“Кніга. Асоба. Час...”

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка з фондаў аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў “Кніга. Асоба. Час...”. Экспазіцыя аб’яднала імёны асоб, юбілеі якіх знамянальныя для нашай краіны: 140-годдзе з дня нараджэння Івана Замоціна — літаратуразнаўцы, пісьменніка, палітычнага дзеяча, акадэміка Акадэміі навук Беларусі; 135-годдзе Уладзіміра Пічэты — гісторыка, акадэміка Акадэміі навук Беларусі, акадэміка Акадэміі навук СССР, першага рэктара БДУ; 130-годдзе Вацлава Ластоўскага — гісторыка, пісьменніка, палітычнага дзеяча, акадэміка Акадэміі навук Беларусі; 130-годдзе Язэпа Лёсіка — мовазнаўцы, педагога, палітычнага і грамадскага дзеяча, акадэміка Акадэміі навук Беларусі.

Спадчына навукоўцаў з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнага здабытку нашага народа, яна ўвайшла ў скарбонку сусветнай гісторыі і культуры. Рэтраспектыва экспазіцыі дае магчымасць не толькі адзначыць вялікі ўклад вядомых дзеячаў у гісторыю краіны — яна дапамагае асэнсаваць уплыў асобы на развіццё навукі, грамадства, дзяржавы.

Многія выданні, прадстаўленыя на выстаўцы, выйшлі пры жыцці аўтараў. Даследаванні па гісторыі, літаратуразнаўстве, мовазнаўстве датуюцца 20 — 30-мі гадамі ХХ стагоддзя. Працы І.Замоціна, У.Пічэты, В.Ластоўскага, Я.Лёсіка прыцягваюць увагу не толькі даследчыкаў і навукоўцаў, аб чым сведчаць перавыданні кніг аўтараў. “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” (Коўна, 1926 г.), у якой Вацлаў Ластоўскі зрабіў агляд беларускага пісьменства ад канца Х стагоддзя да ХVIII стагоддзя ўключна, выйшла факсімільна ў 2012-м (Мінск). Арыгінал гэтага выдання, а таксама іншыя працы аўтараў, што адлюстроўваюць жыццё беларускай навукі і грамадства ў 1920 — 30-я гг., можна ўбачыць на выстаўцы “Кніга. Асоба. Час...” да 30 кастрычніка.

Святлана ПАЎЛАВІЦКАЯ, галоўны бібліятэкар аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь