І, галоўнае, для гэтага ёсць “маторчык” — ды не адзін!
Апошнім часам у тэатры да галоўнага “перпетуум мобіле” ў асобе Аляксея Ляляўскага далучылася цэлая каманда крэатыўных паслядоўнікаў на чале з маладым рэжысёрам Аляксандрам Янушкевічам. Разам з мастаком Таццянай Нерсісян і кампазітарам Аляксандрам Літвіноўскім ён выпусціў ужо некалькі выбітных спектакляў — для дарослых. Лялечныя “Вянчанне” і “Дзяды”, а таксама “Арабская ноч” у Купалаўскім стварылі яму імідж канцэпцыйнага рэжысёра, здольнага ўтаймаваць ды накіраваць у патрэбнае рэчышча нястрымны паток падсвядомасці. А вось дзіцячы спектакль “Асцярожна: свіння!” атрымаўся настолькі “даросла-павучальным”, што вымусіў задумацца над тым, ці паспявае творца бачыць за сваёй нястомнай працай маленькага сына. Нарэшце, “...Карлсан” пераканаў: паспявае, ды яшчэ як! Бо ў гэтым спектаклі Аляксандр Янушкевіч паўстаў гарэзлівым, з хітрынкай у вачах, але ўсё такім жа не па гадах разумным, папраўдзе мудрым рэжысёрам-“хлапчуком”, які звяртаецца адразу да ўсіх: дзяцей, бацькоў, “домамучыцеляў” усіх узростаў і нават... тэатральных крытыкаў.
√
Так-так, у спектаклі ёсць штораз новыя імправізацыі “ад Аляксандра Васько” ў ролі тэлекаментатара, і сярод іх быў адкрыты зварот да... нашай газеты — гулліва-“прыкольны”, абсалютна нечаканы, але з-за гэтага не менш “рэкламны”, чым, да прыкладу, білборды ці “расцяжкі” па ўсім горадзе.
Але ж і дзеці не сумуюць! Яны вельмі жыва рэагуюць на дзеянне, у зале не сціхае смех.
Ды як іначай, калі прыемных нечаканасцей у “...Карлсане” — не проста хапае, але і “зашкальвае”! Ну хто б мог падумаць, да прыкладу, што па-філасофску засяроджаны Аляксандр Літвіноўскі, скіраваны на “авангардызмы” ўперамешку з неакласікай, здольны так па-заліхвацку смяяцца ў музыцы — дзіцячай і модна сучаснай! Дый увесь спектакль, сюжэт якога вядомы сённяшняй дзятве не столькі па кнізе, колькі па мульціку, пабудаваны на разбурэнні міфаў і стэрэатыпаў. Ну як будзе Карлсан лётаць? Няцяжка здагадацца: артыст возьме ў рукі ляльку — і тая “паляціць”. Ажно не! Замест лялькі — “жывы” артыст (вельмі таленавіты, заўважны па многіх ранейшых адметных ролях Цімур Муратаў). Прапелер у яго — не на спіне, а на... заплечніку, які можна пры неабходнасці зняць. Дый лётаць герой будзе хіба ў нашых фантазіях — насамрэч, ён баіцца “зляцець” нават з высокага крэсла, таму нягегліста спаўзае з яго, прычым з дапамогай Малыша. У ролі апошняга — нядаўна прыняты ў тэатр Дзмітрый Чуйкоў, выхаванец Уладзіміра Мішчанчука па Акадэміі мастацтваў, зусім не “лялечнік” паводле спецыяльнасці. Дый увесь пачатак спектакля — драмтэатр, дый толькі. Ну, хіба з далейшай “мадуляцыяй” у сучасна трактаваны тэатр ценяў. І толькі калі з’яўляюцца вялізныя, але пляскатыя па вырабе фігуркі сваякоў Малыша, якія быццам сышлі з дзіцячых малюнкаў (Малыш, між іншым, у ходзе дзеі і сам займаецца “насценным жывапісам”), гледачы канчаткова разумеюць, што і пачатковыя “драмсцэны” шмат у чым былі вырашаны ў лялечнай эстэтыцы.
√
Замест традыцыйных прапорцый “людзі вялікія — лялькі маленькія” — тут усё наадварот.
Свет вачыма дзіцяці накладаецца на тэатр масак — і ў абліччы кожнага з персанажаў крыху парадыйна акцэнтуецца нейкая адна рыса: у Маці — фартушок, у Сяброўкі Малыша — шырока расплюшчаныя вочы з загнутымі вейчыкамі, у яго Сястры — доўгія ногі і пафарбаваныя валасы, у яе чарговага хлопца — вушы. І ўжо зусім нечаканай паўстае Фрэкен Бок: грудзі і клубы ў яе настолькі вялізныя, што ператвараюць жанчыну ў... нейкі бот-чаравік. І хаця абцас на ім “недароблены”, дарослыя без цяжкасці “дамалёўваюць” просты асацыятыўны шэраг: у такой цётухны ўсе навакольныя — пад абцасам.
√
Спектаклю ёсць куды расці, пакуль у ім шмат тэхнічных ды ўласна акцёрскіх “недарэпеціраванасцяў”. І калі першыя з цягам часу (дакладней, пры давядзенні дзеянняў да аўтаматызму) ліквідуюцца самі па сабе, дык для карэкцыі другіх, здаецца, артыстам патрабуюцца далейшыя рэжысёрскія паказы ды тлумачэнні, прычым вельмі дакладныя...
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА