Неверагодныя прыгоды ашмянскага Монтэ-Крыста + усе артыкулы цыкла

№ 42 (1116) 19.10.2013 - 25.10.2013 г

Зігмунд Мінейка: паміж Беларуссю і Грэцыяй
…Але запаветнай марай Мінейкі было арганізаваць у Грэцыю экспедыцыю землякоў-археолагаў. Ён верыў, што адкрыццём антычнай Дадоны старажытныя скарбы аніяк не вычэрпваюцца. Забягаючы наперад, скажу, што праз гады Зігмунд падрабязна распрацаваў горны маршрут, які мусіў прывесці яго да легендарнай сталіцы цара Пірра. Пірр — таленавіты палкаводзец, уладар Эпіра і Македоніі, быў стрыечным пляменнікам і, у той жа час, траюрадным братам Аляксандра Македонскага (яго бацька — стрыечны брат і пляменнік Алімпіяды — маці Аляксандра). І пасля царавання Пірра, па перакананні Зігмунда, шмат чаго магло застацца ў старажытнай глебе…

(Заканчэнне. Пачатак у № 35 — 41.)

Мінейка пісаў лісты ў розныя міністэрствы буржуазнай Польшчы і буйныя навуковыя ўстановы з просьбай хутчэй прыслаць дасведчаных спецыялістаў — знаўцаў антычнага свету, бо будучыя знаходкі часоў Пірра, на ягоны погляд, з лішкам акупяць сціплыя выдаткі. Ды пераадолець абыякавасць высокіх чыноўнікаў Зігмунду было не пад сілу...

/i/content/pi/cult/450/9421/15-1.jpeg

Але вернемся назад. У 1880-м Мінейка нарэшце вырашыў пасталець: ажаніўся з красуняй-грачанкай Празарпінай Манарыс — дачкой дырэктара гімназіі горада Яніна. У тым жа годзе, займаючы пасаду галоўнага інжынера правінцый Эпір і Фесалія, апублікаваў этналагічную карту Эпіра. Пазней узначаліў Дэпартамент публічных работ у Афінах і распачаў праектаванне, будаўніцтва ды аднаўленне многіх спартыўных аб’ектаў для Першых Алімпійскіх гульняў сучаснасці. У прыватнасці, Мінейка ўзяў пад сваё крыло рэстаўрацыю Мармуровага стадыёна “Панатынаікос” з 50 гарызантальных мармуровых радоў на 60 тысяч чалавек, і ў сярэдзіне 1890-х бліскуча скончыў гэтую справу. Працаваў разам з архітэктарамі А.Метаксасам і Э.Зілерам. Дарэчы, стадыён быў узведзены яшчэ ў 329 г. да н.э., але яго рэшткі выявілі толькі ў сярэдзіне XIX ст. Гэты стадыён, размешчаны ў раёне Калімармара, на ўсход ад Кангрэс-хола Запеён і Нацыянальнага саду, — адзіны ў свеце, пабудаваны з унікальнага белага пантэліконскага мармуру.

Больш за тое: у дні спаборніцтваў Зігмунд Мінейка ператварыўся з інжынера ў сапраўднага спартыўнага журналіста і рэпарцёра. Пісаў рэпартажы для кракаўскіх газет “Czas”, “Dziennik Polski”, а таксама для львоўскай прэсы. Выступаў і на палітычныя тэмы, выкрываючы злоўжыванне туркаў у адносінах да грэчаскага насельніцтва. Калі ж успыхнула чарговае паўстанне супраць туркаў на востраве Крыт, Мінейка як прафесійны ваенны быў запатрабаваны грэчаскім камандаваннем і стаў працаваць у Генеральным штабе, так ці інакш паскорыўшы ў 1898 г. уз’яднанне Крыта з Грэцыяй. Гэты поспех, канешне ж, быў звязаны з імем правадыра лібералаў — Прэм’ер-міністра Элефтэрыёса Венізелоса, прыхільнікам якога быў малады таленавіты палітык, будучы Прэм’ер-міністр Георгіяс Папандрэу, што стаў мужам Сафіі, дачкі Зігмунда.

/i/content/pi/cult/450/9421/15-2.jpeg /i/content/pi/cult/450/9421/15-3.jpeg

Ледзь не забыў: жонка Зігмунда Мінейкі Празерпіна нарадзіла сына Станіслава і тры дачкі, адна з якіх і была тая самая Сафія, маці яшчэ аднаго Прэм’ер-міністра Грэцыі Андрэаса Папандрэу. Такім чынам, ад Зігмунда і Празерпіны Мінейкаў, Сафіі ды Георгіяса Папандрэу і пайшоў знакаміты грэчаска-беларуска-польскі род. А што да Станіслава, то, на жаль, ягоная біяграфія абарвалася рана. Ён стаў урачом і здольным паэтам, але памёр у 1924-м, на год раней за бацьку, заразіўшыся пры аглядзе хворых…

Так здарылася, што ў 1897-м туркі разграмілі грэчаскую армію. Праз пятнаццаць гадоў грэкі зрабілі высновы з паражэння і ўмацавалі новую 60-тысячную армію з дапамогай французскіх інструктараў. Але асноўная стратэгічная і тактычная місія ў падрыхтоўцы ваенных дзеянняў лягла, ізноў жа, на фартыфікатара Зігмунда Мінейку.

