Тандэм на “ТэАРТ”е

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Беларускі драматург + расійскі рэжысёр =
“Тэатр post” з’явіўся ўсяго толькі два гады таму, але паспеў ужо зарэкамендаваць сябе як адна з самых паспяховых альтэрнатыўных тэатральных кампаній Расіі. Гэтай восенню ў рамках тэатральнага форуму “ТэАРТ” яго заснавальнік і рэжысёр Дзмітрый Валкастрэлаў прадставіў беларускаму гледачу два спектаклі: “музей шаснаццаці п’ес” “Shoot/Get Treasure/Repeat” па Марку Равенхілу і “Маркотны хакеіст” па п’есе нашага суайчынніка Паўла Пражко (сумесная пастаноўка “тэатра post” і мінскага Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў). Як і чым сёння жыве эксперыментальны “тэатр post”, мы даведаліся ў яго дырэктара Анастасіі МАЦІСАВАЙ.

/i/content/pi/cult/449/9407/13-1.jpeg

— Для нас такі фармат тэатра ў навінку, таму заўжды цікава даведацца, як адбываецца нараджэнне падобных незалежных калектываў у іншых. Як гэта было ў “тэатра post”?

— Калі ўзімку 2010-га ў Пецярбургу адкрыўся клуб “DUSCHE”, што належыў музыкам гурта “Ленінград”, у нас узнікла ідэя паказаць на яго сцэне спектаклі незалежных тэатральных кампаній горада. Сучасны тэатр на клубнай сцэне — фармат, які стаў на сёння ў Расіі традыцыйным, але ў Пецярбургу на той момант альтэрнатыўных, далёкіх ад акадэмізму тэатральных пляцовак не існавала. Кіраўніцтва клуба зацікавілася нашай прапановай, і на пачатку 2011 года мы запусцілі праект “Тэатр у клубе “DUSCHE”. Яго галоўнай ідэяй было прыцягненне маладзёжнай аўдыторыі, якую не сустрэнеш у акадэмічным тэатры: меркавалася, што слова “тэатр” не будзе яе палохаць, калі побач стане больш знаёмае слова “клуб”.

Мы шукалі людзей, што былі б цікавыя і нам, і публіцы, і выйшлі на вучня Льва Додзіна — Дзмітрыя Валкастрэлава, які тады якраз паставіў “Ліпень” па Івану Вырыпаеву. Потым, таксама выпадкова, знайшлі другога додзінскага выпускніка — Сямёна Александроўскага. І ўсё. Пачалі іграць спектаклі Валкастрэлава, а праз пару месяцаў спецыяльна пад прастору “DUSCHE” ён паставіў “Гаспадара кавярні” па п’есе Паўла Пражко. Да таго часу Валкастрэлаў ужо іграў у Пецярбургу яшчэ адзін спектакль па тэксце Пражко — “Замкнёныя дзверы”, пастаўлены ў рамках лабараторыі “ON Тэатр”. І вось у нейкі момант мы вырашылі: калі ўжо ў нас ёсць тры спектаклі, аб’яднаныя адным рэжысёрскім почыркам ды эстэтыкай, то мы займелі права называцца тэатрам. Так з’явіўся “тэатр post”, які асацыіруецца ў Расіі якраз з тандэмам драматурга Пражко і рэжысёра Валкастрэлава.

— Чаму “post”?

— Постдраматычны тэатр, што займаецца даследаваннем свету, які жыве ў постгістарычную эпоху, свету, дзе ўсё, што магло здарыцца, ужо здарылася…

— Побач з цесным супрацоўніцтвам з Паўлам Пражко, у вас у рэпертуары — і Вырыпаеў, і Равенхіл…

— Так, “Ліпень” быў адным з першых спектакляў Валкастрэлава, а прэм’ера васьмігадзіннага праекта “Shoot/Get Treasure/Repeat” прайшла мінулым летам. Гэты спектакль кожны раз трансфармуецца ў залежнасці ад асаблівасцей пляцоўкі, на якой мы іграем. Скажам, у Мінску на “ТэАРТ”е ён будзе ісці шэсць гадзін. Хоць, зрэшты, гэта не зусім спектакль — мы называем яго “музеем шаснаццаці п’ес”, у прасторы якога глядач можа перасоўвацца вольна, як у галерэі сучаснага мастацтва, а дзея разгортваецца адначасова ў некалькіх залах.

— Нягледзячы на тое, што гэта першая ў Расіі пастаноўка знакамітага драматурга Равенхіла, Пецярбург у плане сучаснага тэатра ўсё ж такі адстае ад Масквы...

— Тое, што Пецярбург па-ранейшаму называюць культурнай сталіцай, — усяго толькі традыцыя. Пецярбург — горад на балоце, ён вельмі кансерватыўны, яму цяжка рухацца “да новых берагоў”. На маю думку, Масква ў гэтых адносінах больш жывая. У сталіцы праходзіць нашмат больш фестываляў, лабараторый, эксперыментальных праграм… А ў Пецярбургу усё досыць вяла і нязменна кансерватыўна. Нават нейкія пазітыўныя пачынанні рана ці позна перастаюць існаваць. Скажам, некалькі гадоў таму ў нас пачала працаваць лабараторыя “ON Тэатр”, заснаваная маскоўскім прадзюсарам Міленай Авімскай. Яе ідэя была ў тым, каб маладыя рэжысёры — учарашнія выпускнікі, для якіх яшчэ зачынены дзверы рэпертуарных тэатраў, ставілі п’есы сучасных маладых драматургаў, каб экспертны савет, што складаецца з тэарэтыкаў і практыкаў тэатра, дапамагаў дэбютантам у працы, а гарадскія тэатры маглі б браць сабе ў рэпертуар лепшыя з эскізаў. Два гады таму гарадская адміністрацыя выдаткавала “ON Тэатру” падвал у жылым доме, а сёлета ўвесну адна з яго жыхарак паскардзілася на лабараторыю. Тая ў выніку да сёння застаецца бяздомнай. Я — да таго, што незалежным тэатральным ініцыятывам у Пецярбургу выжываць куды цяжэй, чым у Маскве.

