Светлы шлях зямлячкі

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Імёны некаторых нашых славутых суайчыннікаў да нядаўняга часу былі невядомыя на радзіме, бо тыя жылі і працавалі за межамі Беларусі. Выстаўка “Светлы шлях”, створаная ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі, знаёміць землякоў з лёсам кінарэжысёра Людмілы Дзянькевіч і опернага спевака Мікалая Дзянькевіча.

Лёс нашай зямлячкі Людмілы Дзянькевіч чымсьці нагадвае лёс гераіні фільма “Светлы шлях”, у якім знялася “зорка” кінематографа 1930-х гадоў Любоў Арлова: простая сялянская дзяўчына змагла рэалізаваць сябе ў такой складанай справе, як кінамастацтва. Наша зямлячка стала ўкраінскім кінарэжысёрам і выдатнікам кінематаграфіі СССР.

/i/content/pi/cult/448/9388/14-1.jpeg

Яе жыццёвы шлях пачаўся ў мястэчку Карэлічы, дзе яна нарадзілася 25 снежня 1916 года. Гісторыя сям’і Дзянькевічаў сягае ў мінулае, у дакастрычніцкі час. Аляксандр Якаўлевіч Дзянькевіч, бацька Людмілы і Мікалая, прайшоў свой светлы шлях у жыцці — шлях асветы, настаўніцтва. Равеснік адмены прыгоннага права, ён, згодна з сямейным паданнем, напрыканцы XIX стагоддзя спрычыніўся да справы заснавання ў мястэчку новай школы, для чаго нават звяртаўся да Мікалая II з просьбай выдаткаваць грошы на яе будаўніцтва. У гэтую справу ён уклаў і ўласныя сродкі. Пазней працаваў настаўнікам у Карэліцкім народным вучылішчы.

У сям’і настаўніка Аляксандра Дзянькевіча было сямёра дзяцей: пяць хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Усе яны вучыліся ў мясцовай школе. Старэйшы сын, Мікалай, які нарадзіўся ў 1893 годзе, яшчэ да рэвалюцыі падаўся на заробкі ў Кіеў, там ажаніўся, уладкаваўся на працу інспектарам у Паверачную палату. У 1920-я з бацькоўскім домам яго раздзяляла не толькі значная адлегласць, але і мяжа: Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы. Мікалай не забываўся на сям’ю, і калі ў 1924 годзе памёр бацька, забраў да сябе малодшых сясцёр Вольгу ды Людмілу і дапамог ім атрымаць адукацыю.

/i/content/pi/cult/448/9388/14-2.jpeg

У экспазіцыі выстаўкі змешчаны ліст, які Мікалай даслаў маці ў Карэлічы ў 1932-м. З яго можна даведацца, што былы інспектар ужо чатыры гады як кінуў працу ў Паверачнай палаце, бо ў яго выявіўся талент акцёра, пачаў працаваць на кінафабрыцы і здымацца ў фільмах.

Мікалай меў не толькі артыстычны талент, але і прыгожы голас (бас-барытон), дзякуючы чаму пазней пачаў спяваць у оперы. Захавалася некалькі фотаздымкаў, на якіх Мікалай Дзянькевіч — у партыях Мефістофеля ў оперы Ш.Гуно “Фаўст” і Дона Бартала ў оперы Дж.Расіні “Севільскі цырульнік”.

Разам з жонкай, вядомай піяністкай, наш зямляк выступаў на сцэнах тэатраў розных гарадоў Расіі, пасля вайны быў артыстам хору Кіеўскай оперы. Творчыя гены перадаліся сынам Мікалая Дзянькевіча, якія таксама здолелі рэалізаваць сябе ў мастацтве: старэйшы, Аляксандр, скончыў кансерваторыю ў Кіеве і стаў таленавітым піяністам, а малодшы, Мікалай, працаваў рэжысёрам дакументальнага кіно.

Яшчэ больш адметным аказаўся лёс яго сястры Людмілы. Пасля пераезду да брата ў Кіеў яна ў 1930-м, у чатырнаццацігадовым узросце, пачала навучанне ў Кіеўскай музпрафшколе. Налета паступіла ў педагагічны тэхнікум, які пазней быў рэарганізаваны ў Інстытут народнай адукацыі. Да 1935 года дзяўчына з Карэліч вучылася на гісторыка-літаратурным факультэце гэтага інстытута. Пазней, захапіўшыся мастацтвам кіно, паступіла на рэжысёрскі факультэт кінаінстытута — адразу на трэці курс. Ейнай дыпломнай работай стаў кароткаметражны фільм “Жаніхі” паводле твораў А.Чэхава, зняты ў 1937-м.

