“13” аднаўленню не пашкодзіць

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

ХІІІ Міжнародны музычны фестываль “Залаты шлягер у Магілёве”, які пройдзе 8 — 13 кастрычніка, збярэ ўдзельнікаў з 17 краін свету. А яго разнастайная праграма павінна задаволіць прыхільнікаў самых розных стыляў і напрамкаў, у тым ліку расійскіх слухачоў, якія едуць на фестываль цэлымі аўтобусамі...

/i/content/pi/cult/448/9364/1-1.jpeg

Магілёў — акрамя таго, што названы сёлетняй Культурнай сталіцай Беларусі — даўно ўжо, як адзначыў на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі, можа лічыцца спеўнай сталіцай нашай краіны. І не толькі з-за “Залатога шлягера”, які прапісаўся тут з 1996 года. Праводзяцца ў Магілёве і іншыя спеўныя святы — той жа Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Дый многія нашы оперныя і эстрадныя зоркі (Ніна Шарубіна, Сяргей Франкоўскі, Іна Афанасьева, Наталля Падольская, Пётр Ялфімаў) родам з гэтага горада, бо тут добра развіты вакальны студыйны рух. Ну а на цяперашнім “Залатым шлягеры…” заспявае ўся зала. Адзін з канцэртаў так і названы — “Застольныя песні”: знакамітыя беларускія і расійскія артысты будуць спяваць разам з публікай у суправажэнні аднаго з вядучых калектываў Магілёўскай абласной філармоніі — аркестра народных інструментаў імя Леаніда Іванова.

Канцэрты фарміраваліся, што называецца, “па інтарэсах”, не забыліся нават на класіку.

Як ніколі шырока будзе прадстаўлены джаз, дзе музыканты з сусветна вядомых беларускіх гуртоў “Камерата”, “Apple Tea” выступяць не толькі са сваёй праграмай, але і сымправізуюць разам са знанымі калегамі з ЗША ды Ізраіля. Пройдуць і майстар-класы. Акрамя гала-канцэртаў, якія заўсёды карыстаюцца павышанай увагай публікі, адбудзецца і сольнік — Юрыя Антонава.

Ёсць і дзіцячы канцэрт, а для моладзі — “дыскатэка”: на праграме “Месца сустрэчы — танцпляцоўка” прадугледжаны білеты не толькі ў “партэр”, але і на танцпол. Дарэчы, менавіта на гэтым канцэрце ўсе стануць сведкамі аднаўлення былога суперпапулярнага дуэта “Дзі-Бронкс & Наталі”. Сёння мы ведаем яго ўдзельнікаў як эстрадную салістку Венеру і знакамітага Дзяніса Шпітальнікава, які паспяхова заняўся тэлепрадзюсарствам. Але на “Залатым шлягеры ў Магілёве” яны з’яднаюцца, як гэта было з іншымі нашумелымі калектывамі на магілёўскім форуме не раз.

Ды ўсё ж галоўнай асаблівасцю сёлетняга фестывалю з’яўляецца тое, што ў яго рамках адноўлены Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў. Ад Беларусі ў ім возьме ўдзел саліст Магілёўскай абласной філармоніі Алекша Чорны. Цікава, хто з канкурсантаў выцягне нумар 13? Бо ўжо зараз зразумела, што гэтая лічба для цяперашняга свята — сімвалічная: фестываль — 13-ы па ліку, праводзіцца ў 2013 годзе, завяршаецца 13 кастрычніка, а ў конкурсе ўдзельнічае 13 спевакоў з 13-ці краін.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"