24 кастрычніка 1912-га грэкі разам з сербамі, балгарамі ды чарнагорцамі выйгралі ў туркаў бой і пераследавалі праціўніка да магутна ўмацаванай крэпасці Яніна (вобласць Эпір) на беразе возера Памвоціда, якую асадзілі з трох бакоў. А пакуль ішла марудная асада, галоўныя сілы былі скіраваны на македонскія Салонікі. Вось тут і спатрэбіўся ваенна-інжынерны талент Мінейкі. Па распрацаваным ім плане турэцкі гарнізон Салонік, які ў два разы перавышаў наступаючых грэкаў, тым не менш, ганебна капітуляваў. Такім чынам горад быў вызвалены пасля 500 гадоў Асманскага панавання. Праз чатыры месяцы асады, у пачатку сакавіка 1913-га, таксама адпаведна ваенна-інжынернаму плану Мінейкі, была ўзята і крэпасць Яніна з 30-тысячным гарнізонам.

Дзіўна, але заслуга перамогі была цалкам прыпісана прынцу Канстанцінасу, які 18 сакавіка 1913 г. стаў грэчаскім каралём пасля забойства ў Салоніках бацькі Георга I. Менавіта ён ўласнаручна завізаваў Мінейкавы план штурму крэпасці. Толькі пасля выгнання з краіны гэтага караля-германафіла на судовым працэсе было ўстаноўлена, хто па-сапраўднаму распрацаваў пераможны стратэгічны план.

Справядлівасць перамагла: за выдатны ўклад у ваенныя аперацыі супраць туркаў Мінейка атрымаў самую высокую ўзнагароду Грэцыі — Залаты Крыж Заслугі, а парламент краіны надаў яму тытул Ганаровага грамадзяніна гэтай краіны. Уяўляю дзіўную карціну: два найвышэйшыя ордэны на грудзях Мінейкі: грэчаскі і... турэцкі!

Прыкладна ў гэты ж час, а магчыма, і раней, Мінейка стаў масонам, членам ложы Вялікага Усходу Грэцыі, Францыі, Італіі і належыў так званаму Вышэйшаму Савету Грэцыі масонскіх старых і прынятых шатландскіх абрадаў. Падрабязнасцей прабывання Зігмунда ў масонскай ложы, зразумела, не ведаю. Ведаю толькі, што на яго пахаванне — 28 — 29 снежня 1925 года — у Афіны прыбылі тысячы масонаў з розных краін. Але пра гэтую старонку ягонай біяграфіі практычна ніхто з пішучай браціі не ўзгадвае...

Сваю радзіму Мінейка, ужо будучы грамадзянінам Грэцыі, пасля доўгай разлукі наведаў разам з жонкай упершыню ў 1911 годзе. У 1905-м яму тое зрабіць не ўдалося, а цяпер ён змог паглядзець свае родныя Балванішкі, Ашмяны, Гальшаны “ды іншыя месцы ўпадабаных успамінаў”, пабываў і ў Вільні. За гэтую паездку быў удзячны грэчаскай каралеве Вользе, якая дамаглася ад сваяка Мікалая II адпаведнага дазволу.

Вялікая княгіня Вольга Канстанцінаўна Раманава, дачка генерал-адмірала Рускага флоту, вялікага князя Канстанціна Мікалаевіча і вялікай княгіні Аляксандры Іосіфаўны, пляменніца Аляксандра II, унучка Мікалая I і бабка Філіпа Эдынбургскага (мужа цяперашняй брытанскай каралевы Елізаветы II), стала каралевай Грэцыі ў 1867 г. А мужам яе быў грэчаскі кароль Георг I, брат імператрыцы Марыі Фёдараўны, маці Мікалая II. Вось такі складаны расклад у царуючай дынастыі Раманавых.

