Моцарт-2: цяпер і ў балеце

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Бамонд. Опера, балет: беларусы на фестывальнай “машыне часу”
Не паспела музычная грамадскасць супакоіцца пасля прэм’еры моцартаўскай аднаактовай оперы “Дырэктар тэатра” (гл. “К” № 40), як наш Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр прапанаваў моцартаўскі аднаактовы балет — “Шэсць танцаў”, сапраўдную перліну культавага харэографа сучаснасці Іржы Кіліяна.

Моцарт, вядома, такога балета не пісаў. Сусветна знакаміты чэшскі пастаноўшчык, які заснаваў свой уласны тэатр у Нідэрландах, паклаў у аснову спектакля яго “Нямецкія танцы”, акантаваныя рокатам літаўраў і смакам тэатральнага закулісся. Дый у самім балеце можна ўбачыць і пародыю на оперна-балетныя штампы галантнага веку, і гуллівыя кпіны з самога тэатральнага жыцця. Але наўрад ці трэба шукаць у пастаноўцы традыцыйны “завершаны” сюжэт з завязкай, развіццём, кульмінацыяй ды развязкай. Гэта быццам бы асобныя “сцэнкі”, якія, нібы фрагменты вытанчанай мазаікі, складаюцца ў агульную “карцінку”, што можа даваць палёт самым разнастайным фантазіям.

/i/content/pi/cult/449/9414/9-1.jpeg

Такая пастаноўка, зразумела, ажыццяўлялася па ліцэнзіі. Да нас прыехала цэлая творчая група з Нідэрландаў на чале з Шырлі Эсенбум, якая амаль 15 гадоў танцавала ў трупе Кіліяна і зараз з’яўляецца яго асістэнтам. Але ж, пры ўсёй дакладнасці ў набліжэнні да першакрыніцы, на спектаклі не маглі не адбіцца і некаторыя нацыянальныя асаблівасці беларускай ментальнасці. Беларускасць выявілася ў разуменні артыстамі (і, адпаведна, гледачамі) самой сутнасці і эстэтыкі гэтага балета. Нават Шырлі заўважыла, што нашы артысткі часцей былі занепакоены тым, ці прыгожа яны выглядаюць на сцэне, хаця ў дадзеным балеце яны, на яе думку, павінны выглядаць як мага горш.

У гэтым сэнсе больш адпаведным задуме харэографа стаў прэм’ерны склад балета, дзе Юлія Дзятко, Таццяна Падабедава, Наталля Рабцава і Надзея Філіпава стваралі папраўдзе парадыйныя мізансцэны, блізкія да класічных еўрапейскіх шаржаў. А вось Людміла Кудраўцава, Валерыя Вапнярская, Аляксандра Чыжык і Іжэна Квашына набліжалі ўсё тыя ж самыя рухі да большай мяккасці, “спагадлівасці”, тонкай грацыёзнасці, прапаноўваючы не столькі пародыю, колькі гульню ў яе. І, як ні дзіўна, гэтая версія здавалася больш блізкай асаблівасцям нацыянальнага гумару ды, шырэй, характару. Цікава, але гэтыя асаблівасці двух складаў інтуітыўна адбіваюцца і ў музыцы.

/i/content/pi/cult/449/9414/9-2.jpeg

Галоўны дырыжор нашага Вялікага тэатра Віктар Пласкіна родам з Закарпацця, якое ў далёкія часы ўваходзіла ў склад Аўстрыйскай імперыі. Дый у самім Львове працавала шмат музыкантаў з Вены, тут жыў нават сын Моцарта Франц Ксавер, які зрабіў значны ўнёсак у развіццё тамтэйшай культуры. Наш аркестр і сапраўды грае Моцарта “па-венску”, але… Калі на сцэну выходзіць больш “мадэрновы” склад танцоўшчыкаў, дык нават уверцюра з оперы “Выкраданне з сераля”, што папярэднічае ўласна “Шасці танцам”, гучыць больш жорстка, нават крыху агрэсіўна.

Сам Кіліян прысутнічаць на прэм’еры не змог, але даслаў прывітальную тэлеграму. Вельмі задаволена работай з нашымі артыстамі была Шырлі, бо ёй не так часта даводзіцца працаваць з тымі, хто мае такую добрую класічную падрыхтоўку: гэты балет яна неаднаразова ставіла на артыстаў, больш спрактыкаваных у мадэрне. Але ж самае галоўнае — у тым, што, хутчэй за ўсё, наша супрацоўніцтва з Нідэрландскім балетным тэатрам будзе працягнута: кантакты з ім замацаваліся праз спадарыню Эсенбум. Дый Кіліян, як высветлілася, мае відавочныя беларускія карані: ягоная маці, кажуць, была са Смілавічаў…

На здымках: сцэны з балета "Шэсць танцаў".

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"