Галоўнае багацце — людзі

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Кругляншчына
2013-ы — юбілейны для Круглянскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. У альбоме (ёсць друкаваная і электронная версіі) “Дзе розум і душа чэрпаюць сілы” сабраны ўспаміны былых супрацоўнікаў і старэйшых чытачоў пра 75-гадовую гісторыю ўлюбёнай установы.

/i/content/pi/cult/450/9432/11-3.jpeg

Цяпер яна — адна з лепшых у вобласці. Бібліятэка ў ліку першых на Магілёўшчыне прыступіла да ўкаранення аўтаматызацыі. Сёння тут — 15 камп’ютараў, аб’яднаных у лакальную сетку. Фонд — каля 42 тысяч адзінак захоўвання па ўсіх сферах ведаў.

Аднак бібліятэка — гэта не толькі фонды ды інавацыі. Самая вялікая наша каштоўнасць — людзі. Ля вытокаў стварэння ўстановы стаялі Марыя Юр’еўна Фінкінштэйн, Алена Барысаўна Болдзісава, Алена Ісакаўна Бандарэнка… Алена Барысаўна пад час Вялікай Айчыннай вайны стала членам падпольнай арганізацыі і не вярнулася на рабочае месца бібліятэкара, бо за сувязь з партызанамі фашысты яе расстралялі…

Пакаленне сённяшніх бібліятэкараў-прафесіяналаў — каманда аднадумцаў, гатовых шукаць і асвойваць новае. Тычыцца гэта аддзела абслугоўвання і інфармацыі, а таксама — іншых бібліятэчных структур. Больш за 30 відаў дадатковых паслуг з выкарыстаннем камп’ютарнай і капіравальна-размнажальнай тэхнікі прапаноўвае аддзел матэрыяльнага забеспячэння. А ёсць яшчэ аддзелы камплектавання ды апрацоўкі фондаў, бібліятэчнага маркетынгу… І кожны робіць канкрэтны ўнёсак у агульную справу.

Людміла ГАРБАЧОВА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Круглянскай ЦРБ