Варта далучыцца да “ТэАРТа”!

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

"Неаднаразовыя" пастаноўкі
Блокам з пяці беларускіх прэм’ер стартуе сёння ІІІ Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАРТ”, што працягнецца амаль месяц і збярэ 16 спектакляў з 8 краін: Беларусі, Венгрыі, Германіі, Ізраіля, Латвіі, Польшчы, Расіі, Францыі.

Але галоўны здабытак гэтага буйнога фестывалю зусім не ў колькасных вымярэннях, а ў тым, што сюды прывозіцца папраўдзе ўсё лепшае і самае перадавое, што з’яўляецца ў свеце. І менавіта на гэтым фоне, які не церпіць эстэтычных зніжак, “правяраецца” нацыянальнае мастацтва.

Беларускія спектаклі не проста распачынаюць тэатральнае свята — амаль усе яны і створаны былі акурат да яго. Але гэта не значыць, што пастаноўкі, так бы мовіць, “аднаразовыя”. Наадварот!

Плануецца, што пасля фэсту яны застануцца ў афішах і змогуць неяк зрушыць агульную тэатральную карціну нашай краіны ў бок пошукаў ды эксперыментаў. А “Ціхі шоргат сыходзячых крокаў” на сцэне РТБД і “Рамонт” тэатра “Інжэст” найбольш прасунутыя ў тэатральным авангардзе гледачы ўжо паспелі паглядзець напярэдадні.

Яшчэ больш сімвалічна, што першым у пяцёрцы беларускіх прэм’ер заяўлены “Patris” Сяргея Анцалевіча, Дзмітрыя Багаслаўскага і Віктара Красоўскага. Бо гэты спектакль — пра Радзіму, і аўтараў у яго, насамрэч, куды больш. Тэхніка “verbatim”, пры якой дакладна захоўваюцца асаблівасці дакументальных запісаў (у дадзеным выпадку — выказванняў беларусаў на тэму патрыятызму), дазваляе кожнаму, хто трапіў “у п’есу”, адчуць сябе, хаця б крыху, яе “сааўтарам”.

Паказальна і тое, што поўны расклад беларускіх спектакляў пад грыфам трэцяга па ліку форуму “ТэАРТ” — куды большы. Ёсць сярод іх і дадатковая праграма, куды ўвайшлі такія брэнды беларускага музычна-харэаграфічна-тэатральнага авангарда, як кабарэ-бэнд “Сярэбранае вяселле”, “Карняг-тэатр” з нядаўняй пастаноўкай “Латэнтныя мужчыны”, а таксама “Гамлет”, пастаўлены Ігарам Казаковым у Магілёўскім тэатры лялек. Яшчэ больш узмоцніць беларускі блок правядзенне дыскусіі “Феномен беларускай драматургіі” з удзелам экспертаў з розных краін.

Гэтая тэма закраналася і напярэдадні форуму ў цыкле “круглых сталоў”, арганізаваных “ТэАРТ”ам. Чарговы з іх, прысвечаны пытанням мецэнацтва ў сферы культуры, адбыўся днямі. Вельмі ўразілі замежныя лічбы. У Францыі, як запэўніла Часовы павераны Пасольства Францыі ў Беларусі Ліз Тальбо Барэ, бюджэт культуры складае на год 7 мільярдаў еўра. З іх 3,2 млрд. — забяспечваюць мецэнаты. У нас гэты кірунак яшчэ толькі пачынае развівацца. І “ТэАРТ” — адзін з найбольш паказальных прыкладаў плённасці такога супрацоўніцтва, што пацвердзіў на прэс-канферэнцыі старшыня Праўлення “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка. Вядома, каб мецэнацтва развівалася хутчэй, патрабуецца ўрэгуляванне заканадаўства. Як запэўніў першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі, праца над гэтым вядзецца.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"