Работа над памылкамі або "татальная зачыстка"?

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

“Выключны”, “значны”, “рэдкі”, а не проста “стары”
Не так даўно СМІ абляцела вестка пра магчымае скарачэнне Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Рэакцыя неабыякавай аўдыторыі была прадказальна эмацыйнай. Алею ў агонь дадалі растыражаваныя тэлеканаламі каментарыі экспертаў.

Агульны лейтматыў выказванняў навукоўцаў, грамадскіх актывістаў ды шараговых удзельнікаў інтэрнэт-форумаў прыблізна такі: чыноўнікі з Міністэрства культуры хочуць пазбавіць сябе клопатаў і вырашыць лёс праблемных аб’ектаў самым простым чынам. Маўляў, няма аб’екта — няма і праблемы.

Каб неяк праясніць сітуацыю, пра якую пісалі колькі нумароў таму, мы звярнуліся да першакрыніцы — ва Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Яго начальнік Ігар Чарняўскі перакананы, што “грамадскасць” нешта зноў не так зразумела: “чыноўнікі” не пазбаўляюць сябе ад клопатаў, але бяруць на свае плечы новыя.

Бо гаворка вядзецца не пра “зачыстку” Дзяржспіса, а пра ўдумлівы аналіз апошняга ды набліжэнне яго да рэчаіснасці.

Адкрываем паліграфічнае выданне Дзяржспіса, якое ўбачыла свет у 2009 годзе, на старонцы 205. Чытаем апісанне комплексу былой сядзібы “Старая Беліца” ў вёсцы Пламя Сенненскага раёна: “Выцягнуты па падоўжнай восі неакласіцыстычны сядзібны дом складаецца з двухпавярховага цэнтральнага аб’ёму і двух бакавых аднапавярховых крылаў з рызалітамі <...>. Будынак накрыты двухсхілавым дахам. Сістэма размяшчэння пакояў — калідорная”.

Насамрэч, ні рызалітаў, ні калідорнай сістэмы пакояў, ні двухсхілавага даху ў вёсцы Пламя ўжо не пабачыш. Яшчэ ў 90-я будынак быў амаль поўнасцю разабраны на цэглу мясцовымі жыхарамі — засталася толькі рамантычная вежа. Значыць, у адпаведнай графе замест “Комплекс сядзібы” даўно пара напісаць “Рэшткі...”.

А вось адваротны прыклад: выраз “рэшткі былога палаца Пуслоўскіх” з таго самага выдання таксама ўжо састарэў: як вядома, рэстаўрацыя ў Мерачоўшчыне ідзе поўным ходам, пераўтварыўшы рэшткі ў паўнавартасны палац. Уласна, гэта мы да таго, што пэўнай карэкціроўкі Дзяржспіса вымагае сам час.

— Хачу адразу падкрэсліць: гаворкі пра нейкую маштабную рэвізію Дзяржспіса не ідзе, — адзначыў Ігар Чарняўскі. — Разам з тым, спецыялісты павінны ўважліва прааналізаваць тыя аб’екты, што ў ім знаходзяцца, ды выправіць разнастайныя недакладнасці. Тым больш, заканадаўства за дваццаць гадоў змянілася, некаторыя нюансы раней не ўлічваліся. Зразумела ж, сёння мы павінны кіравацца актуальнай юрыдычнай базай…

У той самы час, колькасць пазіцый у Дзяржспісе і сапраўды паменее. Па даручэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь мясцовыя органы кіравання правялі аналіз тых помнікаў спадчыны, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі, і ўнеслі прапановы аб пазбаўленні статуса прыкладна 750 аб’ектаў.

— Вось перада мной табліцы, куды ўнесены ўсе гэтыя аб’екты, і цяпер нашы спецыялісты разглядаюць ды аналізуюць кожны з іх: падыход тут менавіта індывідуальны. Калі прыведзеная ў прапановах аб наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці аргументацыя не адпавядае рэчаіснасці, то дапускаю, што гэта можа быць падставай для выключення такога аб'екта са спіса "на выключэнне". Затым усе аб’екты будуць разгледжаны цягам шэрагу пасяджэнняў Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады, якая і прыме канчатковае рашэнне. Ва ўсялякім выпадку, казаць пра павальны знос помнікаў спадчыны тут не выпадае. Даруйце, але што мы збіраемся зносіць? Помнікі археалогіі?..

 

Канстатацыя факта

Менавіта ж яны і складаюць значную катэгорыю са “спіса на выключэнне”. Прычына простая: гэта “мёртвыя душы”, якія выяўляюцца пад час цяперашняй інвентарызацыі помнікаў археалогіі.

