У часе і прасторы

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

З пункта гледжання свайго прызначэння...
У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі дэманструецца выстаўка “Бібліятэка ў часе і прасторы”, прымеркаваная да Дня бібліятэк. Асноўныя экспанаты — старадрукі з гравюрамі XV — XVIII стст., у якіх адлюстраваны інтэр’еры і дызайн бібліятэк, а таксама ўвасоблены вобразы кніжнікаў розных гістарычных эпох.

/i/content/pi/cult/448/9387/13-3.jpeg /i/content/pi/cult/448/9387/13-4.jpeg

Як вядома, бібліятэкі належаць да найстаражытнейшых устаноў навукі і культуры, якія збіраюць, захоўваюць ды забяспечваюць доступ да значнай часткі культурнай спадчыны. На працягу стагоддзяў бібліятэкі змяняліся як з пункта гледжання свайго прызначэння ды выкарыстання, так і ў архітэктурным ды дызайнерскім плане. Кожная эпоха і кожная краіна будавалі і будуюць бібліятэкі, што адпавядаюць пэўным гістарычным умовам, узроўню развіцця навукі ды тэхнікі. Усе гэтыя працэсы знайшлі адлюстраванне ў кніжных гравюрах.

Узнікненне спецыялізаваных бібліятэчных будынкаў адносяць да глыбокай старажытнасці. Так, знакаміты трактат Ф.Пятраркі “Аб сродках супраць нечаканасцей лёсу”, выдадзены ў 1532 г. з выдатнымі ксілагравюрамі вядомага “Майстра Пятраркі”, змяшчае выяву пажару ў адной з самых даўніх і вялікіх бібліятэк Антычнасці — Александрыйскай, вядомай з ІІІ ст. да н.э.

У Сярэднявеччы цэнтрамі кніжнасці былі манастыры і ўніверсітэты, пры якіх звычайна дзейнічалі скрыпторыі. Уяўленне пра агульны выгляд памяшканняў скрыпторыяў і бібліятэк, а таксама аб прыладах працы перапісчыкаў даюць гравюры нямецкіх майстроў з аўгсбургскіх выданняў прац Цыцэрона 1-й паловы XVІ ст. Вобразы Святых Апосталаў, Айцоў Царквы і евангелістаў, якія традыцыйна ў руках трымаюць скруткі, пішуць або дыктуюць кнігі, увасоблены ў еўрапейскіх інкунабулах XV ст. і беларускіх старадруках XVІ — XVІІ стст. Напрыклад, экспануецца еўрапейскае выданне 1492 г. з выявай святога Амвросія Медзіяланскага, у гонар якога названа адна з найстаражытнейшых бібліятэк Італіі. Побач — віленскае выданне “Евангелля” Пятра Мсціслаўца 1575 г. з выявамі евангелістаў.

Бліжэй да ХVІІ ст. бібліятэчныя будынкі становяцца больш удасканаленымі і абсталяванымі. Распаўсюджванне кнігадрукавання ды павышэнне ўзроўню адукаванасці садзейнічала фарміраванню навуковых бібліятэк — як прыватных, так і пры розных установах. Інтэр’еры ды абсталяванне бібліятэк навуковых устаноў, у тым ліку ўніверсітэцкіх, а таксама прыватных кнігазбораў выдатна ўвасоблены ў гравюрах са старадрукаў XVIII ст.

Найбольш яркі прыклад — пражскае выданне 1797 г., у якім апісваецца гісторыя найстаражытнейшай бібліятэкі Чэхіі — бібліятэкі манастыра прэманстрантаў у Страгаве і змешчана гравюра яе выключнага інтэр’ера.

Праца аўстрыйскага паэта і бібліёграфа М.Дэніса прысвечана асаблівасцям бібліятэкі самай старажытнай школы міжнародных адносін і дыпламатыі ў свеце — Тэрэзіянскай Акадэміі ў Вене. Выданне 1780 г. таксама суправаджае гравюра, што адлюстроўвае бібліятэчную залу…

Марыя ШОПІНА, галоўны бібліятэкар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі