Знайсці паразуменне з фарматам

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

“Анімаёўка-2013”: наша “тэрыторыя мультфільма”
Відовішчнае адкрыццё, багаты конкурс (71 стужка з 21 краіны) — XVI Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2013”, падтрымаўшы рэпутацыю Магілёва як Культурнай сталіцы Беларусі і СНД, вылучыўся маштабам, змястоўнасцю ды кароткасцю.

Разнастайную праграму форуму арганізатарам удалося змясціць, лічы, у тры дні, бадай не страціўшы якасці.

І Чабурашка, і Несцерка, і ўсе-ўсе-ўсе

Што і казаць, “Анімаёўка” — гэта наша “тэрыторыя мультфільма”! А таксама — улюбёных персанажаў: Малыша і Карлсана, Кракадзіла Гены, Старой Шапакляк і Чабурашкі, Дзядзі Фёдара, Ката Матроскіна, Сабакі Шарыка і Паштальёна Печкіна, Чырвонага Каптурыка і Шэрага Воўка… І да іх ужо далучаюцца сучасныя Маша і Мядзведзь ды беларускі Несцерка з сябрамі. Вялікія і маленькія “копіі” гэтых герояў мультфільмаў, прашпацыраваўшы па Ленінскай вуліцы, сімвалічна выйшлі на Плошчу Зор пад час Фэст-параду “Анімаёўкі”. Так распачынаўся сёлетні форум, як ніколі прэтэндуючы на званне галоўнага фестывалю анімацыі краіны.

/i/content/pi/cult/447/9336/7-2.jpeg

/i/content/pi/cult/447/9336/7-1.jpeg /i/content/pi/cult/447/9336/7-3.jpeg

/i/content/pi/cult/447/9336/7-4.jpeg /i/content/pi/cult/447/9336/7-6.jpeg

/i/content/pi/cult/447/9336/7-5.jpeg

У атачэнні “старых знаёмцаў” зрабіць праменад па “чырвонай дарожцы”, якая ўдала “прыжылася” на фестывалі анімацыйнага кіно, удзельнікам і гасцям апошняга было ў асалоду. “Гэта быў мой першы праход па “чырвонай дарожцы”! — з усмешкай выказаў захапленне заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, народны артыст Расійскай Федэрацыі Юрый Чарноў, які прыехаў на форум. Вяртанне ва ўмоўную Краіну дзяцінства падтрымала і, уласна, адкрыццё “Анімаёўкі”, на якім яскрава выступілі дзіцячыя студыі ды калектывы. А калі да вядучай цырымоні адкрыцця фестывалю — заслужанай артысткі Расіі Аксаны Сташэнка (выканаўцы ролі Жанэты ў серыяле “Вяртанне Мухтара”) на сцэну выйшаў сабака Мухтар з пасланнем ад магілёўскай міліцыі: “Аксана Міхайлаўна! Мы вас вельмі любім і запрашаем у госці!” — дык тут нават скептыкам стала зразумела, што “Анімаёўка” для Магілёва значыць шмат. Што і казаць, пасля такога рэверансу актрыса не здолела адмовіць вартавым парадку ў сустрэчы.

— Арганізацыя “Анімаёўкі” проста выдатная! — падзялілася сваімі ўражаннямі дырэктар Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Залаты Кукер” у Сафіі, старшыня Балгарскай Асацыяцыі незалежных мастакоў Надзея Славова. — І я абавязкова буду рэкламаваць яго на інтэрнэт-старонцы свайго форуму, — зрабіла яна своеасаблівы камплімент арганізатарам.


Аб чым гавораць аніматары?

Каб адчуць атмасферу “Анімаёўкі”, трэба абавязкова трапіць і ў “кулуары” фестывалю, дзе аніматары за кубачкам гарбаты дзеляцца сваімі думкамі ды праблемамі.

Сёлета адной з самых набалелых тэм для

кінематаграфістаў стала пытанне

распаўсюджвання анімацыі.

— Фестывалі сёння, на жаль, з гэтай задачай

ужо не спраўляюцца, — выказаў думку

прадзюсар расійскай кампаніі “ПРАсвет-Медыя”

Яўген Плотнікаў. — Шматлікія фільмы часам

не праходзяць селекцыйныя камісіі і ў выніку

не даходзяць, не знаходзяць свайго гледача.

