Спадчына навукоўцаў з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнага здабытку нашага народа, яна ўвайшла ў скарбонку сусветнай гісторыі і культуры. Рэтраспектыва экспазіцыі дае магчымасць не толькі адзначыць вялікі ўклад вядомых дзеячаў у гісторыю краіны — яна дапамагае асэнсаваць уплыў асобы на развіццё навукі, грамадства, дзяржавы.
Многія выданні, прадстаўленыя на выстаўцы, выйшлі пры жыцці аўтараў. Даследаванні па гісторыі, літаратуразнаўстве, мовазнаўстве датуюцца 20 — 30-мі гадамі ХХ стагоддзя. Працы І.Замоціна, У.Пічэты, В.Ластоўскага, Я.Лёсіка прыцягваюць увагу не толькі даследчыкаў і навукоўцаў, аб чым сведчаць перавыданні кніг аўтараў. “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” (Коўна, 1926 г.), у якой Вацлаў Ластоўскі зрабіў агляд беларускага пісьменства ад канца Х стагоддзя да ХVIII стагоддзя ўключна, выйшла факсімільна ў 2012-м (Мінск). Арыгінал гэтага выдання, а таксама іншыя працы аўтараў, што адлюстроўваюць жыццё беларускай навукі і грамадства ў 1920 — 30-я гг., можна ўбачыць на выстаўцы “Кніга. Асоба. Час...” да 30 кастрычніка.
Святлана ПАЎЛАВІЦКАЯ, галоўны бібліятэкар аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь