Тры коды беларусаў

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Даследчык з Ольдэнбурга — пра нашу мову
Не так даўно ў Мінску адбыўся ХV Міжнародны з’езд славістаў, які сабраў больш за 600 даследчыкаў з 35 краін свету. Некаторыя з замежных вучоных займаюцца пытаннямі развіцця беларускай культуры і мовы. Адзін з іх — кіраўнік камісіі па славянскіх моўных кантактах пры Міжнародным камітэце славістаў, нямецкі вучоны Герд ХЕНТШЭЛЬ — распавёў чытачам “К” пра свае навуковыя напрацоўкі.

/i/content/pi/cult/450/9425/13-1.jpeg

— Я прэзентаваў працу, прысвечаную двухмоўю. Даследаванне праводзілася на базе вывучэння сучаснай моўнай сітуацыі ў Беларусі. Цягам наступнага года мае выйсці з друку кніга, прысвечаная гэтай тэме.

Хачу заўважыць, што падобнае выкарыстанне моў, якое назіраецца ў Беларусі, адбываецца ў розных частках Еўропы. І ў гэтым няма нічога дзіўнага: гэта вынікі міграцыі людзей з вёсак у вялікія гарады. У такой сітуацыі змешваюцца дыялектныя характарыстыкі і элементы дамінуючай стандартнай ці літаратурнай мовы. Паверце, у Германіі таксама назіраюцца такія з’явы. Найбольш яны выяўлены на поўдні краіны. Прыблізна такую ж сітуацыю можна назіраць і ў Італіі. У Беларусі так склалася, што, пры існаванні беларускай літаратурнай мовы, мностве дыялектаў, дамінуе руская літаратурная мова. Іх узаемадзеянне і адбіваецца ў выніку на моўнай сітуацыі.

Увогуле, выбар мовы залежыць ад шматлікіх фактараў. Перш за ўсё — ад эканамічных крытэрыяў. І гэта таксама трэба ўлічваць. Так званая трасянка сёння для першага пакалення яе носьбітаў — ужо не другі, а нават трэці код, калі казаць прасцей — трэцяя мова. У выніку спецыялісты прыходзяць да высновы: у Беларусі — не двухмоўе, а трохмоўе. Ёсць людзі, якія выкарыстоўваюць адразу тры коды: беларускі, рускі і “трасянку”.

— Шматлікія навукоўцы ў выступленнях заўважалі, што славістыка на дадзеным этапе адчувае пэўныя цяжкасці…

— Гэта праблема не толькі славістыкі, а і ўсіх філалагічных прадметаў. Хтосьці кажа пра крызіс, але я не бачу, каб у нас былі нейкія спецыфічныя, незвычайныя праблемы. Пагаджуся: эканамічны крызіс — рэальнасць сённяшняга дня. Ён даўся ў знакі перш за ўсё ў такіх навуках, як філалогія, гісторыя, — натуральныя навукі стаяць на нагах мацней. У Германіі крызісныя з’явы не так моцна адчуваюцца. Але ў іншых краінах яны, насамрэч, — значная праблема. Ды тое праблема не толькі славістыкі. Крызісу ў гэтым сэнсе ў нас няма: навука развіваецца. З’яўляюцца новыя выклікі і праблемы, якія неабходна вырашаць. Многія славісты лічаць, што варта змяніць фармат з’ездаў. Такія маштабныя форумы даюць, так бы мовіць, празмернасць магчымасцей. Скажам, колькі можна праслухаць дакладаў у дзень? Шчыра кажучы, фізічна складана слухаць сем-восем дакладаў па 20 хвілін. Гэта зашмат. Разам з тым, хачу падкрэсліць, што навуковыя кантакты ў нашай сферы — вельмі важныя. Вядома, сёння можна знайсці ў Інтэрнэце ўсё, што вас цікавіць, можна звязацца праз Сеціва. Але гэта не замяняе прамыя кантакты, жывыя зносіны.

— Як развіваецца беларусістыка ў Германіі? Наколькі яна папулярная?

— Гістарычна склалася так, што ў Германіі ўніверсітэты знаходзяцца ў маленькіх гарадах. Першы нямецкі ўніверсітэт быў адкрыты ў Гейдэльбергу. Затым такія навучальныя ўстановы з’явіліся ў Цюбінгу, Марбургу, Гецінгене ды іншых невялікіх мястэчках. Універсітэты ў вялікіх германскіх гарадах — з’ява даволі новая. Берлін, Мюнхен і г. д. — гэта ўжо ХІХ стагоддзе. Я выкладаю ва ўніверсітэце невялікага горада Ольдэнбурга, які знаходзіцца паміж мяжой з Галандыяй і горадам Брэменам. У нас вучыцца 12 000 студэнтаў. На аддзяленні славістыкі пастаянна займаецца 150 чалавек. Гэта сведчыць, падкрэсліваю, пра пастаянную цікавасць да прадмета вывучэння.

У цэлым у Германіі беларусістыкай займаюцца ў чатырох ВНУ. Цікавасць уяўляюць практычныя заняткі па беларускай мове. На З’ездзе славістаў у Мінску ад нашага ўніверсітэта прысутнічалі шэсць навукоўцаў, якія прэзентавалі працы аб цікавых аспектах беларускай мовы. Беларусістыка ў Ольдэнбургу дастаткова добра развітая: вядзецца нямала даследаванняў, шмат напісана цікавых прац. Да таго ж, у нас добрае і плённае супрацоўніцтва з беларускімі калегамі.

Да слова, я цягам васямнаццаці гадоў займаюся даследаваннем беларускай і ўкраінскай моў. Дапамагаю студэнтам у тонкасцях чытання беларускай мастацкай і навуковай літаратуры ў арыгінале. Вывучаю сучасныя моўныя працэсы, якія маюць месца ў Беларусі.

— Колькі разоў вы наведвалі нашу краіну, Мінск? Не магу не пацікавіцца і пра вашы ўражанні…

— У Мінску я — у пятнаццаты раз. Спадзяюся, не апошні. Мяне з вашай краінай, з Мінскам лучаць не толькі навуковыя справы. Вельмі шчаслівы, што ў мяне тут — даволі шырокае кола сяброў. Я гэта вельмі цаню. Мару ў маі наступнага года ў чарговы раз прыляцець у Мінск. Але акрамя навуковых клопатаў, мне хочацца пабываць на Чэмпіянаце свету па хакеі. Яшчэ дзіцем захапіўся хакеем, гуляў на, можна сказаць, вясковым узроўні. Пры гэтым, ніколі ў жыцці не бачыў ніводнай афіцыйнай сустрэчы нацыянальных зборных па хакеі... Як жа адмовіцца ад такой выдатнай магчымасці ўбачыць падобнае свята спорту!..

Наталля КІРПІЧЭНКАВА