А бондары — на вагу золата

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Сёння ўжо практычна не засталося дзеючых майстроў-бондараў. Аднаму з найстарэйшых майстроў бондарскай справы — Сяргею Свірэпу споўнілася больш за 80. І быў бы ён апошнім бондарам, каб дзевяць гадоў таму супрацоўнікі аддзела культуры не стварылі ў горадзе Іванава школу бондарства...

За адраджэнне старажытнага рамяства ўзяўся жыхар Іванава Васіль Голік, які быў перакананы, што саліць агуркі ды квасіць капусту трэба абавязкова ў драўляных бочках. Ён жа і стаў першым дырэктарам школы, якой цяпер кіруе яго ўдава — Тамара Голік. У школу, адкрытую ў 2000-м, прымалі вучняў 7-х — 9-х класаў агульнаадукацыйных школ горада Іванава. Па трохгадовым курсе навучання ў ёй займалася каля паўсотні навучэнцаў.

Чаму хлапчукоў бяруць толькі з сёмага класа? Усё проста: у шасцікласнікаў яшчэ няма сілы трымаць у руках сякеру. Дзяўчынкі таксама просяцца. І школа гатовая ўзяць іх на вучобу, бо ім можна даручыць дэкаратыўнае аздабленне вырабаў. А яшчэ вучняў знаёмяць з матэрыялазнаўствам, чарчэннем, маляваннем і жывапісам, кампазіцыяй.

Праграму і вучэбны план давялося зацвярджаць у шасці міністэрствах: працы, фінансаў, юстыцыі, адукацыі, культуры і эканомікі. Потым адрамантавалі будынак, заказалі на заводзе прылады…

У Іванаўскай школе бондарства адбылося шэсць выпускаў. Шмат хто з яе выпускнікоў пасля заканчэння працягвае адукацыю па атрыманай спецыяльнасці ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах і ПТВ. У народнага бондарскага рамяства з’явілася будучыня. А калектыву школы ў 2009 годзе была ўручана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” ў намінацыі “Народная творчасць”.

Аднак, на вялікі жаль, Іванаўская школа бондарства, адзіная ў Беларусі, сёлета змяніла статус і стала звычайнай дзіцячай школай мастацтваў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У гэтым навучальным годзе тут запланавана адкрыццё новага аддзялення — роспіс па дрэве.

Бондарству вучацца зараз больш за паўсотню хлопчыкаў 7-х — 9-х класаў, якія жывуць не толькі ў райцэнтры, але і ў навакольных вёсках. Выпуснікі школы працягваюць навучанне ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным і Кобрынскім мастацкім каледжах. Хлопцы могуць вырабіць скрыню для сала, маслабойку ды іншыя вырабы з дрэва…

Сёння перад нашым пакаленнем стаіць складаная ды важная задача: не страціць і аднавіць шматлікія дасягненні нашых продкаў. Самыя розныя бытавыя рэчы, прылады працы, упрыгожанні — усе яны нясуць пэўны этнакультурны сэнс, традыцыі, даюць нам найкаштоўнейшую інфармацыю пра нашу мінуўшчыну. Поспех іванаўскіх вучняў пераконвае, што сакрэты бондарскага рамяства на Беларусі захаваюцца, бо сапраўднае мастацтва не сыходзіць у нябыт і не знікае назаўжды…

Галіна СУША, спецыяліст аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Інстытута культуры Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці