Розніца паміж “павінна быць” і “ёсць”

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Людміла ДУДАРАВА, Дубровенскі райвыканкам
Дубровенскі раён знакаміты (і не толькі на роднай Віцебшчыне) фестывалем “Дубровенскія галасы...”, што даўно набыў трывалы міжнародны розгалас, традыцыйнымі рамёствамі, якія развіваюцца сістэмна і мэтанакіравана, бібліятэчнымі інавацыямі (менавіта тут адкрыўся, падаецца, першы бібліятэчны “рэстаран” з багатым па спажыўнасці кніжным “меню”) і трывалымі, плённымі сувязямі аддзела і кіраўніцтва райвыканкама… Чытач скажа: “Так павінна быць у кожным аддзеле”. Але паміж “павінна быць” і “ёсць” — велічыня, якой вымяраецца прафесіяналізмам начальніка аддзела.

/i/content/pi/cult/450/9429/13-4.jpeg

— Ідэалогія для нас, натуральна, — справа новая. Тым не менш, унікаем, вучымся, спрабуем. У раёне, да прыкладу, пачалася Грамадска-культурная акцыя “Дарогамі вызваліцеляў” з нагоды вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1943 годзе частка Дубровеншчыны ўжо стала нашай. У вёсцы Баева, якая была вызвалена першай, з гэтай нагоды прайшоў мітынг. Ладзім іх і ў іншых вёсках, захоўваючы храналогію вызвалення апошніх. Безумоўна, — гэта ідэалогія. Безумоўна, такія мерапрыемствы не могуць абысціся без непасрэднага ўдзелу работнікаў культуры, моладзі…

Пачалася падрыхтоўка і да Міжнароднага фестывалю “Дубровенскія галасы ў Дуброўне”. Ён таксама будзе прысвечаны 70-годдзю вызвалення раёна ад фашысцкай навалы.

Як ацаніць ідэалагічную работу? Па выніковасці дзейнасці культурнай сферы. Сумеснымі намаганнямі шукаем цяпер спонсараў для таго, каб зрабіць мемарыяльную дошку ў гонар нашага земляка — мастака Сяргея Заранкі, якому споўнілася б сёлета 195 гадоў.

18 кастрычніка з аншлагам прайшла ў ДК харэаграфічная казка “Бураціна” ў пастаноўцы нашай Дзіцячай школы мастацтваў. 25 кастрычніка святкуем 60-годдзе Дзіцячай бібліятэкі.

Асноўная праблема аддзела — натуральна, фінансаванне. А адсутнасць грошай проста звязвае рукі. Хацелася б давесці да лагічнага завяршэння многія нашы творчыя праекты. Асноўным з іх я лічу рамонт старасвецкага будынка пад краязнаўчы музей. На вялікі жаль, сёлета ўсе грошы, што былі нам выдаткаваны на пачатку года, знялі, не паведаміўшы. А заказчыкам аб’екта з’яўляецца Віцебскае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва… Вельмі хацелася б, каб да 70-годдзя вызвалення Дубровенскага раёна ў раённым цэнтры нарэшце акрылася б музейная ўстанова...

Адкрываць яе ў нейкім іншым будынку я не бачу сэнсу. Мы на гэты конт даўно вызначыліся: музей павінен дзейнічаць у будынку помніка архітэктуры XIX стагоддзя. Але хацелася б, каб яно годна выглядала. Тым больш, што рамонт тут быў калісьці распачаты…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"