У студзені 1938 года Людміла Дзянькевіч была залічана ў штат Адэскай кінастудыі мастацкіх фільмаў. Але яе шлях у кіно пачаўся яшчэ ў час вучобы, калі яна ў якасці асістэнта рэжысёра спрычынілася да здымак стужак “Кандуіт” (1935 г.) і “Маракі” (1936 г.) на Адэскай кінастудыі, “Строгі юнак” (1935 г.) на Кіеўскай кінастудыі і карціны “Пётр I” (1938 г.) на кінастудыі “Ленфильм”. Апошняя была прызнана адным з выдатных дасягненняў савецкай кінематаграфіі.

У 1941-м Адэскую кінастудыю эвакуіравалі ў Ташкент. З сабой у эвакуацыю наша зямлячка забрала 75-гадовую маці, якая пераехала з Карэліч да яе ў Кіеў у 1938-м. Шлях да месца прызначэння аказаўся няпростым, да таго ж, у дарозе ў Людмілы скралі сумку з грашыма і дакументамі. Чыгуначная міліцыя так і не здолела знайсці злодзеяў. І толькі праз некалькі дзён у Ташкенце на кінастудыю падкінулі парваны дыплом Людмілы, іншыя ж дакументы зніклі...

Амаль адразу пасля пераезду ў Ташкент Людміла Дзянькевіч уключылася ў складаны працэс кінавытворчасці ва ўмовах эвакуацыі. У 1941 годзе яна працавала асістэнтам рэжысёра на здымках фільма “Марскі ястраб”. Праца была складаная і адбірала шмат часу і сіл. Бытавыя ўмовы на новым месцы таксама былі нялёгкія. Там, у Ташкенце, Людміле давялося перажыць вялікае гора: у 1942-м памерла маці, Паліна Сямёнаўна. Напружаны здымачны працэс дапамог дзяўчыне перажыць страту.

У 1943 годзе яна працавала рэжысёрам на здымках стужкі “Я — чарнаморац!”. Знаходзячыся ў кінаэкспедыцыі ў горадзе Батумі, Дзянькевіч здымала эпізод высадкі дэсанту. У гэты момант здарылася бяда: прапелерам самалёта ёй перабіла руку. Раненне было цяжкае, і Людміла вымушана была тры месяцы лячыцца ў ваенна-марскім шпіталі, але вярнуць руцэ поўную рухавасць так і не ўдалося…

У 1944-м Людміла вярнулася ў Кіеў і стала працаваць рэжысёрам на кінастудыі імя А.Даўжэнкі. Праз тры гады яна прыняла ўдзел у здымках фільма “Блакітныя дарогі”. У 1951-м на здымках стужкі “Тарас Шаўчэнка” ёй давялося працаваць з такімі вядомымі артыстамі, як Іван Пераверзеў, Марк Бернэс і Аляксей Кансоўскі (апошні вядомы па ролі Прынца ў стужцы “Папялушка”). На наступны год на здымках фільма “Максімка” лёс ізноў звёў яе з Маркам Бернэсам і пазнаёміў з Міхаілам Пугаўкіным. У тым жа годзе сваю першую ролю ў карціне “Лёс Марыны”, у здымках якой брала ўдзел Людміла Дзянькевіч, сыграў вядомы артыст Леанід Быкаў. Далей былі стужкі “Камандзір карабля” (1954 г.), “Матрос Чыжык” (1955 г.), “Мора кліча” (1956 г.) — і шматлікія сустрэчы з выдатнымі майстрамі кіно. Часам Людміла Дзянькевіч працавала другім рэжысёрам, таму ейнае імя заставалася ў цені імені галоўнага рэжысёра-пастаноўшчыка. Пазней наша зямлячка агучвала карціны кінастудыі А.Даўжэнкі ды замежныя фільмы. Яна несла людзям зарад дабра, аптымізму, станоўчых ідэалаў, якія былі ўласцівы лепшым савецкім фільмам…

На вернісажы прысутнічалі сваякі Людмілы і Мікалая Дзянькевічаў. Унучаты пляменнік нашых славутых землякоў — Мікалай Ешман, дзякуючы якому дакументы і фотаздымкі з Украіны трапілі на выстаўку ў Раённы краязнаўчы музей, падзяліўся сваімі ўспамінамі пра сустрэчы з родзічамі. Хочацца выказаць шчырыя словы падзякі сыну Мікалая Дзянькевіча, Аляксандру, пляменніку Яўгенію Главацкаму і Ірыне Адамік за каштоўныя матэрыялы, што яны перадалі ў музей.

Святлана КОШУР, старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага  краязнаўчага музея