На хвалі ідэй…

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Мінскі раён
Вакальна-харэаграфічны ансамбль “Сеніца” Сеніцкага цэнтра культуры прыняў удзел у фестывалі “Хваля ідэй”, што прайшоў нядаўна ў балгарскім горадзе Кранева. Фэст сабраў у конкурснай праграме больш чым паўсотні самабытных калектываў самых розных жанраў: фальклорныя гурты, эстрадныя, народныя і акадэмічныя ансамблі.

Салістка “Сеніцы” Кацярына Дукарэц выступіла ў сольным конкурсе (намінацыя “Народны вакал. Салісты”) і атрымала дыплом І ступені. А “Сеніца” стала ўладальнікам спецыяльнага фестывальнага прыза “Залатая хваля”.

Журы адзначыла арыгінальную праграму нашага калектыву: кожны нумар — міні-спектакль, дзе вакал, харэаграфія, тэкст і музыка аб’яднаны ў арганічнае цэлае. Заслуга ў гэтым прыналежыць харэографу Міхаілу Ягораву ды кіраўніку інструментальнай групы Таццяне Ждан. А менавіта такія крэатыўныя творчыя праграмы і вітаюцца ў першую чаргу на “Хвалі ідэй”.

Ларыса КУЗЬМІЧ, мастацкі кіраўнік народнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Сеніца”