З Днём работнікаў культуры!

№ 41 (1115) 13.10.2013 - 18.10.2013 г

Са святам!

Паважаныя сябры і калегі!

У дзень, што святкуе нацыянальная Культура, дазвольце звярнуцца да вас са словамі віншаванняў і шчырай падзякі за адданасць справе, якой служыце вы, работнікі культуры і дзеячы мастацтва краіны.

У прасторы нашай непаўторнай Бацькаўшчыны нацыянальная культура, яе духоўны і матэрыяльны складнікі несупынна развіваюцца і ў сельскім рэгіёне, і ў маштабах мегаполіса. Перспектывы будучыні галіны культуры акрэслены ў многіх яркіх буйных праектах, якія мэтанакіравана падтрымліваюцца дзяржавай і яе Кіраўніком. Дзякуючы буйным дзяржаўным інвестыцыям другое жыццё набываюць пасля рэстаўрацыі нашы старажытныя архітэктурныя і гістарычныя помнікі, папаўняюцца ўнікальныя музейныя калекцыі, кніжныя фонды, адбудоўваюцца і аднаўляюцца тэатры, дамы культуры, бібліятэкі, школы мастацтваў; праз шматлікія фонды і стыпендыі падтрымліваецца маладое пакаленне таленавітых беларусаў.

На гэтай дабрадайнай глебе з клопатам і натхненнем пестуюцца Талент і Творчасць. Яны ўвасабляюцца ў любімыя народам святы, фестывалі, выстаўкі, спектаклі, кінастужкі, без якіх сёння немагчыма ўявіць духоўную партытуру краіны.

Культура незалежнай Беларусі годна дэманструе шматгранныя і непаўторныя творчыя набыткі ў сусветнай прасторы, папаўняючы сваімі самабытнымі ўзорамі агульную скарбніцу культуры чалавецтва. Міжнародныя культурныя стасункі з іншымі краінамі і кантынентамі паспяхова развіваюцца пры вашым актыўным удзеле, шаноўныя творцы.

Усё гэта сведчыць пра тое, што на Беларусі ёсць хлеб і ёсць песня! І яна гучыць дзякуючы найперш вам, унікальным асобам, якія ствараюць у ХХІ стагоддзі айчынны летапіс культуры.

Са святам вас! Здароўя, плёну, творчых здзяйсненняў!

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс СВЯТЛОЎ

 

Паважаныя работнікі культуры!

Ад імя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — членаў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы і ад сябе асабіста шчыра віншую вас з прафесійным святам — Днём работнікаў культуры.

У гэты дзень мы ўшаноўваем тых, хто сваёй працай прымнажае, беражліва захоўвае і папулярызуе багатую культурную спадчыну нашай краіны, садзейнічае ўмацаванню духоўна-маральнага падмурка грамадства, выконвае высокую асветніцкую місію. І што вельмі важна — сцвярджае каштоўнасць творчай працы, наватарскага мыслення, імкнення да пошуку новых формаў мастацкага самавыяўлення.

Культура Беларусі складвалася на працягу стагоддзяў, злучыўшы ўнікальныя традыцыі і дасягненні нашага народа. Гэты нацыянальны здабытак нясе ў сабе моцны стваральны і гуманістычны зарад, з’яўляецца адным з фактараў развіцця грамадства і асновай для выхавання маладога пакалення беларускіх грамадзян.

Выказваем вам глыбокую ўдзячнасць за вашу высакародную працу. Няхай і надалей вашы талент, майстэрства і адданасць прафесіі знаходзяць самы гарачы водгук у сэрцах людзей.

Жадаю вам моцнага здароўя, асабістага шчасця, творчага плёну і дабрабыту.

Генадзь ПАЛЬЧЫК, старшыня камісіі

 

Паважаныя работнікі культуры!

Дарагія ветэраны!

Прыміце самыя шчырыя і сардэчныя віншаванні з прафесійным святам — Днём работнікаў культуры!

Гэтае свята — даніна прызнання беларускай дзяржавай і грамадствам вашай высокамаральнай і самаадданай працы. Дзякуючы ёй захоўваюцца і ствараюцца вечныя духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці, фарміруюцца нацыянальныя самасвядомасць і адзінства, а ў адносінах паміж людзьмі пануюць сапраўды гуманістычныя мэты і прынцыпы.

Культура з’яўляецца асновай усіх жыццесцвярджальных чалавечых якасцей. З яе жыватворнай крыніцы, якую вы ахоўваеце і прымнажаеце, бяруць свой пачатак і перадаюцца будучым пакаленням сумленне, гонар, прыгажосць, гармонія, дабрыня… — усё тое, што робіць чалавека Чалавекам. Такім чынам, ваша прызванне — адно з найважнейшых у гэтым свеце, а кожны з вас — сапраўдны здабытак грамадства, гонар нашага прафесійнага саюза!

Няхай яркім, плённым і максімальна доўгім будзе ваша служэнне Яе Высокасці Культуры; хай будзе належна ўзнагароджвацца ваша падзвіжніцкая праца; хай ніколі не пакідаюць вас аптымізм, натхненне, вера ў дабро, справядлівасць і шчасце!

Наталля АЎДЗЕЕВА, старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры