Эканомія і беражлівасць як дзяржаўная палітыка

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

10 студзеня ў Нацыянальным прэс-цэнтры РБ адбылася прэс-канферэнцыя “Удзел Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні Дырэктывы № 3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”. На пытанні журналістаў адказалі намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка, генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Гарбар, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў, дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Эдуард Герасімовіч.

 /i/content/pi/cult/144/937/Ekamomija.jpg
У.Грыдзюшка зазначыў, што ўстановы культуры Беларусі, арганічна сумяшчаючы пытанні і творчыя, і вытворчыя, займаюцца не толькі прафесійнай дзейнасцю, але і ствараюць механізм эканамічнага функцыянавання, якое наўпрост звязана з ашчадным выкарыстаннем энергарэсурсаў. У адпаведнасці з комплекснай праграмай, распрацаванай міністэрствам, у мінулым годзе за кошт энергазберагаючых мерапрыемстваў толькі па арганізацыях рэспубліканскай формы ўласнасці зэканомлена каля 250 мільёнаў рублёў, па арганізацыях камунальнай формы ўласнасці зэканомлена 9,5 тысячы тон умоўнага паліва. Эканамічны эфект — больш за 2 мільярды рублёў. Гадавыя мэтавыя паказчыкі энергазберажэння па ўстановах культуры рэспублікі ў цэлым перавыкананы.
А.Гарбар, У.Пракапцоў, Э.Герасімовіч падзяліліся досведам па выкананні Дырэктывы № 3 у падпарадкаваных установах. Да прыкладу, перарасход паліва няўхільна цягне за сабой зніжэнне прэміяльных выплат. А агульная выснова такая: у якасна адрамантаванай і мадэрнізаванай установе культуры — і расходаў меней, і ўмовы для творчасці — самыя камфортныя. Значыць, і рэалізацыя платных паслуг прыносіць стабільны плён. Таму і натуральна, што Міністэрства культуры лічыць гэты кірунак працы адным з першарадных у штодзённай дзейнасці...
Больш падрабязна аб надзённых пытаннях эканоміі і беражлівасці, аб якіх ішла гаворка на прэс-канферэнцыі, — у наступным нумары “К”.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
На здымку (злева направа):
дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Э.Герасімовіч, намеснік міністра культуры РБ У.Грыдзюшка, генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі А.Гарбар у час прэс-канферэнцыі.
Фота аўтара