Прэзентацыя

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Сталічнае творчае аб’яднанне “Арцель” выправілася на сустрэчу з публікай у Гомель. Там у шыкоўных залах Палаца Румянцавых і Паскевічаў адкрылася выстаўка пад інтрыгуючай назвай “Час кахання”. Выстаўка, паводле задумы ўдзельнікаў, мусіць сцвердзіць тэзу, што “каханне” — гэта не толькі сінонім паняццяў “юнацтва” і “маладосць”. Каханне — гэта пазачасавы стан душы, яно надае сэнс чалавечаму існаванню, а для прыроды з’яўляецца “вечным рухавіком”.

/i/content/pi/cult/449/9415/9-3.jpeg

“Арцель” аб’ядноўвае мастакоў розных творчых менталітэтаў і, адпаведна, розных эстэтычных прыхільнасцяў. На выстаўках, якія ладзіць суполка, можна сустрэцца з рамантычнымі палотнамі Рыгора Несцерава, іранічнымі показкамі Валянціна Губарава, містыкай Уладзіміра Ганчарука, лірыкай Васіля Касцючэнкі… Згаданыя, а таксама іншыя мастакі суполкі ўдзельнічаюць і ў гомельскай выстаўцы. Мне нават цяжка ўявіць, як такія розныя творцы могуць працаваць над адной зададзенай тэмай. Праўда, у дадзеным выпадку тэма — шматпланавая і неабсяжная, як і само Каханне…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"