КРУКОЎСКІ Мікалай Ігнатавіч

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

30 верасня 2013 г. на 89 годзе пайшоў з жыцця КРУКОЎСКІ Мікалай Ігнатавіч — выдатны беларускі навуковец, філосаф, эстэтык, культуролаг, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кандыдат філалагічных навук, доктар філасофскіх навук, прафесар.

Мікалай Ігнатавіч Крукоўскі прайшоў плённы і складаны жыццёвы шлях. Ён нарадзіўся 16 лістапада 1923 г. у вёсцы Машкова Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны добраахвотнікам пайшоў на фронт. Ваяваў у партызанскай брыгадзе Канстанціна Заслонава. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалём “За адвагу”, медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені.

Пасля вайны скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1950 г.). З 1963 г. выкладаў у Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце, працаваў у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Францыска Скарыны.

З 1994 года і да апошняга часу Мікалай Ігнатавіч з’яўляўся супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, выкладаў на кафедры філасофіі, працаваў вядучым спецыялістам навукова-даследчага аддзела.

Мікалай Ігнатавіч Крукоўскі — аўтар шматлікіх артыкулаў, манаграфій, дапаможнікаў па праблемах сучаснай эстэтыкі, культуралогіі, па пытаннях станаўлення нацыянальнай самасвядомасці, узаемаадносін культуры і суверэнітэту народа, у тым ліку: “Логіка прыгажосці” (1965 г.), “Асноўныя эстэтычныя катэгорыі: вопыт сістэматызацыі” (1974 г.), “Кібернетыка і законы прыгажосці” (1977 г.), “Homo pulcher — Чалавек прыгожы” (1983 г.), “Філасофія культуры: уводзіны ў тэарэтычную культуралогію” (2000 г.), “Бляск і трагедыя ідэалу” (2007 г.) ды іншых. Яго навуковыя інтарэсы мелі шырокі абсяг і ахоплівалі праблематыку філасофіі, лінгвістыкі, эстэтыкі, культуралогіі ды іншых галін ведаў.

Мікалай Ігнатавіч займаў актыўную жыццёвую пазіцыю, выхаваў не адно пакаленне маладых навукоўцаў. Яго заслугі па праве адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь смуткуе з прычыны смерці Мікалая Ігнатавіча Крукоўскага і выказвае спачуванні яго родным і блізкім.

Светлая памяць аб Мікалаі Ігнатавічы Крукоўскім назаўсёды захаваецца ў сэрцах яго родных і блізкіх, вучняў і калег.