1. Каментарыі ў рэжыме рэальнага часу
Зусім нядаўна пачаў карыстацца Інтэрнэтам. “Уцягнула” мяне туды жонка — Ганна Сілівончык. Яна таксама мастачка і ўжо доўгі час ва ўсім гэтым “плавае”. У асноўным карыстаюся сацыяльнымі сеткамі: падабаецца магчымасць загружаць туды свае работы, нешта пра іх распавядаць, каменціраваць… Для творчай асобы гэта надзвычай цікава: выкладаеш фотаздымак работы — адразу табе нешта пішуць пра якасць тваіх твораў, ці падабаюцца яны. У Сеціве шмат старонак розных мастакоў і ёсць магчымасць дзяліцца сваімі меркаваннямі з калегамі. Інтэрнэт для мяне — вялікая пастаянная выстаўка.
2. Сайт для мастака
√
Мой сайт існуе ўжо даўно. Для мастака,
як мне здаецца, прэзентацыя работ
вельмі важная. У рэальным жыцці людзі
часта цікавяцца маёй творчасцю,
але ж работы паўсюль не носіш і каталогаў
часцяком пад рукой не маеш. А так проста
кажаш адрас сайта, і чалавек заўсёды
ведае, дзе іх паглядзець.
Зручна гэта не толькі для мастака, але і для прадстаўнікоў галерэй, калекцыянераў.
3. Агульны доступ
Ці не баюся я, што мае карціны можа нехта змаляваць або прысвоіць сабе? Думаю, не. Зараз столькі рознай інфармацыі ў тым жа Інтэрнэце, што непакоіцца з-за такіх рэчаў — проста глупства. Больш за тое: калі чалавеку спатрэбіцца несумленным шляхам атрымаць маю карціну, ён гэта зробіць любым чынам. Нават у галерэі могуць прыйсці, сфатаграфаваць работу і не спаслацца на аўтара. Гэта, зразумела, вераломства, але вінаваціць у тым агульны доступ у Сеціве не трэба.
4. Бязмежная выстаўка
Усё ж такі Інтэрнэт — гэта вялікая справа. Напрыклад, ты арганізаваў экспазіцыю, правёў адкрыццё і ўбачыў там пэўную колькасць наведвальнікаў. А праз Сеціва цябе пабачыць і нехта з замежжа, і далёкія сваякі, якія не маюць магчымасці прыйсці на выстаўку, таму гэта вельмі зручна. Акрамя таго, новыя знаёмствы з мастакамі, запрашэнні на пленэры ды іншае. Таму гаворка — не толькі пра прэзентацыю ўласных работ, але і пра спосаб зносін паміж творчымі людзьмі розных краін.
5. Фотападзеі
Усё, што са мной адбываецца, я фатаграфую і выкладваю ў Сеціва: пленэры або выстаўкі, розныя іншыя цікавыя падзеі. Бывае і такое, што людзі мне тэлефануюць і просяць сфатаграфаваць нешта ды выкласці, бо цікавяцца, а прыехаць паглядзець не маюць магчымасці. Пасля застаюцца задаволены, дзякуюць. Таму Інтэрнэт для мяне — спосаб паглядзець на іншых і паказаць сябе.
Занатавала Вольга НАВІЦКАЯ