— Часам здараецца, што той або іншы курган ці стаянку проста немагчыма адшукаць, — распавядае Ігар Чарняўскі. — Спецыялісты кіруюцца прывязкай на мясцовасці, зробленай у 60 — 70-я гады XX стагоддзя, — скажам, паўтара кіламетра ад пэўнай вёскі, — затым уважліва прачэсваюць тэрыторыю ў куды большым радыусе, але ў выніку ўсё адно нічога не знаходзяць… Магчыма, прывязка ў свой час была недакладнай...

Галоўную прычыну, па якой многія помнікі археалогіі сёння немагчыма адшукаць, зазвычай характарызуюць эўфемізмам “вынікі гаспадарчай дзейнасці”.

Хтосьці трактарам праехаўся, хтосьці — вышку сотавай сувязі дазволіў паставіць... Нядаўнія праверкі праваахоўных органаў выявілі нямала такіх фактаў. Часам устанавіць вінаватага бывае ўжо няпроста, бо шмат вады сплыло, але нават у тым выпадку, калі парушальніка закону ўдаецца ледзь не за руку схапіць, ён зазвычай абыходзіцца “лёгкім спалохам”.

Зрэшты, гутарка не пра тое. Дзяржспіс павінен толькі канстатаваць рэальны стан рэчаў. І ўсе неадпаведнасці з апошнім належыць выправіць.

— Вядомы нават адзін выпадак, калі помнік археалогіі з беларускага спіса насамрэч знаходзіцца на тэрыторыі Расіі: мяжа там праходзіць непадалёк, — дадаў Ігар Чарняўскі. — Наша дзяржава нават не мае паўнамоцтваў браць яго пад ахову…

Другую вялікую катэгорыю “кандыдатаў на выключэнне” складаюць помнікі гісторыі, і перадусім — пахаванні часоў вайны. Нават думкі пра іх знос, безумоўна, — кашчунства. Больш за тое: усе выяўленыя воінскія і грамадзянскія пахаванні, без залежнасці ад таго, ці маюць яны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, улічаны ўпраўленнем па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Кожнае з такіх месцаў знаходзіцца пад апекай органа мясцовага кіравання.

На сённяшні дзень такіх пахаванняў выяўлена 7 293, і лік пастанна расце дзякуючы пошукавай рабоце. Для параўнання: гэта на шэсць тысяч больш за агульную колькасць такіх пазіцый у Дзяржспісе. Адпаведна, у апошні трапілі, ва ўсялякім выпадку, далёка не ўсе такія месцы памяці.

— На думку спецыялістаў, да гэтай катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей неабходна выпрацаваць больш дыферэнцыраваны падыход, — кажа Ігар Чарняўскі. — Бо сёння часам нават складана патлумачыць, чаму той або іншы аб’ект быў унесены ў Дзяржспіс, а іншы — застаўся па-за яго межамі. Думаецца, статус помніка гісторыі павінны мець менавіта тыя пахаванні, якія звязаны з важнымі гістарычнымі падзеямі альбо асобамі…

 

Помнік, якога няма

Катэгорыя помнікаў архітэктуры, лёс якіх і выклікаў асаблівую занепакоенасць, у “спісе на выдаленне” даволі нешматлікая.

Як запэўніў Ігар Чарняўскі, знакавыя аб’екты — кшталту закінутага касцёла ў Княжыцах або, тым больш, Крэўскага замка — натуральна ж, туды не трапілі. Зрэшты, калі хоць адзін стары дамок пазбавіцца статуса, адмоўная рэакцыя часткі грамадскасці ўсё адно цалкам прадказальная.

На думку многіх, будынак аўтаматычна павінен трапляць у Дзяржспіс ужо з той прычыны, што з’явіўся на свет гадоў сто (або нават пяцьдзясят) таму. Артыкул 20 Закону аб ахове спадчыны, які змяшчае крытэрыі надання аб’екту такога статуса, займае некалькі машынапісных старонак. У тэксце неаднаразова сустракаюцца словы “выключны”, “значны”, “рэдкі”...

— На маё асабістае меркаванне, Дзяржспіс павінен складацца з даволі вартых аб’ектаў, якія здатныя ўяўляць цікавасць для турыстаў, — кажа Ігар Чарняўскі. — Адпаведна, для надання будынку статуса каштоўнасці павінны існаваць важкія аргументы. Але бывае нават цяжка патлумачыць, чаму той або іншы аб’ект з Дзяржспіса ў яго трапіў, якімі ён вызначаецца асаблівасцямі, чым кіраваліся тыя, хто прапаноўваў надаць яму статус…

Зрэшты, начальнік упраўлення ўсё ж назваў адну верагодную прычыну. Калісьці ўласнікі гісторыка-культурных каштоўнасцей маглі разлічваць на сур’ёзныя падатковыя льготы. І таму гаспадары аб’ектаў нерухомасці праўдамі-няпраўдамі дабіваліся іх уключэння ў Дзяржспіс. (Сёння, адзначым, сітуацыя акурат адваротная, бо льгот ужо няма...)