— Наколькі мне вядома, у “тэатра post” няма свайго памяшкання, сцэны, цэхаў і нават ганарараў. Як вы з гэтым спраўляецеся? Працуеце на голым энтузіязме?

— Адразу скажу: гэта няпроста. Па-першае, трэба дзесьці захоўваць дэкарацыі. Той жа “Shoot/Get Treasure/Repeat” — маштабны праект, дэкарацыі і рэквізіт для якога займаюць даволі шмат месца. Захоўваем усё, дзе давядзецца, галоўным чынам — у сяброў. Па-другое, “тэатр post” для ўсёй нашай каманды — далёка не адзінае месца працы: артысты, скажам, даволі шчыльна заняты ў рэпертуары іншых пецярбургскіх тэатраў. Але ў Дзмітрыя Валкастрэлава ёсць унікальная якасць: яму ўдаецца збіраць вакол сябе лепшых у сваёй справе людзей і аб’ядноўваць іх, зараджаць энергіяй. “Тэатр post” — вельмі кампактная і мабільная структура: мастацкі кіраўнік, адміністрацыя з трох чалавек ды чатыры акцёры, што складаюць касцяк трупы. Для пастаноўкі Равенхіла мы, да прыкладу, ладзілі кастынг, запрашалі новых артыстаў. А наконт голага энтузіязму… Мы цяпер усур’ёз узяліся за развіццё “тэатра post”: хочам выйсці на прынцыпова іншы ўзровень дзейнасці. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Але самае галоўнае — жаданне займацца разам любімай справай — у нас ужо ёсць.

— Як сёння альтэрнатыўны тэатр падтрымліваецца ў Расіі?

— Цяпер у сталічных тэатрах адбываецца вельмі актыўная ратацыя кадраў, і мастацкімі кіраўнікамі знакавых маскоўскіх калектываў становяцца рэжысёры, якія дагэтуль знаходзіліся ў андэграўндзе. Яны прыходзяць на акадэмічныя пляцоўкі разам са сваімі акцёрамі ды сваёй эстэтыкай і пачынаюць праводзіць свае, часам вельмі яркія, ідэі ў жыццё. Гэта, канешне ж, вялікі крок наперад. Так атрымалася з Тэатрам імя Гогаля, у які маскоўскія тэатралы не хадзілі гадамі. Аднак пад кіраўніцтвам Кірыла Сярэбранікава ён пераўтварыўся ў тэатральны цэнтр еўрапейскага ўзроўню. І няхай хтосьці абвінавачвае яго ў буржуазнасці, але Сярэбранікаў як мастацкі кіраўнік выбудоўвае вельмі разумную рэпертуарную палітыку, запрашаючы да супрацоўніцтва цікавых еўрапейскіх пастаноўшчыкаў і падтрымліваючы нашых маладых рэжысёраў.

І потым, гэта вельмі спрэчнае пытанне: а ці патрэбны ўвогуле андэграўнднаму тэатру вялікія грошы, ці не сапсуюць яго датацыі, ці не згубіць ён незалежнасць? У Расіі незалежныя тэатры ўвесь час кажуць пра тое, што ім не стае грошай. А пры гэтым альтэрнатыўныя трупы ў многіх не самых буйных гарадах ЗША гатовы ставіць спектаклі хоць у двары ўласнага дома, галоўнае — займацца мастацтвам, працаваць. А многія нямецкія незалежныя кампаніі ўвогуле не адчуваюць зайздрасці да дзяржаўных тэатраў. Напэўна, акадэмічны і незалежны тэатры — гэта паралельныя сусветы. Немагчыма атрымаць усё і адразу, немагчыма застацца незалежным і быць пры гэтым матэрыяльна забяспечаным. Для таго, каб атрымаць прызнанне, павінен прайсці час: калі мы пачыналі іграць у клубе “DUSCHE”, на першыя спектаклі амаль ніхто не прыходзіў, ніхто пра нас не ведаў. Але мы развіваліся, і вось ужо не першы год пастаянна ўдзельнічаем у конкурсе “Залатой Маскі” — галоўнага расійскага тэатральнага фестывалю ды самай прэстыжнай прафесійнай прэміі.

— І апошняе. Мы шмат разважалі пра сучасны тэатр. А што для вас сучаснае мастацтва?

— Аднойчы тэатральны крытык Марына Давыдава адказала на падобнае пытанне наступным чынам. Калі ў пакой заходзіць котка, ты ж разумееш, што гэта менавіта котка. А як ты гэта зразумеў? Чаму не сабака? Чатыры лапы, хвост — значыць, сабака! Але пры гэтым ты імгненна разумееш: перад табой — котка. Тое ж самае і з сучасным мастацтвам. Іншым разам глядзіш спектакль і гадаеш: у якія гады ён быў пастаўлены. У 70-я? Ці мо ў 90-я? І не так важна, калі ён выпушчаны, важна, што сёння ён успрымаецца як нешта архаічнае. Але магчыма і дыяметральна супрацьлеглая сітуацыя: ты не ведаеш таго, што спектакль пастаўлены дзесяць — пятнаццаць гадоў таму, а ў цябе такое ўражанне, што гэта — прэм’ера. Чаму? Ды таму, што гэта тэатр пра нас, сённяшніх…

Гутарыла Вольга ЦВЯТКОВА