Акцэнт на сутнаснае

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Мастыхін
Не так даўно віцебскаму мастаку Алегу Скавародку споўнілася 65 гадоў. Юбілейную дату ён адзначыў персанальнай выстаўкай у мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

На ягоным творчым рахунку ўдзел у амаль двух дзясятках выставак — абласных, рэспубліканскіх, міжнародных. Яго работы знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі. Можна сказаць, што як мастак Алег Скавародка зрабіў някепскую кар’еру. Ён, відавочна, мае ўласную аўдыторыю, якая сочыць за ягонай творчасцю і прыхільна прымае новыя работы, яго палотнамі цікавяцца калекцыянеры. Зрэшты, чалавек займаецца любімай справай, а гэта дарагога каштуе! Жыццё Алега Скавародкі ў мастацтве падцвярджае вядомую ісціну: зыходна талент — здольнасць, але сутнасна — карпатлівая праца. А вынік працы — уласны почырк, які вылучае творцу з шэрагу спрактыкаваных рамеснікаў…

/i/content/pi/cult/449/9413/8-4.jpeg

Назва выстаўкі “Жывапіс. Паэзія колеру”, на маю думку, не раскрывае глыбіннага зместу творчасці Алега Скавародкі, сутнасці ягоных карцін. Для яго колер — сродак, але не мэта. Працаваць з фарбай жывапісец умее, гэта бачна адразу. Але, у адрозненне ад прыхільнікаў нефігуратыўнага мастацтва, ні колер, ні форма не ўяўляюць для яго самадастатковай каштоўнасці. Паводле амплуа Скавародка — партрэтыст, бытапісец.

Карціны ягоныя маюць сюжэт, героі — характар. Ён малюе тое, што ведае, што адпавядае ягонаму разуменню жыццёвых каштоўнасцей. Цікава, што пры наяўнасці рэалій, па якіх можна пры жаданні нават вылічыць год напісання палатна, карціны Алега Скавародкі ўспрымаюцца прыпавесцямі пазачасавага зместу. Мастак дасягае гэтага праз спецыфічную, далёкую ад фатаграфізму, выяўленчую мову, што дазваляе не засяроджвацца на дробязях, але канцэнтраваць увагу на сутнасным.

Глядзіш на ягоны жывапіс — пазнаеш знаёмыя рэаліі, а думаеш пра сваё, бо, па вялікім рахунку, усіх людзей адно і тое ж турбуе, баліць, і ў радасць — адно і тое ж. Не кожны мастак здольны выклікаць гледача на сумоўе. Алег Скавародка гэтай якасцю валодае.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"