Кіраўнікам і спецыялістам адпаведных арганізацый, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё названых галін і ўдзельнічаюць у рэалізацыі важкіх для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны інавацыйных праектаў, штогод прадастаўляецца да 30 грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у кожнай з галін.
√
Грант выдаткоўваецца штомесячна ў памеры 25-кратнай тарыфнай стаўкі першага разраду і выплачваецца цягам года з дня яго прадастаўлення.
Такая выплата, у прыватнасці, для прадстаўнікоў культурнай сферы, прадугледжана для стымуляцыі падрыхтоўкі твораў мастацкай літаратуры, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, манументальнага, музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога ды іншых відаў мастацтва, фільмаў, культурна-відовішчных мерапрыемстваў высокага творчага ўзроўню, які спрыяў бы захаванню нацыянальных духоўных традыцый і прагрэсіўнаму развіццю беларускай культуры як неад’емнай часткі культуры сусветнай.
Гранты ў культуры прадастаўляюцца таксама на распрацоўку і рэалізацыю наватарскіх канцэпцый правядзення міжнародных ды рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў, выставак, іншых культурных мерапрыемстваў; на стварэнне новых музейных экспазіцый; на адраджэнне ў сучасных умовах народных традыцый, звычаяў, абрадаў, тэхналогій народных промыслаў (рамёстваў) і іх выкарыстанне ў практыцы работы арганізацый культуры, экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці; на захаванне, рэстаўрацыю, рэканструкцыю гтсторыка-культурных каштоўнасцей; на падрыхтоўку ўдзельнікаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, фестываляў, выставак; на рэалізацыю наватарскіх праектаў, скіраваных на прапаганду ды папулярызацыю дасягненняў беларускай культуры і мастацтва ў краіне і за яе мяжой.
Гранты могуць прадастаўляцца шматкроць адной і той жа асобе. Кандыдаты на атрыманне грантаў вылучаюцца камісіямі арганізацый, у якіх яны працуюць, на падставе матэрыялаў аб прафесійнай дзейнасці кандыдатаў за апошнія тры гады. У склад Рэспубліканскай камісіі па разглядзе кандыдатур увайшлі, у тым ліку, міністр культуры краіны Барыс Святлоў, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Алег Рыжкоў, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Аксана Волкава. Старшыня камісіі — намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік.