“Ёсць маякі, што асвятляюць нам дарогу”

№ 2 (820) 12.01.2008 - 18.01.2008 г

“Па гарадах і краінах” — так называецца выстаўка акварэлей народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стальмашонка, якая адкрылася 11 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі РБ. Яна прымеркавана да 80-годдзя мастака. Гэтую значную дату Уладзімір Іванавіч адзначыць 6 лютага гэтага года.

 /i/content/pi/cult/144/935/Stalmashonak1.jpg

У.Стальмашонак. “Нясвіж. Замак Радзівілаў”.

У.
Стальмашонак вядомы ў краіне і за яе межамі як выдатны жывапісец і педагог з 50-гадовым стажам працы. Палітра творчасці мастака ўключае станковы жывапіс (фігуратыўная карціна, партрэт), манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (вітраж, мазаіка, зграфіта, роспіс), сцэнаграфію і графіку.
На яго персанальнай выстаўцы 2004 года быў вельмі шырока прадстаўлены ўвесь спектр дзейнасці славутага мастака.
Яго лепшыя творы, у тым ліку карціны “ВХУТЕМАС. 1921 год”, “Сыны Радзімы”, “Свята ў камуне”, “Слова пра Беларусь”, “Словы паэта”, партрэты Якуба Коласа, Р.Шырмы, С.Прытыцкага, прадстаўнікоў роду Радзівілаў, ганаровых грамадзян Мінска ўвайшлі ў залаты фонд сучаснага беларускага жывапісу.
На пытанне — што мастак думае пра будучыню, ён сказаў: “Мы, беларусы, рушылі ў вялікую і нялёгкую дарогу, каб пабудаваць незалежную дзяржаву. На кожным шляху шмат прыпынкаў і паваротаў, бар’ераў і ўхабін, і мы павінны іх пераадольваць. Ёсць, ёсць маякі, што асвятляюць нам дарогу. Яны перш за ўсё ў духоўнай прасторы. Яны выпраўляюць нас у далейшы шлях, умацоўваюць сілы. У будучыні — дабро. У будучыні — магніт. У будучыні — рэальнасць. У будучыні — нашы крылы. Але трэба ведаць і любіць сваю мінуўшчыну, калі яна з’яўляецца з пражытых глыбінь. Інакш — нельга…”
 /i/content/pi/cult/144/935/Stalmashonak2.jpg

У.Стальмашонак. “На палубе”.


Сённяшняя экспазіцыя — невялічкая. Яна паказвае толькі адну грань творчасці Уладзіміра Іванавіча, якую сам аўтар не лічыць прыярытэтнай. Гэта — акварэльныя і пастэльныя работы, якія ствараліся ў выніку шматлікіх творчых камандзіровак, турысцкіх паездак па Беларусі, па ўсіх рэспубліках былога СССР, па краінах Еўропы і гарадах ЗША. Будзе дарэчы сказаць, што ён з’яўляецца ганаровым грамадзянінам г. Трэнтана (штат Нью-Джэрсі, ЗША), хаця больш ганарыцца званнем “Ганаровы грамадзянін Асіповіцкага раёна”, дзе нарадзіліся яго продкі, і дзе сёння, у г. Асіповічы, працуе імянная мастацкая галерэя У.Стальмашонка.
Аловак і фламастэр, пэндзаль і пяро — неразлучныя спадарожнікі мастака. Яны фіксуюць убачанае на заводах-гігантах, у шахтах, у Запаляр’і, з борта цеплахода, у час кароткіх прыпынкаў аўтобуса і імклівых імпэтных рэйдаў па новых месцах: ад Балгарыі да Італіі, ад Францыі да Германіі, ад Турцыі да Грэцыі…У акварэльных пейзажах і партрэтах, якія намаляваны ў адзін сеанс, найбольш ярка і поўна адкрываецца яго вострая назіральнасць, лёгкасць, віртуозная ўпэўненасць, тэмпераментнасць выканання і майстэрства ў выкарыстанні разнастайных творчых манер.
Сорак акварэлей розных гадоў, якія склалі экспазіцыю выстаўкі, Уладзімір Іванавіч прыносіць у падарунак роднаму Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь.

Наш кар.