Лёгка даведацца пра густы і чаканні

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Наталля ЧЫСЦЯКОВА, дырэктар КУКП “Мазыркінавідэапракат”
Глядач — чалавек патрабавальны. Супрацоўнікі кінавідэапракату ведаюць гэта лепш за іншых. І каб інтэрнэт-кантэнт не пазбавіў кінатэатры наведвальнікаў, трэба навучыцца "эксплуатаваць" Сеціва на карысць.

/i/content/pi/cult/448/9386/13-2.jpeg

1. Інфармацыя

Даведваемся пра прэм’еры, глядзім трэйлеры да новых фільмаў, складаем рэйтынг чаканняў — усё гэта, зразумела, робіцца ў Інтэрнэце. Заўсёды ў актыўным пошуку самага цікавага для нашага гледача. Праз Сеціва атрымліваем вельмі шмат карыснай інфармацыі і тэхнічнага характару, і для пашырэння кругагляду, а галоўнае — аператыўна. І пытанні, што стаяць на парадку дня, хутчэй вырашаем. Уся інфармацыя — у свабодным доступе, і прааналізаваўшы яе, можна вельмі хутка зрабіць нейкія высновы, прыйсці да пэўнага рашэння.

2. Знаёмства

У сацыяльных сетках зрабілі старонку нашага кінатэатра: для таго, каб людзі бачылі, чым мы займаемся і які ў нас калектыў. Хочацца, каб наведвальнікі мелі ўяўленне, што за кожным сеансам стаяць рэальныя людзі, якія яго рыхтуюць, шмат працуюць для гледачоў… На старонцы выкладваем фотаздымкі з розных мерапрыемстваў, напрыклад, з адкрыцця новай залы або святкавання 85-годдзя беларускага кіно. Прыемна, што людзі каментуюць іх, пішуць добрыя водгукі пра дзейнасць супрацоўнікаў кінатэатра. Сапраўды, атрымліваецца, што глядач не заўсёды ведае, колькі цікавых людзей працуе ў нас, а Інтэрнэт дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з імі.

3. Навіны

Вельмі зручна, калі інфармацыю набываеш хутка. Заўсёды звяртаемся да нашай мазырскай газеты, а таксама да інтэрнэт-версій іншых выданняў. Наогул, тое, чым жыве Мазыр і Гомельская вобласць, якія мерапрыемствы тут адбываюцца, знаходзіць адлюстраванне і ў нашай працы. Напрыклад, у верасні праводзілі паказ беларускай стужкі “Сляды апосталаў” у рамках кінафестывалю “70 гадоў без вайны”. А 5 кастрычніка да Дня горада “Мір” падрыхтаваў таксама свой маленькі ўнёсак: у нас пройдзе дзённы кінапаказ для дзяцей з сіроцкага прытулку.

4. Рэалізацыя

У гэтым годзе мы абнавілі знешні выгляд касы, а далей стаяць пытанні мадэрнізацыі касавых апаратаў і продажу білетаў праз Інтэрнэт. Думаю, што на пачатку наступнага года будзем шчыльна працаваць над гэтым, бо гэта подых часу: людзі шмат карыстаюцца Сецівам ды электроннымі плацяжамі. А такая рэалізацыя білетаў палягчае іх набыццё і пазбаўляе людзей ад марнавання часу ў чарзе. Ніякіх складанасцей у падобным варыянце продажу быць не павінна. Зараз існуе пэўная праграма, у якой мы не першыя ўжо будзем працаваць, і, спадзяюся, вопыт нашых мінскіх калег дапаможа нам у гэтым.

5. Даведнік

Сайт нашага кінатэатра пакуль не на належным узроўні. Зразумела, што ў гэтым кірунку трэба плённа працаваць. Інтэрнэт дапамагае гледачу вызначыцца з выбарам сеансу, даведацца, на якія месцы засталіся білеты, паглядзець той жа трэйлер. Нам неабходна старонка, дзе інфармацыя будзе абнаўляцца своечасова, дзе ёсць сусветныя кінанавіны ды ўсё, што датычыцца працы кінатэатра. Імкнёмся выкарыстоўваць усё больш новых тэхналогій, і, несумненна, Сеціва тут — вялікі дапаможнік…

Занатавала Вольга НАВІЦКАЯ