Cёння — лепей, чым учора, заўтра — лепей, чым сёння

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

Як мы паведамлялі ў навагоднім нумары “К”, спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2007 года ў галіне музейнай справы прысуджана аўтарскаму калектыву Нацыянальнага мастацкага музея РБ — “За стварэнне новых экспазіцый і арганізацыю міжнародных выставак”. З гэтай нагоды мы гутарым з дырэктарам музея Уладзімірам ПРАКАПЦОВЫМ.

 /i/content/pi/cult/144/940/Naz-muzej.jpg
— Уладзімір Іванавіч, якім бачыцца вам 2007 год адсюль, ужо з 2008-га ?
— Увесь калектыў музея папрацаваў вельмі плённа. Планку, узятую ў 2006 годзе, мы не знізілі — наадварот, перавыканалі планы. І мы ўдзячныя Кіраўніку краіны і Міністэрству культуры за тое, што яны годна ацанілі гэтую працу і адзначылі наш калектыў такой высокай узнагародай.
Мінулы год быў для музея вельмі напружаным і адказным. Ён праходзіў пад знакам стагоддзя з дня нараджэння Алены Васільеўны Аладавай— легендарнага дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Шматлікія мерапрыемствы былі прысвечаны гэтай даце. Дзякуючы падтрымцы міністэрстваў культуры і інфармацыі і выдавецтва “Мастацкая літаратура” мы выдалі кнігу пра Алену Аладаву.
Заўважу, што выдавецкая дзейнасць — вельмі значны накірунак працы Нацыянальнага мастацкага музея. У 2007 годзе выйшаў у свет альбом-каталог “Меднае ліццё ХІІ— ХХ стагоддзяў з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея”, падрыхтаваны аддзелам старажытнабеларускага мастацтва на чале з Аленай Карпенка. На яго выданне музей атрымаў грант фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.
Праз некалькі месяцаў павінен з’явіцца наступны наш альбом-каталог — ”Заходнееўрапейская скульптура”, таксама за кошт гранта гэтага ж фонду. На чарзе — іншыя выданні.
— Велізарны поспех мелі ў беларускай публікі выстаўкі з фондаў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Ці атрымае працяг супрацоўніцтва з ёю, а таксама з іншымі буйнымі замежнымі музеямі?
— Абяцаем, што гэты год будзе багатым на цікавыя выстаўкі. Так, рыхтуецца выстаўка “Праваслаўная ікона” — сумесны праект Траццякоўскай галерэі, Кіева-Пячэрскай лаўры і нашага музея. Міністэрства культуры выдаткавала сродкі на рамонт залаў у музейным будынку па вуліцы Леніна,20, дзе размесціцца будучая выстаўка.
Да 80-годдзя з дня нараджэння выдатнага азербайджанскага і расійскага дзеяча мастацтваў Таіра Салахава, віцэ-прэзідэнта Расійскай акадэміі мастацтваў, будзе прымеркавана выстаўка яго твораў з фондаў Азербайджанскага мастацкага музея і Траццякоўскай галерэі, у тым ліку партрэт вядомага кампазітара Кара Караева. У дзень адкрыцця выстаўкі запланаваны канцэрт у Белдзяржфілармоніі, прысвечаны 90-ым угодкам Кара Караева.
Спадзяёмся, што да нас прыедуць і выстаўкі з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Найбольшую цікавасць уяўляюць яе зборы дакументаў, звязаных з нашай краінай, і беларускіх старадрукаў.
А нядаўна я вярнуўся з Велікабрытаніі — сустракаўся з дырэктарамі мастацкіх музеяў Лондана. Маем намер развіваць гэтыя кантакты, наладзіць абмен выстаўкамі.
— І, як заўжды, Нацыянальны мастацкі музей будзе багата ўвагі надаваць прапагандзе творчасці айчынных мастакоў?
