Некаторыя прычыны скону тэатра

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Раман ЦЫРКІН, галоўны рэжысёр Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа, лаўрэат міжнародных фестываляў, член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
Ёсць некалькі прычын, з-за якіх памірае тэатр. Неміровіч-Данчанка адводзіў творчаму калектыву 9 — 12 гадоў нармальнай жыццядзейнасці, пасля якіх тэатр як жывы арганізм спыняе існаванне. Выратаваць і ажывіць сітуацыю можа ўліванне “новай крыві”, незвычайныя рэжысёрскія рашэнні, абнаўленне рэпертуару. Гэта — як натуральны адбор, што адбываецца ў прыродзе.

/i/content/pi/cult/449/9401/4-4.jpeg

Тэатр памірае, калі ідэйны і творчы лідар, якім заўсёды з’яўляўся рэжысёр, страчвае творчую “патэнцыю”, перастае адчуваць час, востра суперажываць працэсам, што адбываюцца ў грамадстве ды ўплываюць на розум і настрой людзей. Гэта вядзе да немінучага краху і разбурэння падмурка, на якім будаваўся тэатр, што некалі быў такім цікавым ды сучасным.

“Пераемнасць”. Гэта калі творчаму лідару неабходны мудрасць і адвага для таго, каб падрыхтаваць сабе змену, каб распачатая ім справа мела працяг. Узгадайце пецярбургскі Вялікі драматычны, якім кіраваў Таўстаногаў, Тэатр імя Маякоўскага, дзе доўгія гады квітнеў талент Ганчарова, “Современник” часоў Яфрэмава і ягоны ж МХАТ, Таганку, якую ніяк нельга аддзяліць ад Любімава, а таксама тэатры Мільтыніса, Стуруа, Ірд.

У Беларусі гэта, несумненна, тэатры, дзе творчымі лідарамі цягам доўгіх гадоў былі Раеўскі і Луцэнка. Гэтыя рэжысёры, грунтуючыся на драматургічным матэрыяле, праз акцёра — правадніка сваіх ідэй стваралі спектакль, свой аўтарскі твор. З сыходам лідараў ад стырна тэатры засталіся, але, падаецца, ператварыліся з аўтарскіх проста ў рэпертуарныя. Недзе — лепш, недзе — горш, але гэта ўжо не тыя тэатры. І, мабыць, так і павінна быць са сцэнічным мастацтвам. Тут, на жаль, немагчыма стварыць пераемнасць.

Ёсць яшчэ адзін цудоўны і самы эфектыўны спосаб, каб змярцвіць тэатр: зрабіць з яго вытворчасць, фабрыку, завод па выпуску прадукцыі для абслугоўвання насельніцтва. Спосаб просты да геніяльнасці: зрабіць галоўным чалавекам у тэатры дырэктара.

І дай божа, каб ім аказаўся чалавек, які разумее ці хаця б любіць мастацтва тэатра як такое! Але, бывае, на гэтую пасаду трапляюць людзі, што ў сваім жыцці не бачылі бадай ніводнага спектакля, пакуль іх не прызначылі. Ва ўсякім разе, такое часам адбываецца ў правінцыі. І тут узнікае праблема ўзаемаадносін: дырэктар — галоўны рэжысёр. Хто павінен вызначаць курс, якім весці тэатр? Хто павінен вызначаць рэпертуарную палітыку? Хто павінен падбіраць спецыялістаў, набіраць трупу?

Канешне ж, для любога разумнага чалавека адказ відавочны: галоўны рэжысёр. Але… Добра, калі паміж дырэктарам і галоўным склаліся прыязныя ці хаця б нармальныя ўзаемаадносіны, і кожны разумее, “на якім полі яму гуляць”. Кожны ўсведамляе, што ён павінен рабіць. Але часцяком галоўны рэжысёр становіцца звычайнай штатнай адзінкай са сваёй нормай выпуску спектакляў у год, з немагчымасцю пазбавіцца ад лішніх людзей, што перашкаджаюць развіццю творчага працэсу, з немагчымасцю вызначацца ў выбары запрошаных рэжысёраў, якія ўпісваліся б у канцэпцыю развіцця рэпертуарнай палітыкі.

Таму ў тэатры раптам з’яўляюцца выпадковыя людзі з выпадковымі пастаноўкамі, і яны прыязджаюць ставіць зноў і зноў. Гэта спараджае неверагодную актыўнасць няздараў, якія разумеюць, што галоўрэж перад дырэктарам — слабы і безабаронны, усялякімі спосабамі выказваюць сваю лаяльнасць да кіраўніцтва, пішуць лісты, плачуць ды скардзяцца на тое, што іх прыгнятае рэжысёр і не дае раскрыцца іхняму таленту. Яны ведаюць, што і з наступным галоўным гэты нумар пройдзе. І яны застануцца. А для дырэктара? Якая розніца, дрэнна ці добра пастаўлены спектакль? Заробак людзям — плацім. Па колькасці план — выконваецца. “А мастацтва?” — “Дык мы ж тут ні на што і не прэтэндуем”…

Вось так і доўжыцца бясконцая дыскусія аб правінцыйнасці нашага тэатра. Так, ёсць прыклады дырэктараў, якія разумеюць, што тэатр — мастацтва тонкае, і без акцёра, без рэжысёра як творчага лідара яно немагчымае. Магу гэта сказаць пра шматгадовых дырэктараў сваіх тэатраў Эдуарда Герасімовіча, Аляксандра Козака, Андрэя Новікава, Юрыя Куліка, які нядаўна пайшоў ад нас... Такім дырэктарам цягам гадоў была Валянціна Рагоўская. Не магу не згадаць і цудоўнага Сяргея Вальковіча. Я кажу пра сучаснікаў. Вельмі спадзяюся і нават упэўнены, што такім дырэктарам будзе Ігар Сігоў, бо ў яго кроў — акцёрская, і ён ведае, што такое тэатр.

Мне вельмі хацелася б каб гэты спосаб гібелі тэатра назаўсёды сышоў з нашага жыцця. Каб усе нядаўна прызначаныя кіраўнікі зразумелі, што мастацтва тэатра — гэта Яго Вялікасць Акцёр і, як ні дзіўна гэта прагучыць для некаторых, — рэжысёр.