Землякі, канешне ж, аказвалі Зігмунду сардэчны прыём, але вось з царскімі ўладамі адносіны хутка сталі напружанымі. Нават пайшлі чуткі аб магчымым арышце Мінейкі. А справа абстаяла так. Віленскі губернатар Дзмітрый Любімаў прапанаваў Зігмунду не вяртацца ў Грэцыю, а застацца жыць на радзіме. Але для гэтага патрэбна было зрабіць самую дробязь: толькі напісаць заяву, у якой — адмовіцца ад сваіх мінулых ліберальных поглядаў ды прысягнуць верай і праўдай служыць расійскаму цару. На гэтым таксама настойваў і паліцэйскі начальнік Ашмян — нехта Смірноў. “Я зразумеў, — пісаў Зігмунд Станіслававіч, — што іх мэтай было зрабіць мяне прадажнікам. Але ніяк не мог здрадзіць тым сваім ідэалам, якім прысвяціў усё свае жыццё. Калі я з жонкай з’язджаў са сваёй любімай краіны, баяўся арышту на мяжы. Але, відаць, улада не жадала сур’ёзнага скандалу з боку замежных краін: нас выпусцілі...”

І тым не менш, настальгія па малой радзіме ў Зігмунда была такая моцная, што, нягледзячы на пажылы ўзрост (82 гады!), восенню 1922-га ён яшчэ раз, апошні, прыехаў у Ашмяны, якія ў якасці цэнтра павета Віленскага ваяводства толькі што ўвайшлі ў склад буржуазнай Польшчы. Стары прыехаў, устаў на калені ды пацалаваў зямлю сваіх продкаў… І сказаў, што ў ягонай памяці зноў ажылі вобразы, якія “ўжо пачалі пакрывацца змрокамі мінулага”. Кажуць, ён марыў быць пахаваным на радзіме, але супакоіўся ў старажытнай зямлі Элады, дзе правёў большую частку свайго жыцця...

Аднойчы Мінейка напісаў: “Я ніколі не страчваў веры ў сваіх суайчыннікаў...”. І як добрую памяць па сабе пакінуў Віленскаму ўніверсітэту некаторыя свае навуковыя працы ды калекцыю старажытных манет, а польскай Ягелонскай бібліятэцы — 50 тамоў рукапісаў. Таксама паспеў атрымаць званне ганаровага доктара Львоўскага ўніверсітэта.

Апавяданне маё падыходзіць да канца. Што яшчэ дадаць? Мінейка памёр ва ўзросце 85 гадоў. І чым вызначыць яго месца ў нашай культурна-сацыяльнай прасторы? Гэта яшчэ, дарэчы, трэба будзе зрабіць, бо з усіх дзеячаў падобнага роду, для якіх свабода заўсёды была на першым месцы, Мінейка не ўвесь вядомы і не ўвесь адкрыты. Адных ягоных рукапісаў засталося ў чужых краінах тысячы старонак. Такім чынам, Мінейка яшчэ чакае нас наперадзе...

У 1990 г. Георгіяс Папандрэу, той самы праўнук Зігмунда, заявіў карэспандэнту ТАСС: “Паведамленне друку аб тым, што дзед майго бацькі нарадзіўся ў Беларусі, выклікала ў нашай сям’і вялікую цікавасць. Для нас як бы адкрыліся дверы ў новы свет. Гэта, канешне ж, не толькі гісторыя нашай сям’і, а і яшчэ адно яркае сведчанне таго, што Еўропа — наш агульны дом…”

Магчыма, гэтыя думкі і падахвоцілі яго напісаць той самы ліст у Мінск — мастаку Уладзіміру Мінейку. Дарэчы, аказваецца, быў яшчэ адзін кароткі ліст на імя Уладзіміра Андрэевіча (Мінск, вул. Камуністычная, 2) з запрашэннем наведаць Грэцыю. Але, на жаль, ён прыйшоў праз тры гады пасля смерці мастака…

Памятаеце? Вяртаючыся на востраў Монтэ-Крыста, вязень замка Іф і парыжскі анёл помсты Эдмон Дантэс пакінуў маладым Максіміліяну і Валянціне ліст, які гучаў і як споведзь, і як наказ двум чыстым сэрцам: “У свеце няма ні шчасця, ні няшчасця. Усё спазнаецца ў параўнанні. Толькі той, хто бязмерна пакутаваў, здольны зведаць асалоду. Трэба адчуць смак смерці, каб з задавальненнем спазнаваць жыццё. Уся прамудрасць — у двух словах: чакаць і спадзявацца!..”

Думаю, пад гэтымі словамі мог падпісацца і Зігмунд Мінейка. Вось такі ён быў, наш паўзабыты нястрымны зямляк, чалавек з “тысячай абліччаў”, асоба, якая прамільгнула ў небе яркім метэорам, каб асвятліць нашу дзіравую памяць...

Чытайце таксама папярэднія часткі матэрыяла пра Зігмунда Мінейку:
Частка І, Частка ІІ, Частка ІІІ, Частка ІV, Частка V, Частка VI, Частка VII.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"