У цэнтры ўвагі — дзеці!

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Бяспека жыцця
З мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы траўматызму і гібелі дзяцей ад пажараў з прычыны пакідання іх без нагляду ў рэспубліцы прайшла прафілактычная акцыя “У цэнтры ўвагі — дзеці!”. Яна праводзілася з 20 жніўня па 30 верасня ў тры этапы. У ёй прымалі ўдзел актывісты аддзяленняў Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, члены Клуба юных ратавальнікаў-пажарных, супрацоўнікі арганізацый па надзвычайных сітуацыях ды іншыя зацікаўленыя ведамствы.

У буйных гандлёвых цэнтрах ды іншых аб’ектах гандлю актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных раздавалі пакупнікам наглядна-выяўленчую прадукцыю: памяткі і календары. З дапамогай работы радыёвузлоў, плазменных экранаў на аб’ектах гандлю наведвальнікам даводзілі інфармацыю аб ходзе акцыі, аператыўным становішчы ў рэспубліцы, асноўных прычынах узнікнення пажараў ды іншых надзвычайных сітуацыях з удзелам дзяцей.

У агульнаадукацыйных установах на школьных лінейках і класных гадзінах супрацоўнікі МНС праводзілі з дзецьмі прафілактычныя гутаркі па папярэджанні надзвычайных сітуацый, разглядалі асноўныя прычыны ўзнікнення пажараў, алгарытм дзеянняў у экстрэмальных сітуацыях. У ходзе мерапрыемства ладзілі віктарыны, конкурсы, а таксама дэманстрацыю навучальных відэафільмаў, распаўсюджвалі наглядна-выяўленчую прадукцыю. Ну а завяршылася яно агульнашкольнай вучэбнай эвакуацыяй. У школах і гімназіях, дзе створаны профільныя класы МНС, быў арганізаваны паказ пажарнай і аварыйна-выратавальнай тэхнікі.

30 верасня акцыя завяршылася ў дашкольных установах. Для дзяцей былі арганізаваны тэатралізаваныя паказы і дэманстрацыя тэматычных навучальных мультфільмаў, для бацькоў праводзіліся прафілактычныя гутаркі і дэманстрацыя відэафільмаў, а для педагагічнага складу — навучальныя інструктажы.

На жаль, многія думаюць, што ў паўсядзённым, размераным жыцці з ім бяда не адбудзецца. А гэта далёка не так. У цяжкую хвіліну веды таго, як правільна і хутка дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі, неабходныя для кожнага з нас.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска