Нарада рэктараў

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

У рамках VIII Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі, у якім упершыню ўзялі ўдзел дэлегацыі з усіх краін СНД, адбылося пасяджэнне Савета рэктараў кансерваторый “Аб перспектывах супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ўстаноў вышэйшай адукацыі — партнёраў у 2014 г.”.

/i/content/pi/cult/447/9351/1-1.jpeg

Пад афіцыйнай назвай “маскіравалася” самая зацікаўленая размова на музычныя тэмы. Тым больш, што і ўверцюра да яе была — аркестравая! Аляксандр Сакалоў — рэктар Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага, які старшынстваваў на гэтым пасяджэнні, пачаў сваю прамову з уражанняў ад нядаўняга выступлення маладых беларускіх музыкантаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава: “Літаральна тыдзень таму ў Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі мы прымалі сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Поспех быў абсалютны. Зала на 1 700 месцаў была паўнюткая! Беларускі аркестр — выдатна падрыхтаваны, на найвысокім узроўні гралі салісты. Гэта добры стымул для далейшага прафесійнага росту маладых музыкантаў”. Дадамо, што саліравалі скрыпач Арцём Шышкоў і цымбалістка Вераніка Прадзед, а ў праграме было цэлае аддзяленне беларускай музыкі — твораў Яўгена Глебава і Дзмітрыя Смольскага.

Парад аркестраў кансерваторый СНД, прымеркаваны да 150-годдзя Маскоўскай кансерваторыі, — толькі адна з праграм, што планамерна рэалізуюцца Саветам рэктараў. Цяперашняя сустрэча кіраўнікоў музычных ВНУ была ўжо не першай: склалася ўжо традыцыя — праводзіць такія нарады ў час форумаў творчай і навуковай інтэлігенцыі СНД. Таму запланаванага — шмат. Новым вітком супрацоўніцтва стане стварэнне з’яднанага маладзёжнага аркестра. Яшчэ адным крокам да з’яўлення такога калектыву стане канцэрт да юбілею МДК на Васільеўскім спуску, дзе плануецца сабраць 800 маладых музыкантаў з краін СНД пад кіраўніцтвам Валерыя Гергіева або Уладзіміра Співакова. Стварэнне сумесных маладзёжных аркестраў — сустветная практыка, маладзёжны аркестр усходнееўрапейскіх краін існуе ў Еўрасаюзе. Сёння маладзёжныя аркестры ёсць ва ўсіх краінах СНД. У Арменіі ж такі калектыў атрымаў статус дзяржаўнага. Дык чаму б не з’яднаць намаганні? Дзейнасць падобных інтэрнацыянальных утварэнняў мае яшчэ і палітычнае значэнне: у такіх творчых калектывах сябруюць прадстаўнікі ўсіх краін. Да таго ж, аб’яднаны маладзёжны сімфанічны аркестр СНД мог бы весці шырокую гастрольную дзейнасць, папулярызуючы як выканальніцкае майстэрства, так і творы кампазітараў гэтых краін.

Сярод іншых цікавых прапаноў, якія былі агучаны на пасяджэнні Савета, — стварэнне ў музычных ВНУ, па прыкладзе маскоўскай кансерваторыі, таварыстваў тэорыі музыкі, якія пазней маглі б стаць чальцамі міжнароднай супольнасці.

Гарачую падтрымку знайшла і ідэя стварэння сумеснай электроннай бібліятэкі. З такой прапановай выступіў генеральны дырэктар выдавецкага дома “Музыка” — “П.Юрбенсон”, прэзідэнт Міжнароднага дабрачыннага фонду імя П.І. Чайкоўскага Марк Зільберквіт. Такая база, доступ да якой мелі б усе кансерваторыі СНД, стала б добрай метадычнай дапамогай у навучанні. Да таго ж, стварэнне такой з’яднанай сістэмы цалкам знішчыла б паняцці “перыферыя”, “глыбінка”, “несталічнасць”, дапамагло б змагацца з пірацтвам.

Таму трэба як мага хутчэй алічбоўваць свае фонды ды пачынаць абмен алічбаваным матэрыялам. Працягам гэтага мог бы стаць выпуск электронных падручнікаў. І нават — стварэнне сацыяльнай сеткі новага тыпу.

Яна з’яднала б выканаўцаў ды кампазітараў і дапамагла б ім прадстаўляць супрацоўнічаць на прафесійнай аснове. (Больш падрабязна пра электронную бібліятэку і музычную сацыяльную сетку — у адным з наступных нумароў “К”.)

Пра асноўны кантэкст форуму чытайце тут.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"