Утоеныя скарбы Любаншчыны

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

Фестываль
Шырокая геаграфія фестывальнага турнэ па малых гарадах, што вось ужо які год ладзіць Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, у гэтыя выхадныя папоўніцца новым пунктам: у Любані ўпершыню пройдзе Абласное свята мастацтваў “Палескія сустрэчы”.

Фэст будзе доўжыцца ўсяго адзін дзень — 5 кастрычніка, — але ж яго праграма папраўдзе вельмі насычаная ды разнастайная. Ужо па традыцыі, яна распачнецца “навуковым” блокам — прэзентацыяй кнігі вядомага музыколага Вольгі Дадзіёмавай “У гонар Любані: пяць музычных крокаў па Міншчыне” ў Дзіцячай школе мастацтваў. Затым там адбудзецца ўручэнне пасведчанняў стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Маладыя музыканты з розных куткоў Міншчыны выступяць з канцэртнай праграмай.

Фестываль не абмяжуецца адно тэрыторыяй райцэнтра, паслядоўна кіруючыся старым, але зусім не састарэлым лозунгам “Мастацтва — у масы!”. Своеасаблівым эксперыментам абяцае стаць канцэрт беларускай класікі на сцэне Сароцкага СДК.

Урэшце, на цэнтральнай плошчы гарадка знакаміты аркестр дасць свой гала-канцэрт, у сканцэнтраванай форме выявіўшы ўсё, на што ён здатны. Публіку чакаюць і лепшыя беларускія песні ў выкананні тых салістаў калектыву, якіх ужо даўно можна лічыць нашымі зоркамі, і знаёмства з новымі цікавымі імёнамі, і экскурс у гісторыю беларускага джаза, прысвечаны яго 75-годдзю. Нягледзячы на прагнозы сіноптыкаў, атмасфера абяцае быць цёплай.

Лейтматывы праграмы свята ўжо прадвызначаны: акурат сёлета спаўняецца 190 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі. “Вясковы лірнік” з’явіўся на свет у вёсцы Смольгава, што на Любаншчыне. Цікавае супадзенне, але на бягучы год прыпадае яшчэ адно 190-годдзе сына таго краю — фалькларыста і містыфікатара Паўла Шпілеўскага, чые творчыя набыткі маглі б паслужыць натхненнем для дзясяткаў раманаў у жанры беларускага фэнтазі. Землякі на гэтую постаць не забываюцца: Любанскі райвыканкам нават заснаваў сваю прэмію ў яе гонар. А вось што да больш шырокай “раскруткі”… Думаецца, фэст тут можа адыграць сваю ролю.

— Старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура падказаў нам ідэю зладзіць фестываль у гэтым горадзе, пра які мала хто ведае, хаця па сваіх багаццях ён не саступае многім культурным цэнтрам, — распавёў мастацкі кіраўнік свята, народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг. — З Любаншчынай звязана плеяда знакавых постацей нашай культуры: і Сыракомля, і Купала, і Аладаў… Часта мы жывём побач з сапраўднымі багаццямі, нават не ўсведамляючы гэтага, альбо не задумваючыся. І задача фэсту — акурат “вынесці на святло” тыя культурныя скарбы…