А тыя каналы, якія згодныя ставіць анімацыйныя стужкі ў сваю сетку, прапаноўваюць зусім смешныя ганарары, што цалкам няправільна, — зазначыў ён.

Паскардзіўся на пэўны фарматны “адсеў” і наш

Міхаіл Тумеля. Яго апошняя стужка “Як

служыў жа я ў пана”, створаная ў рамках

адмысловага цыкла “Музыкальная скарбонка”

па сюжэтах беларускіх народных песень,

атрымалася недапушчальна доўгай: 6 хвілін 30 секунд.

Гэта прытым, што работа ў выніку выйшла

лепшай у ягонай кар’еры.

— Але я моцна сумняваюся ў яе

пракатным лёсе, — дзеліцца рэжысёр. —

Карціна па хронаметражы моцна выбіваецца, у параўнанні з астатнімі фільмамі серыі. І я не ўяўляю, якім чынам зараз можна знайсці ўдалы фармат для яе продажу ды распаўсюджвання…

Старшыня журы магілёўскага фестывалю, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, выкладчык ВГИК імя С.Герасімава, славуты аніматар і рэжысёр Леанід Носыраў падтрымаў калег у абмеркаванні набалелага пытання, адзначыўшы ў цэлым адсутнасць уцямнай палітыкі падтрымкі мультыплікацыі ў Расіі.

— Мне ўвогуле невядома, чаму такі вядомы брэнд, як “Союзмультфильм”, да гэтай пары не адраджаецца?  — выказаў здзіўленне (ды абурэнне) прафесар. — Усё, што даводзіцца бачыць, — гэта праца асобных студый, аўтараў, але ж не агульнага анімацыйнага цэха, як тое было раней. Прыкра канстатаваць безуважлівасць дзяржавы да патрэб анімацыйнага кіно…

Выхад на вялікую аўдыторыю, дзякуючы актыўнасці і напору Аляксандра Татарскага, сёння ўсё ж мае студыя “Пілот”. Славуты рэжысёр “Пластылінавай вароны” дамогся падтрымкі праекта “Гара самацветаў” у Федэральнага агенцтва па культуры і кінематаграфіі Расійскай Федэрацыі і Расійскага тэлебачання — серыял меў свой час на адным з буйных каналаў. І сёння цыкл па матывах казак розных народаў, дзякуючы гэтай прадуманай палітыцы ды, безумоўна, працы таленавітых аніматараў, ужо даўно шырока вядомы і за межамі суседняй дзяржавы.

— Але гэта, бадай, адзіны праект, які да гэтай пары трымаецца на плаву і дэманструе высокую мастацкую якасць карцін, — падсумоўвае стваральнік вядомага мультыплікацыйнага часопіса “Вясёлая карусель”.

Вядома, што мэтру расійскай анімацыі хацелася б бачыць больш павагі да тых, хто займаецца “выхаваннем дзіцячых душ”, і больш магчымасцей для рэалізацыі іх праектаў.

Словам, знайсці паразуменне з тым самым “фарматам” — ці тэлевізійным, ці якім іншым — аніматарам розных краін у сучасны век складана. “У нас увогуле няма вытворчасці анімацыйнага кіно”, — горка падвяла рысу дырэктар малдоўскай анімацыйнай студыі “ARTIStudio”, рэжысёр анімацыі Ларыса Глінска. Але ж аніматар не адмаўляецца ад сваёй студыі, бо лічыць справу навучання анімацыйнаму кіно важнай, у першую чаргу — для душы дзіцяці. “Не ведаю, што і як, але калі дзеці малююць, нешта адбываецца ў іх душы. І гэта аказвае ўплыў на іхняе далейшае станаўленне, на іх унутраны свет”, — кажа спецыяліст, і з яе словамі пагаджаюцца ўсе.

 

Світанак серыялаў і захад эксперыменту?

Тым не менш, як бы ні наракалі на складанасці кінавытворчасці аўтары, колькасць фільмаў конкурснай праграмы сведчыла пра тое, што працэс іх стварэння працягваецца.