— Калі я толькі пачынаў працаваць ва ўпраўленні, быў такі выпадак: мы выявілі, што статус помніка атрымаў будынак, які ўвогуле фізічна не існаваў! — распавядае Ігар Чарняўскі. — На час уключэння ў Дзяржспіс была толькі дакументацыя на яго аднаўленне. Потым тую камяніцу і сапраўды аднавілі, але — з адступленнямі ад дакументацыі! Адпаведна, заказчык сэканоміў немалыя грошы, аднак вырашыў патраціць іх зусім не на справу аховы спадчыны. І нашаму ўпраўленню давялося прыкласці нямала намаганняў, каб прымусіць уласніка ўнесці патрэбныя карэктывы…

Па словах Ігара Чарняўскага, шэраг прапаноў ад мясцовых улад і сапраўды абгрунтоўваецца кепскім тэхнічным станам пабудоў, але толькі ў тым выпадку, калі аднавіць страчанае ў прынцыпе немагчыма, нават з новых матэрыялаў. Бывае так, што праводзіць натурныя доследы ўжо запозна, бо... даследаваць няма чаго: сцены ўшчэнт разваліліся.

Урэшце, пытанне крытэрыяў усё адно здатнае выклікаць працяглыя дыскусіі. Прыкладам, кожны можа па-свойму “расшыфраваць” такі выраз згаданага артыкула Закону, як “рэдкі або выдатны ўзор створанага чалавекам асяроддзя”. Або: “...Аказалі (аказваюць) значны ўплыў на развіццё мастацтва, духоўнасць грамадства, светапогляд людзей у пэўны гістарычны перыяд або на тэрыторыі асобнага рэгіёна ці этнічнай групы”.

Неаспрэчна, тыя самыя паняцці выключны, значны, рэдкі маюць ацэначны, а значыць, у пэўнай меры, адносны характар. “Алгебрай” іх не праверыш. Хтосьці скажа, што любы беларускі будынак, які прастаяў больш за сто гадоў — ужо рэдкі, і ў нечым будзе мець рацыю! А хтосьці і ў храмах віленскага барока не ўгледзіць нічога выключнага.

Сучасная гісторыя некаторых суседніх краін ведае нямала прыкладаў, калі “цікавы ўзор гарадской архітэктуры” адным росчыркам пяра ператвараўся ў “шараговы прыклад”, які тут жа пазбаўляўся статуса каштоўнасці. Звычайна гэта супадала з чыёйсьці задумай пабудаваць замест той развалюхі нешта “новае і прыгожае”. Як правіла, грамадскасць даведвалася пра падзеі ўжо постфактум, калі на месцы помніка красавалася “зачышчаная” ад даўніны будпляцоўка. І ўсё адбывалася цалкам законна!

На Беларусі такая сітуацыя немагчымая ў прынцыпе: паводле айчыннага заканадаўства, рашэнні аб наданні або пазбаўленні статуса не можа прымаць асобна ўзяты дзяржслужбоўца — гэта выключная кампетэнцыя Урада краіны на падставе рашэння Навукова-метадычнай рады. Адпаведна, і “расшыфроўка” згаданых эпітэтаў будзе мець калегіяльны, а не валюнтарысцкі характар.

— Абгрунтоўваць свае прапановы будуць самі прадстаўнікі мясцовых улад, а прымаць рашэнні — члены Рады, — патлумачыў Ігар Чарняўскі. — Нам у гэтым працэсе адведзена больш арганізацыйная функцыя…

Дарэчы, паралельна з “рэвізіяй” Дзяржспіса адбываецца і іншы працэс — яго папаўненне. Ледзь не на кожным пасяджэнні Рады статус помнікаў набываюць новыя аб’екты — цалкам у адпаведнасці з задачамі, пастаўленымі Дзяржпраграмай “Культура Беларусі”. У той самы момант, некаторыя прапановы і адхіляюцца.

— Нярэдка гэта адбываецца акурат у тым выпадку, калі адзінай аргументацыяй становіцца час пабудовы аб’екта, — кажа Ігар Чарняўскі. — Прыкладам, грамадскія актывісты прапанавалі ўключыць у Дзяржспіс дом у Магілёве, які датуецца імі XVIII стагоддзем. Аднак пры гэтым ёсць дакладныя даныя, што тая камяніца істотна перабудоўвалася і ў пазнейшыя часы, першапачатковая яе стылістыка змянілася, а новага выразнага аблічча яна так і не набыла. Дык што ў ёй адметнага? Толькі некалькі соцень цаглін двухсотгадовай даўніны?..

 

Спіс каштоўнасцей майго сельсавета

Ізноў жа, многім і гэтага аргумента будзе дастаткова, каб прызнаць аб’ект гістарычным помнікам. Як падаецца, спрачацца тут не выпадае. Бо пытанне нават у іншым: ці кожны гістарычны помнік павінен уваходзіць у Дзяржспіс?

У некаторых краінах практыкуецца цікавы досвед: спісы помнікаў складаюцца не толькі на агульнадзяржаўным, але і на рэгіянальных узроўнях. Мясцовая супольнасць вырашыла, што гэты сціплы каменьчык на пагорку мае для яе каштоўнасць, — і сама ж яго ахоўвае. Выдатны падыход, але... Ці прымяняльны ён да сённяшняй Беларусі? Часам — так. Прыкладам, у Бабруйску “мясцовы” спіс ужо сфарміраваны, і на сайце гарвыканкама яго можна ўбачыць побач з пералікам тых аб’ектаў, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс.

Але яшчэ больш уразіў сайт сельскагаспадарчага прадпрыемства (!) “Эліт-Агра”, што на Воранаўшчыне: там прыведзены вычарпальны пералік тых мясцовых адметнасцей, што ні ў якіх іншых спісах не значацца, бо па-за межамі таго сельсавета наўрад ці хто пра іх ведае.

Аднак такія выпадкі — на жаль, выключэнне. Што і казаць, многія сапраўды імкнуцца пазбыцца клопату. А многія аб’екты з Дзяржспіса  — гэта менавіта галаўны боль, а не падстава для гонару. Для людзей “на месцах” куды прасцей пазбавіць статуса сінагогу двухсотгадовай даўніны, уплеценую, тым больш, у агульны местачковы ансамбль (на жаль, гэта не абстрактны прыклад: сам чуў), чым накрыць нейкімі часовымі матэрыяламі яе лядашчы дах.

— Я заўсёды падкрэсліваю: не трэба адразу планаваць нейкія глабальныя мерапрыемствы, — кажа Ігар Чарняўскі. — Часам нават элементарныя захады па захаванні помніка могуць прынесці вялізны плён: закрыць дзірку ў даху, пазабіваць шчытамі аконныя ды дзвярныя праёмы... Калі помнік дайшоў да нас ужо ў стане руіны, можна хаця б проста праявіць клопат аб яго санітарным стане: прыбраць адтуль абваленыя гнілыя бэлькі, прыбраць з-пад сцен хмызы, пакасіць крапіву… Прыкладам, у Карэлічах кіраўніцтва раёна паставілася да гэтай задачы адказна, і будынак закінутага бровара сёння выглядае зусім іначай, чым яшчэ колькі гадоў таму. Але, на жаль, такія прыклады — вельмі рэдкія…

Як падаецца, на сённяшні дзень стаўленне нашых грамадзян да гісторыка-культурнай спадчыны адлюстроўвае выразны ментальны падзел. Нехта з іх лічыць каштоўнасцю любыя “рэшткі рэшткаў” — літаральна ўсё, што захавалася ад мінулых эпох. Такая пазіцыя ўласцівая гарадской інтэлігенцыі, якая жыве ў “панэльных джунглях” мікрараёнаў, дзе ўсялякія напаміны пра былое даўно пахаваны пад асфальтам. А вось нехта не бачыць “нічога асаблівага” нават у тых аб’ектах, якія неаспрэчна вартыя ўвагі і захавання. Прычым зазвычай гэта акурат тыя людзі, чыя хаты — побач з самімі аб’ектамі!

Голас першых чуваць гучней: яны актыўна карыстаюцца Інтэрнэтам. Калі ж на адпаведны форум паспрабуе ўплішчыцца нехта з другіх, яго адразу закідаюць віртуальнымі камянямі. Але, вядома, гэтага замала для таго, каб змяніць незайздросны лёс тых помнікаў, якія сёння знаходзяцца ў крытычным стане.

— Летась некаторыя грамадскія актывісты дэкларавалі жаданне спрычыніцца да кансервацыі руін касцёла ў Зембіне, — кажа Ігар Чарняўскі. — Але канкрэтных вынікаў іх працы, на жаль, пакуль не відаць. Неабходна зразумець: колькі б мы ні крычалі “Трэба захаваць!”, нічога ад гэтага не зменіцца. Калі не будуць праяўлены належныя клопаты — у тым ліку і з боку грамадскасці, — стан аб’екта працягне пагаршацца з года ў год. А сам па сабе статус помніка, вядома, не здатны яго ўратаваць…