Бязмежжа для творчай асобы

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Віктар ШНІП, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, пісьменнік

/i/content/pi/cult/449/9408/13-2.jpeg

1. Творчасць

Сацыяльныя сеткі я выкарыстоўваю для таго, каб туды выкладваць свае новыя творы. Для мяне важна, што ўжо праз пяць хвілін можна пабачыць рэакцыю чытача на напісанае. Гэта стымулюе далейшую творчасць. Я не хвалююся, што нехта можа спампаваць мае творы, бо ўпэўнены: людзі ведаюць пра аўтарскія правы. А калі нехта проста дзеліцца з сябрамі спасылкай на мае вершы — дык для гэтага я іх і выстаўляю, каб чыталі, гаварылі, абмяркоўвалі…

Спакойна стаўлюся і да таго, што некаму нешта можа не спадабацца ў маіх творах. Не трэба баяцца крытыкі, бо меркаванне аднаго чалавека — гэта не меркаванне мільёнаў. Можа атрымацца, што гэты адзін чалавек прымусіць цябе задумацца, скіруе ў іншым напрамку.

2. Праца

Як галоўны рэдактар выдавецтва я заўсёды павінен быць у курсе таго, што выходзіць у нашай краіне і ў замежжы. Дапамагае Інтэрнэт: там знаёмлюся з новымі творамі пісьменнікаў, даведваюся пра папулярныя кнігі. Паэзія, проза — усё гэта зараз як вялікая інфармацыйная плынь, і часам складана ведаць змест ды якасць незлічонай колькасці кніг: на гэта проста не хапае часу. А Сеціва насычана каментарыямі, абмеркаваннямі, крытыкай. Бывае, што нават не чытаўшы кнігу, ствараеш сваё ўражанне па каментарыях тых асоб, на якіх арыентуешся і якім давяраеш. Калі аргументы — пераканаўчыя, можна лёгка скласці думку, зразумець, ці варта паглыбляцца ў чытанне гэтага твора…

3. Самапіяр

Інтэрнэт дапамагае сучаснаму творчаму чалавеку прэзентаваць сябе. Зразумела, гэта трэба рабіць у рамках прыстойнасці і без перагібаў. Важна нікога не пакрыўдзіць і самому не выглядаць смешным. У Сеціве дзялюся думкамі адносна розных рэчаў, выкладваю фатаграфіі з мерапрыемстваў, пішу невялікія рэцэнзіі на тыя ж спектаклі, ды іншае. Прыемна, калі можаш нешта новае паведаміць ці распавесці пра мерапрыемства, на якім пабываў. Канешне ж, калі цябе чытаюць, ведаюць, дзе ты бываеш, чым цікавішся, якія твае меркаванні, тады складаюць думку пра цябе як асобу. А ў творчым асяродку існуе, так бы мовіць, канкурэнцыя, у якой такі самапіяр — не апошняя справа.

4. Сусвет

Зразумела, што кожны чалавек хоча ведаць тое, што адбываецца ў свеце. Інтэрнэт у гэтым плане — добры дапаможнік: у адзін момант можна даведацца пра важныя падзеі як у Беларусі, так і ў замежжы, быць у курсе ўсіх навін. Акрамя таго, Сеціва дапамагае падарожнічаць, знаёміцца з новымі мясцінамі — для гэтага існуюць добрыя он-лайн-экскурсіі. А калі ведаеш мовы, то можна заходзіць у замежныя бібліятэкі, шукаць там патрэбныя кнігі. Яшчэ зручная рэч — сайты і он-лайн-версіі газет ды часопісаў: можна ў любы час знайсці тое, што не паспеў прачытаць раней. Зразумела, усё гэта не заменіць папяровага варыянта газеты, але таксама паляпшае жыццё.

5. Асабістае

Дзякуючы Інтэрнэту я кантактую з далёкімі сваякамі. Напрыклад, знайшоў такім чынам сваю траюрадную сястру, з якой ужо доўгі час не бачыўся, і адшукаў яшчэ некалькі чалавек: дваюрадных, траюрадных сваякоў, што даўно з’ехалі ў замежжа, сваіх аднавяскоўцаў... Інтэрнэт — крыніца інфармацыйная, якая захоўвае ў сабе вялікую колькасць звестак, таму праз яго без іншай дапамогі можна самастойна знайсці людзей ці, напрыклад, даведацца, як склалася жыццё ў тваіх аднакашнікаў. Я вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, а зараз магу проста набраць прозвішчы сваіх аднакурснікаў у пошукавіку і пазнаёміцца з іх літаратурнай творчасцю, прасачыць іхнія лёсы, скантактаваць з імі...

Занатавала Вольга НАВІЦКАЯ