Расійская анімацыя і сапраўды збольшага прапаноўвала новыя работы ў фармаце пэўных цыклаў, дэманструючы скіраванасць на сённяшнія запыты рынку. Да прыкладу, акрамя фільмаў вышэйзгаданага цыкла “Гара самацветаў”, — а іх у конкурснай праграме было чатыры, — у ёй удзельнічалі стужкі з серыялаў “Фіксікі”, “Рэшата-сіці”, “Таямніца Сухаравай вежы”, “Звяры, якія лятаюць”, альманаха “Прымаўкі і прыказкі”. Не адстала ад сучасных тэндэнцый і беларуская анімацыя, якая развіваеца ды працуе над сваімі цыкламі: гэта вядомыя “Аповесць мінулых гадоў”, “Казкі братоў Грым”, “Музычная скарбонка” і серыял для маленькіх “Пра дзяўчынку Жэню”. У сітуацыі, якая склалася, перад журы паўстала няпростая задача: як жа судзіць падобныя фільмы ў параўнанні з іншымі работамі? Нягледзячы на тое, што некаторыя са стужак з серыялаў па якасці зусім не саступаюць асобным фільмам (ды нават пераўзыходзяць іх), праблема фармату ўсё ж была навідавоку. І ў сувязі з гэтым эксперты агучылі прапанову на будучыню па стварэнні асобнай намінацыі для серыялаў.

З іншага боку, такая намінацыя фестывалю,

як “Лепшы эксперыментальны фільм”,

аказалася відавочна састарэлай.

У час скрыжавання класічнай анімацыі і камп’ютарных тэхнік назваць пэўную знаходку эксперыментам не выпадае. “Што ўвогуле сёння ў анімацыі можна лічыць эксперыментам, калі кожная новая стужка, кожная прыдумка — лічы, эксперымент?” — задаў пытанне калегам член журы, мастацкі кіраўнік студыі анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Аляксандр Ленкін. І рэпліка рэжысёра пазначыла яшчэ адну змену, стан рэчаў у сучаснай анімацыі, калі апошняя становіцца не самамэтай (як гэта часам здараецца ў выпадку з фільмамі для дзяцей), а арганічнай мовай для перадачы думкі, месэджа аўтара. І тэхніка ў такім выпадку толькі крочыць за ідэяй.

Выдатным прыкладам пераўтварэння анімацыі

ў мастацтва для любой аўдыторыі

на “Анімаёўцы” стала стужка “Згублены горад

Свіцязь” польскага рэжысёра Каміла Полака,

што абвешчана пераможцай фестывалю.

Створаная з выкарыстаннем камп’ютарнай анімацыі, тэхнік 2D, 3D і рысаванай анімацыі, карціна распавядае гісторыю сярэднявечнага горада, які загінуў пад агнём ворагаў. Славутая паэма Адама Міцкевіча “Свіцязь”, пакладзеная ў сцэнарную аснову стужкі (цікава, што і дзея адбываецца на беларускіх землях), ажывае самым неверагодным ды захапляльным чынам. Перад гледачом разгортваецца сапраўднае кінапалатно, якое літаральна зацягвае ў сваю багатую на знаходкі ды візуальныя абліччы, прастору. “Такога маштабу і не чакалі”, — фіксуе галоўнае ўражанне ад стужкі член журы, заслужаны мастак Расіі, ганаровы кінематаграфіст Расійскай Федэрацыі Вера Кудраўцава-Енгалычава. “Згублены горад Свіцязь” — гэта, лічы, надыход новай эры для анімацыі, калі яна, скрыжаваўшыся з ігравым кіно, выкарыстоўваючы яго напрацоўкі, ператвараецца амаль у новы жанр. І анімацыя для дзяцей у дадзеным выпадку становіцца адным з напрамкаў, а не галоўным рэчышчам анімацыйнай творчасці, што і пацвярджаецца распадам, вобразна кажучы, мультыплікацыі, знаёмай нам па савецкім часе, на самыя розныя практыкі ды стылявыя выказванні…

Нашай “Анімаёўцы”, нягледзячы на новыя павевы, якія, варта адзначыць, прыходзяць збольшага з Захаду, пакуль удаецца трымаць “тэрыторыю дзяцінства” ў недатыкальнасці. У гэтым — перавага фестывалю, ягоная ўнікальнасць, а для кагосьці, магчыма, — і недахоп. Яго галоўнай аўдыторыяй па-ранейшаму застаюцца дзеці. Развівае гэтую галоўную ідэйную лінію і новы конкурс дзіцячай анімацыі “Я не чараўнік, я толькі вучуся”, які сёлета сабраў больш за 20 студый з 8 краін, ды традыцыйны конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Мой любімы мультфільм”. Што тут зробіш — гэта наша “тэрыторыя мультфільма”!..

Мінск — Магілёў — Мінск

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"