Хто гасцюе ў Башмета?

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Фестываль
Сёння сольным канцэртам сусветна знакамітага скрыпача Максіма Венгерава ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі завяршаецца VIII Міжнародны фестываль Юрыя Башмета (гл. таксама “К” №№ 39, 40). У якасці канцэртмайстра выступіць мастацкі кіраўнік гэтага форуму, сустаршыня Рэспубліканскага аргкамітэта, лаўрэат міжнародных конкурсаў Расціслаў Крымер, які саліраваў на канцэрце адкрыцця.

Учора ў фестывальнай праграме быў не менш выбітны канцэрт: святкавалася 25-годдзе Канцэртнага аркестра Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Уладзіміра Перліна. Гэты знаны музыкант вядомы не толькі сваёй аркестравай дзейнасцю, але і, найперш, падрыхтоўкай лепшых беларускіх віяланчэлістаў, сярод якіх — лаўрэат Конкурсу імя П.Чайкоўскага Іван Карызна, які зараз працягвае навучанне ў Францыі. На юбілейны вечар прыехаў не толькі ён, але і такія сусветна знакамітыя зоркі — былыя выхаванцы гэтага аркестра, як скрыпач Арцём Шышкоў, кантрабасіст Станіслаў Анішчанка ды многія-многія іншыя выканаўцы розных краін свету.

/i/content/pi/cult/449/9412/8-1.jpeg

Адметным на цяперашнім фестывалі з’яўляецца абсалютна кожны канцэрт. Гэта, да прыкладу, фартэпіянны сольнік Мікалая Луганскага, які ўжо не ўпершыню стаў госцем сталічнай філармоніі. Дый сярод іншых удзельнікаў фэсту шмат тых, хто ўжо можа лічыцца ледзь не заўсёднікам яго. Гэта і Ансамбль старадаўняй музыкі “Хортус музікус” (Эстонія), і некаторыя салісты.

Паводле традыцыі, у фестывалі ўдзельнічае шмат беларускіх музыкантаў, найперш — ледзь не ўсе вядучыя аркестравыя калектывы краіны. Так, 80-годдзе знакамітага польскага кампазітара Кшыштафа Пендэрэцкага, які адзіны ў свеце ўдастоены афіцыйнага тытула “Самы вялікі з жывых” і з’яўляецца прафесарам ажно 17 навучальных устаноў, ладзілі Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі і два нашы харавыя калектывы — капэла імя Р.Шырмы і “Спяваючыя музыканты” згаданай гімназіі-каледжа пры БДАМ. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбылася творчая сустрэча з Маэстра. Ён вельмі высока ацаніў майстэрства нашых выканаўцаў, якіх з’яднаў вядомы эстонскі дырыжор Андрэс Мустанен, што з’яўляецца пастаянным дырыжорам твораў Пендэрэцкага ва ўсім свеце. Цягам гадзіны Пендэрэцкі адказваў на пытанні прафесуры і студэнтаў, падкрэсліваў важнасць прафесійнай музычнай адукацыі: “Для мяне самым вялікім майстрам быў Бах і кампазітары фламандскай школы: я на іх вывучаў кантрапункт. І ўпэўнены: без моцнага фундамента нельга ўзвесці ўстойлівы будынак. Зараз кампазітарам здаецца, што калі яны ўмеюць карыстацца камп’ютарам, дык гэтага ім хопіць. Не, трэба прайсці праз усе стадыі развіцця музычнай культуры, бо толькі разуменне саміх заканамернасцей гэтага працэсу можа дапамагчы арыентавацца ў размаітым сучасным свеце”. Акрамя музыкі, майстар цікавіцца батанікай — і пад Кракавам мае свой батанічны сад, дзе за сорак гадоў была створана калекцыя з 1 700 парод дрэў. Менавіта сваім дрэвам ён прысвяціў Восьмую сімфонію. А Шостая была элегіяй па тых лясах, што знішчаюцца. У завяршэнне сустрэчы Пендэрэнцкі выказаў жаданне прыехаць да нас яшчэ — ужо праз год, таксама з выкананнем аднаго са сваіх твораў.

/i/content/pi/cult/449/9412/8-2.jpeg

Майстар-класы, як даўно ўжо склалася на гэтым фестывалі, праводзяць амаль усе зоркі, што становяцца ўдзельнікамі форуму. Гэтым разам іх было ажно восем, іх праводзілі знаныя інструменталісты (габаіст Дзітхельм Ёнас з Германіі, скрыпачкі Аліса Маргуліс з Германіі і Таццяна Самуіл з Бельгіі, віяланчэлісты Раман Гарыу з Францыі і Аляксандр Бузлоў з Расіі), вакалісты (Ізабела Матула з Польшчы, Прыіт Фольмер з Эстоніі), а таксама дырыжор Алпаслан Эрцюнгеалп з Турцыі, які замест адведзенай гадзіны правёў са студэнтамі амаль чатыры. Шчыра дзяліўся прафесійнымі сакрэтамі, шмат расказваў пра Клаўдзіа Абада, асістэнтам якога ён з’яўляецца апошнім часам. Да таго ж, на працягу некалькіх дзён ён рэпеціраваў з нашым Маладзёжным сімфанічным аркестрам БДАМ, выступленне якога сталася ў час фестывалю сапраўдным адкрыццём гэтага зусім яшчэ маладога калектыву пад кіраўніцтвам Андрэя Іванова. І справа не толькі ў тым, што музыканты цудоўна справіліся з найскладаным архітэктонам Валерыя Воранава (на жаль, у чытальніка не ўключыўся мікрафон, што крыху сапсавала ўражанне ад гэтай сусветнай прэм’еры беларускага твора). Заканчвалася тая вечарына не якімсьці з інструментальных канцэртаў, дзе саліравалі зоркі, а Першай сімфоніяй Бетховена, што зусім нядаўна гучала ў нашай філарманічнай зале ў іншым выкананні. Цяперашняе прачытанне было — лепшым! Бо ў ім былі захаваны асаблівасці бетховенскага стылю, даведзена ўсё багацце інструментальных перазоваў, ды ўвесь твор прагучаў з адметнай свежасцю і маладосцю.

Асобны вечар быў аддадзены лаўрэатам Міжнароднага конкурсу імя П.Чайкоўскага. Вядома, кожны з гэтага “зорнага квартэта” дэманстраваў найвышэйшы ўзровень майстэрства і сваю творчую індывідуальнасць. Але ж не меншай зоркай стаўся нарвежскі дырыжор Тэр’е Мікельсэн і наш сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Але канцэрт стаў лепшым адказам, ці патрэбны сёння гэты калектыў і ці не пачаўся ў ім “перыяд натуральнага распаду”. Справа не толькі ў тым, наколькі чуйна ён акампаніраваў знаным салістам (хаця, заўважым, у адным з твораў раз-пораз чуліся недарэчныя “кваканні”, выкліканыя несупадзеннямі з сольным раялем). Фіналам трохгадзіннага канцэрта сталася ўверцюра-фантазія “Рамэа і Джульета” П.Чайкоўскага — і гэта было, без перабольшання, лепшае выкананне гэтага найпапулярнага твора, якое мне калісьці даводзілася чуць.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"