваны як “ударны інструмент”, што “вызвоньвае-выбівае” простую запамінальную тэму.

Ды ўсё ж галоўнай дзеючай асобай увесь вечар быў Нацыянальны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з народным артыстам Беларусі Аляксандрам Анісімавым. Гэты калектыў разам са сваім знаным кіраўніком раз за разам адкрывае для айчынных ды замежных слухачоў прыгажосць не толькі сусветнай класікі, але і найсучаснай беларускай музыкі, літаральна на нашых вачах даводзячы яе да ўзроўню прызнаных еўрапейскіх шэдэўраў…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"