Віртуальны свет для рэальнай асветы

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Яўгенія МЯТЛУШКА, вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурна- мемарыяльнага музея Якуба Коласа
Прыцягненне сучаснікаў да культурнай спадчыны — справа важная і неабходная. Таму ў музейнай практыцы Інтэрнэт — дапаможнік ледзь не першага парадку. Прыклад — досвед сталічнай мемарыяльнай установы народнага Песняра.

/i/content/pi/cult/450/9426/13-3.jpeg

1. Агульнае

Шмат намаганняў прыкладаем для таго, каб усе падзеі, мерапрыемствы, новыя праекты музея былі своечасова анансаваны ды адлюстраваны ў он-лайн-прасторы. Што да стасункаў, дык заўсёды заходзім на сайты нашых калег, у першую чаргу — замежных музеяў, таму што іншым разам няма магчымасці наведаць самі ўстановы. Карыстаемся і электроннай поштай: розныя запрашэнні, перапіска, рассылка. Яшчэ праз Сеціва прасцей кантактаваць з прэсай, праглядаць публікацыі, дасылаць інфармацыі аб запланаваных мерапрыемствах.

2. Канкрэтнае

Наш сайт папаўняецца вельмі актыўна: не абмінаем увагай кожную навіну ці мерапрыемства або тыя ж змены ў структуры ўстановы. Напрыклад, рэалізоўвалі музейна-педагагічны праект “Крочым у школу разам з Коласам”, у рамках якога прапанавалі дзецям цікава ды пазнаваўча бавіць час у гасцінным Доме Якуба Коласа. Адразу ж з гэтай нагоды зрабілі вялікі раздзел на сайце, каб кожны наведвальнік здолеў хутка знайсці інфармацыю і фотаздымкі. Акрамя таго, ёсць магчымасць пакідаць водгукі пра дзейнасць установы, даведацца біяграфію Якуба Коласа, паслухаць аўдыязапісы яго голасу — усё гэта змешчана на сайце.

3. Сучаснае

Суполку нашага музея стварылі і ў сацыяльных сетках, дзе таксама шмат патэнцыйных наведвальнікаў. Можа, не кожны будзе спецыяльна шукаць у Інтэрнэце адрас сайта, а старонка ў сацыяльных сетках — быццам бы ўжо ў асяродку чалавечай увагі. Асабліва гэта датычыцца моладзі. Да прыкладу, музей часта ладзіць праект “Кватэрнік у дзядзькі Якуба”, у рамках якога праводзіць імпрэзы, запрашае розныя папулярныя маладзёжныя гурты… Зразумела, інфармацыя пра гэта ў суполцы хутчэй дасягае адрасата: Сеціва дапамагае прыцягнуць больш наведвальнікаў на такія мерапрыемствы.

4. Перспектыўнае

Пад час працы сутыкалася з тым, што іншым разам складана ці ўвогуле немагчыма знайсці сайт пэўнай установы, адшукаць нумар тэлефона, адрас электроннай пошты… Гэта вельмі нязручна. А вось калі быў бы нейкі партал, дзе выкладаюцца пэўныя звесткі пра музеі, стала б прасцей наладжваць кантакты. Адназначна, вельмі зручна было б, калі адзіная сетка аб’ядноўвала б усе музейныя ўстановы не толькі нашай краіны, але і замежжа. Проста і лёгка можна было б абменьвацца думкамі, праектамі, пераймаць досвед калег, ладзіць агульныя мерапрыемствы… Такая думка выказваецца ўжо не ўпершыню, але, магчыма, калі казаць пра гэта часцей, лёд кранецца…

5. Спецыфічнае

Напрыканцы гэтага месяца ладзім “круглы стол”, дзе будуць абмяркоўвацца пытанні захавання культурнай спадчыны і праца мемарыяльнага музея ва ўмовах развіцця новых інфармацыйных тэхналогій. Гэта сапраўды важная тэма. Мемарыяльныя музеі адрозніваюцца ад простых літаратурных або мастацкіх — яны маюць сваю спецыфіку, таму вельмі цікава будзе даведацца, што нашы замежныя калегі робяць для прыцягнення наведвальнікаў, якія ў іх існуюць праекты, ды іншае. Пры пошуку і запрашэнні ўстаноў-удзельніц актыўна выкарыстоўвалі Інтэрнэт: так прасцей атрымаць інфармацыю пра дзейнасць замежных музеяў ды скантактавацца з іх супрацоўнікамі.