Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013” распачаўся тэатралізаваным шэсцем пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы сёлетняга ўраджаю. На галоўнай пляцоўцы свята — ля Палаца культуры металургаў — адбылося ўрачыстае адкрыццё “Дажынак”. Як і заўжды, у іх бяруць удзел лепшыя творчыя сілы раёна, вобласці, рэспублікі.
Але ў кожнага хлебаробскага свята — свае адметнасці, свае нечаканасці ды сюрпрызы. Да прыкладу, выстаўка сельскагаспадарчай тэхнікі суседнічае з выстаўкай-продажам вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рамеснікаў Гомельшчыны. Як паведамляе “К” дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Мікалай Шамшэня, выстаўку майстроў (75 творцаў і 8 аматарскіх аб’яднанняў з кожнага раёна) назвалі “Палеская слабада”. У ёй дзейнічае шэсць тэматычных падворкаў: “Глінянае хараство”, “Чароўнае суквецце” (строй, ткацтва, лялькі), “Ажылая даўніна” (бондарства, бяроста, лозапляценне), “Саламяныя дзівосы”, “Кавальская справа”, “Палеская смаката”…
√
Не менш унушальным выглядала і свята Дзеруноў. Самаму вялікаму з іх быў нададзены статус пашанотнай стравы Беларусі. Адбыліся таксама прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу Гомельшчыны, свята аматарскага цыркавога мастацтва з удзелам артыстаў Беларусі, Расіі і Украіны. А канцэртная праграма дзіцячых калектываў ля ГЦК называлася “Ад маленькага зярнятка да вялікага караваю”.
Фестываль вулічнай творчасці ішоў паралельна з рэалізацыяй рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта БРСМ “Уладар сяла” і таварыскімі спартыўнымі матчамі.
Сёння, 28 верасня, будзе прадоўжана цырымонія ўручэння прэмій лепшым земляробам Беларусі. Пройдуць канцэрты творчых калектываў нацыянальных аб’яднанняў Беларусі, салістаў прадзюсарскага цэнтра Гомельскай абласной філармоніі, рок-гуртоў, спаборніцтвы па футболе “Залаты колас”, канцэрты артыстаў беларускай эстрады.