Маторчык для ўсёй сям’і

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

Пачаць сезон — з прэм’еры! З такім лозунгам (праўда, так і неагучаным) Беларускі дзяржаўны тэатр лялек уступіў у сваё чацвёртае чвэрцьстагоддзе, адкрыўшы яго прэм’ерай спектакля “Малыш і Карлсан, які жыве на даху”. Летась тэатру споўнілася 75, цяперашні сезон — 76-ты. Што ж, акурат той узрост “у самым росквіце сіл”, калі хочацца лётаць.

І, галоўнае, для гэтага ёсць “маторчык” — ды не адзін!

/i/content/pi/cult/447/9345/9-2.jpeg

Апошнім часам у тэатры да галоўнага “перпетуум мобіле” ў асобе Аляксея Ляляўскага далучылася цэлая каманда крэатыўных паслядоўнікаў на чале з маладым рэжысёрам Аляксандрам Янушкевічам. Разам з мастаком Таццянай Нерсісян і кампазітарам Аляксандрам Літвіноўскім ён выпусціў ужо некалькі выбітных спектакляў — для дарослых. Лялечныя “Вянчанне” і “Дзяды”, а таксама “Арабская ноч” у Купалаўскім стварылі яму імідж канцэпцыйнага рэжысёра, здольнага ўтаймаваць ды накіраваць у патрэбнае рэчышча нястрымны паток падсвядомасці. А вось дзіцячы спектакль “Асцярожна: свіння!” атрымаўся настолькі “даросла-павучальным”, што вымусіў задумацца над тым, ці паспявае творца бачыць за сваёй нястомнай працай маленькага сына. Нарэшце, “...Карлсан” пераканаў: паспявае, ды яшчэ як! Бо ў гэтым спектаклі Аляксандр Янушкевіч паўстаў гарэзлівым, з хітрынкай у вачах, але ўсё такім жа не па гадах разумным, папраўдзе мудрым рэжысёрам-“хлапчуком”, які звяртаецца адразу да ўсіх: дзяцей, бацькоў, “домамучыцеляў” усіх узростаў і нават... тэатральных крытыкаў.

Так-так, у спектаклі ёсць штораз новыя імправізацыі “ад Аляксандра Васько” ў ролі тэлекаментатара, і сярод іх быў адкрыты зварот да... нашай газеты — гулліва-“прыкольны”, абсалютна нечаканы, але з-за гэтага не менш “рэкламны”, чым, да прыкладу, білборды ці “расцяжкі” па ўсім горадзе.

Але ж і дзеці не сумуюць! Яны вельмі жыва рэагуюць на дзеянне, у зале не сціхае смех.

Ды як іначай, калі прыемных нечаканасцей у “...Карлсане” — не проста хапае, але і “зашкальвае”! Ну хто б мог падумаць, да прыкладу, што па-філасофску засяроджаны Аляксандр Літвіноўскі, скіраваны на “авангардызмы” ўперамешку з неакласікай, здольны так па-заліхвацку смяяцца ў музыцы — дзіцячай і модна сучаснай! Дый увесь спектакль, сюжэт якога вядомы сённяшняй дзятве не столькі па кнізе, колькі па мульціку, пабудаваны на разбурэнні міфаў і стэрэатыпаў. Ну як будзе Карлсан лётаць? Няцяжка здагадацца: артыст возьме ў рукі ляльку — і тая “паляціць”. Ажно не! Замест лялькі — “жывы” артыст (вельмі таленавіты, заўважны па многіх ранейшых адметных ролях Цімур Муратаў). Прапелер у яго — не на спіне, а на... заплечніку, які можна пры неабходнасці зняць. Дый лётаць герой будзе хіба ў нашых фантазіях — насамрэч, ён баіцца “зляцець” нават з высокага крэсла, таму нягегліста спаўзае з яго, прычым з дапамогай Малыша. У ролі апошняга — нядаўна прыняты ў тэатр Дзмітрый Чуйкоў, выхаванец Уладзіміра Мішчанчука па Акадэміі мастацтваў, зусім не “лялечнік” паводле спецыяльнасці. Дый увесь пачатак спектакля — драмтэатр, дый толькі. Ну, хіба з далейшай “мадуляцыяй” у сучасна трактаваны тэатр ценяў. І толькі калі з’яўляюцца вялізныя, але пляскатыя па вырабе фігуркі сваякоў Малыша, якія быццам сышлі з дзіцячых малюнкаў (Малыш, між іншым, у ходзе дзеі і сам займаецца “насценным жывапісам”), гледачы канчаткова разумеюць, што і пачатковыя “драмсцэны” шмат у чым былі вырашаны ў лялечнай эстэтыцы.

Замест традыцыйных прапорцый “людзі вялікія — лялькі маленькія” — тут усё наадварот.

Свет вачыма дзіцяці накладаецца на тэатр масак — і ў абліччы кожнага з персанажаў крыху парадыйна акцэнтуецца нейкая адна рыса: у Маці — фартушок, у Сяброўкі Малыша — шырока расплюшчаныя вочы з загнутымі вейчыкамі, у яго Сястры — доўгія ногі і пафарбаваныя валасы, у яе чарговага хлопца — вушы. І ўжо зусім нечаканай паўстае Фрэкен Бок: грудзі і клубы ў яе настолькі вялізныя, што ператвараюць жанчыну ў... нейкі бот-чаравік. І хаця абцас на ім “недароблены”, дарослыя без цяжкасці “дамалёўваюць” просты асацыятыўны шэраг: у такой цётухны ўсе навакольныя — пад абцасам.

Спектаклю ёсць куды расці, пакуль у ім шмат тэхнічных ды ўласна акцёрскіх “недарэпеціраванасцяў”. І калі першыя з цягам часу (дакладней, пры давядзенні дзеянняў да аўтаматызму) ліквідуюцца самі па сабе, дык для карэкцыі другіх, здаецца, артыстам патрабуюцца далейшыя рэжысёрскія паказы ды тлумачэнні, прычым вельмі дакладныя...

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"