— Безумоўна! На працягу года ў яго залах пройдуць юбілейныя выстаўкі народных мастакоў Беларусі: Леаніда Шчамялёва, Гаўрылы Вашчанкі, Аляксандра Кішчанкі і іншых. Юбілейная выстаўка графікі Уладзіміра Стальмашонка адкрылася 11 студзеня, і прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння і 50-годдзя творчай дзейнасці народнага мастака. Рыхтуецца таксама выстаўка твораў жывапісу і скульптуры сёлетніх стогадовых юбіляраў, сярод якіх — Заір Азгур, Аляксей Глебаў, Яўген Красоўскі... Выставачная дзейнасць вядзецца настолькі інтэнсіўна, што з гэтага года, пэўна, ёю будзе займацца новаствораны выставачны аддзел.
— Што паказаў першы досвед працы новага музейнага корпуса? Ці будзе штосьці мяняцца ў экспазіцыях, інтэр’ерах музея?
— З уводам у дзеянне новага корпуса значна павялічылася колькасць наведвальнікаў: цяпер музей можа свабодна прымаць да 2 тысяч чалавек у дзень. Аднак не спыняемся на дасягнутым. Неўзабаве ў новым корпусе будзе праведзена рээкспазіцыя. У яго залах знойдуць годнае месца перададзеныя нам Міністэрствам замежных спраў творы Пятра Сергіевіча і Напалеона Орды, а таксама партрэт Мікалая Гастэлы разца Андрэя Бембеля і ваза Мікалая Міхалапа, зусім нядаўна падораная Нацыянальным музеем гісторыі і культуры Беларусі.
Паступова зменяць свой выгляд інтэр’еры, стануць больш утульнымі, у тым ліку і ў старым корпусе. Там будуць прыменены новыя тэхналогіі, кропкавае асвятленне. Абстаноўка ў экспазіцыі рускага мастацтва набудзе рысы, уласцівыя той эпосе, у якую яно стваралася. Зараз рыхтуецца тэматыка-экспазіцыйны план для музейных будынкаў па вуліцы Кірава, 25 і вуліцы Леніна, 22. А на першым паверсе будынка па вуліцы Леніна, 20 па заканчэнні выстаўкі “Праваслаўная ікона” размесціцца пастаянная экспазіцыя твораў жывапісу Івана Хруцкага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і Станіслава Жукоўскага. Такім чынам, агляд пачнецца з твораў мастакоў-ураджэнцаў Беларусі і арганічна пяройдзе да рускага мастацтва.
— Шырокі розгалас набылі музейныя святы, якія некалькі гадоў запар праходзілі ў Нацыянальным мастацкім. Ці будуць яны ладзіцца і сёлета?
— Гэтая традыцыя застанецца непарушнай. Ужо рыхтуемся да “Ночы музеяў”. А “Мядовы Спас” адзначым гэтым летам яшчэ і ў Добрушы, разам з раённым краязнаўчым музеем. Дарэчы, многія нашы святы будуць праводзіцца на тэрыторыі Дома Ваньковічаў — пасля добраўпарадкавання. Зараз жа з дапамогай гарадскіх улад побач з ім узводзіцца дадатковы музейны будынак, плануем адкрыць яго ў канцы 2008 — пачатку 2009 года.
— Які будучы лёс філіялаў Нацыянальнага мастацкага музея?
— Актыўна прадоўжыцца рэстаўрацыя і музеефікацыя Мірскага замка — згодна з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, у 2009 годзе ён павінен цалкам адкрыцца для наведвальнікаў. Што датычыць выставачнай залы ў Гальшанах, дык сумесна з Міністэрствам культуры прынята канчатковае рашэнне аб перадачы яе як часткі архітэктурнага ансамбля францысканскага кляштара мясцовай каталіцкай парафіі. А Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах застанецца нашым філіялам.

Гутарыла Святлана ІШЧАНКА
Фота Юрыя ІВАНОВА