Куды, “Верабейкі”, лёталі?

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Любаншчына
Фальклорны гурт “Верабейкі” Любанскага раённага дома культуры прыняў удзел у маладзёжным абмене “Пазнаёмся са сваім суседам”, што адбыўся ў польскім горадзе Кракаў. Арганізатарам абмену выступіў тамтэйшы Комплекс механічных школ № 1.

/i/content/pi/cult/450/9430/11-2.jpeg

Здавалася б, што агульнага маглі знайсці механікі з прадстаўнікамі фальклорнага гурта? Аднак высветлілася, што беларускай і польскай моладзі вельмі лёгка паразумецца. Палякі праз сетку сваіх арганізацый, якія працуюць з Беларуссю, наладзілі кантакт з нашым Рэспубліканскім маладзёжным грамадскім аб’яднаннем “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”, што і прапанавала для ўдзелу ў абмене любанскі фальклорны гурт.

“Верабейкаў” чакаў прыём у гарадской адміністрацыі Кракава. Гурт павітаў віцэ-прэзідэнт горада. На той час у Кракаве выступаў гурт песні і танца Ягелонскага ўніверсітэта “Славянкі”. Яго ўдзельнікі не засвойваюць веды пасіўна — яны ўліваюцца ў маладзёжны фальклорны рух. Адна з удзельніц гурта правяла для “Верабейкаў” майстар-клас па балканскіх танцах…

Нашы юныя артысты і ўдзельнікі гурта “Малы кракус” далі адно для аднаго невялічкія канцэрты ды майстар-класы па харэаграфіі. У беларускай сістэме ўстаноў культуры за аўтэнтычнымі танцамі замацавалася паняцце “побытавыя”, а за сцэнічнымі — “народныя” ці “фальклорныя”. Аднак адрозненне не заўсёды зразумелае і паняцці часта блытаюцца.

Фальклор у Кракаве — паўсюль: на галоўную плошчу Рынак штодня, як на працу, прыходзіць граць невялічкая капэла, апранутая ў кракаўскія рэгіянальныя строі. Прамоўтары распаўсюджваюць улёткі, якія запрашаюць на вечаровыя фольк-шоу ў розных рэстарацыях ды кавярнях горада.

Поўны камплект мясцовага строю можна набыць у шматлікіх крамах, і ён будзе аздоблены ручной вышыўкай па старых узорах — ніякай стылізацыі. У крамах прадаюць штучныя тканіны. Шмат сувеніраў. Для іх вырабу выкарыстоўваюцца матывы выцінанак, народных размалёвак, вышыўкі гладдзю…

Дзе толькі ні танчылі “Верабейкі” пад час культурнага абмену! На кракаўскай плошчы Рынак, на вяршыні гары Губалуўка ў Закапанэ… Завяршэннем культурнага абмену стаў канцэрт з сумесным выкананнем беларускіх традыцыйных танцаў.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці

Фота Сяргея ВЫСКВАРКІ