Песня на 12 “…Акордаў”

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

ХІІ Рэспубліканскі конкурс маладых эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд” прыпаў сёлета на тры юбілеі: 65-годдзе “БелАЗа”, 375 гадоў з часу першай згадкі ў летапісах мясцовасці, дзе пабудаваны завод, і 50-годдзе атрымання Жодзінам статуса горада.

Дадзены конкурс шмат у чым можа лічыцца своеасаблівай лабараторыяй беларускай песні. І справа не толькі ў тым, што адна з дзвюх песень павінна быць беларускамоўнай.

/i/content/pi/cult/448/9376/8-3.jpeg

Аргкамітэт на чале з дырэктарам ПК “БелАЗа” Генадзем Смольскім сочыць за тым, каб беларускі рэпертуар пастаянна пашыраўся ды абнаўляўся. Такі падыход паступова змяняе і вольную праграму ўдзельнікаў: у ёй пачынае гучаць на дзіва шмат песень “добрых і розных”, а не адно дрэнныя копіі замежнай эстрады, што мяжуюць з пародыяй.

І, галоўнае, усё гэта застаецца ў аўдыяфондах і — выдаецца на кампакт-дысках, якія потым могуць “круціцца” не толькі ў хатнім асяродку ўдзельнікаў, але і на дыскатэках, нават на Беларускім радыё, павышаючы вагу не адно конкурсу, але і нашага нацыянальнага эстраднага мастацтва.

Пачынаючы з леташняга конкурсу, беларускую песню ўдзельнікі выконваюць у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. Сёлета гэты калектыў увогуле здзейсніў творчы подзвіг. З-за супадзення па тэрмінах з “Дажынкамі”, дзе браў удзел духавы бэнд, ад аркестравага суправаджэння хацелі ўжо адмовіцца. Дый за публіку баяліся: ці збярэцца яна а 22-й гадзіне, калі прыездзе аркестр? Але зала была паўнюткая! Музыканты ж адразу пасля завяршэння “дажынкаўскай” праграмы рушылі са Жлобіна ў Жодзіна. Па дарозе расклалі ноты ў парадку, адпаведным лёсаванню ўдзельнікаў. І з аўтобуса — на сцэну, для апошняй паўгадзіннай рэпетыцыі з вакалістамі, бо ранейшыя “прыстасаванні” салістаў і аркестра адбываліся раней у Мінску. Але ўсё роўна канкурсанты лепш спявалі назаўтра — на заключным гала-канцэрце, калі жарсці спаборніцтва ўжо ўлегліся, а ўдзельнікі крыху адпачылі (прыз аркестра, падпісаны В.Бабарыкіным, атрымаў секстэт “Арыён” з Магілёва, які скарыў добрым шматгалоссем).

Удзел аркестра яшчэ больш павысіў патрабаванні да ўдзельнікаў. Невыпадкова сёлета на пяць гадоў была ўзнята верхняя ўзроставая планка: ад 16-ці да 30-ці гадоў.

Пра трывалы рост прэстыжнасці конкурсу сведчыць і пашырэнне яго геаграфіі. Ужо некалькі гадоў як ён можа лічыцца Адкрытым, бо на яго з задавальненнем прыязджаюць салісты і гурты з Расіі (“Накцюрн” з Курскай вобласці стаў уладальнікам прыза “Сцэнічнае абаянне”). Сёлета ўпершыню ўдзельнічала яшчэ і Украіна. А калі да беларускага рэпертуару звяртаюцца замежныя канкурсанты, гэта не што іншае, як дадатковая папулярызацыя нашай нацыянальнай культуры, у тым ліку ў замежжы. Няма сумневу: за час існавання конкурс займеў сваё аблічча, даў добры старт многім спевакам (праз яго адбор прайшло больш за 600 маладых салістаў ды вакальных ансамбляў) — і па сваім узроўні ўзрос гэтак жа, як і прадукцыя “БелАЗа”.

Сёлета вылучыліся адразу двое лідараў: вельмі музычная, абаяльная, пластычная мінчанка, выхаванка Тэатра-студыі “Хвілінка” Кацярына Шумская з адметным рэпертуарам, уменнем кожную песню выканаць “па-свойму” — і добра падрыхтаваная ўкраінка, студэнтка музычнага вучылішча імя М.Гліэра Юлія Сідарук, уладальніца моцнага голасу з вялікім дыяпазонам і народнымі адценнямі. Іх падзяляў усяго адзін бал, і першая справядліва стала ўладальніцай Гран-пры, другая — Першай прэміі ды Прыза глядацкіх сімпатый. Віталь Сычоў з Гомеля ўразіў цікавым пачуццёвым голасам, але з аркестрам крыху разгубіўся (Другая прэмія). Ганна Салаўянчык з Пухавіцкага раёна і Кацярына Лазука са Старадарожскага раёна зачаравалі агульнай гарманічнасцю, кранальнымі тэмбрамі, але так і не выявілі тэмпераменту (Трэцяя прэмія).

Прыз за лепшую песню атрымаў народны артыст Беларусі, знаны кампазітар Эдуард Зарыцкі. Прэм’ернае выкананне гэтай адметнай, далёкай ад звыклых клішэ, кампазіцыі “Плылі гусанькі” на верш Васіля Зуёнка калісьці прынесла перамогу Наталлі Тамела на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Больш да “…Гусанькаў” ніхто не звяртаўся: можа, надта складанай здавалася песня, асабліва па нечаканай інтанацыйнасці? А вось Кацярына Шумская рызыкнула — і перамагла, вярнуўшы слухачам сапраўдную перліну.

Прыз за аўтарскую песню дастаўся гамяльчанцы Таццяне Астапенка — за “Аўкцыён”, што па стылістыцы, асабліва ў прыпеве, блізкі да душашчыпальнага шансона. Выбару ў гэтай намінацыі папросту не было: усяго дзве спявачкі, адна з якіх, са схільнасцю да року, атрымлівала гэтую ўзнагароду ўжо летась. А між тым, папраўдзе добрых песень розных аўтараў — як прафесіяналаў, так і аматараў, у тым ліку тых, дзе музыка і словы былі створаны адным чалавекам, — на конкурсе хапала. Высокім прафесіяналізмам, адухоўленасцю і прыгажосцю лірыкі свяціліся творы Алены Атрашкевіч, прыўзнімаючы выканаўцаў і прыносячы ім лаўрэацтва, а кампазітару — прыз “За любоў да роднай песні”. Амаль імпрэсіянісцкай аранжыроўкай вылучаліся кампазіцыі Фёдара Жыляка. “Народнасцю”, фальклорнай афарбаванасцю аўтарскай думкі — “Раніца” Аліны Конаравай у выкананні артыстычнай, непасрэднай Настассі Ляскоўскай з Лідыды інш.. Але — не падыходзілі яны пад азначэнне, закладзенае ў Палажэнне аб конкурсе. Дык, можа, трэба яго адкарэктаваць? Назвы спецыяльных прызоў увогуле было б мэтазгодна пакінуць “адкрытымі”, каб журы мела магчымасць адзначаць лепшых менавіта за тое, што было ў іх найбольш адметным.

Фота Руслана АНАНЬЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"