— Спрадвек працавалі з ідэолагамі ў адной звязцы. Таму пасля пераструктурызацыі аддзела проста прадоўжылі сваю справу ў больш шырокіх маштабах. Асноўная задача — прапаганда і рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі. А культура, як вядома, — адна з яе асноў. Адсюль вынікае: штодзённая работа з насельніцтвам — наш галоўны абавязак. Адзін з апошніх пераканаўчых прыкладаў — рэалізацыя праекта “Перакрыжаванні кахання і мастацтва”. Ён узнік у выніку пагаднення паміж нашым аддзелам і Адміністрацыяй Алітускага павета Літоўскай Рэспублікі і дзякуючы Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь”, што рэалізуецца ў рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства, на 2007 — 2013 гады.
Мы выйгралі грант — больш за 20 тысяч еўра, — каб правесці фестывальныя мерапрыемствы на Воранаўшчыне. Яны адбыліся ў асноўным у Больцініках, дзе Адам Міцкевіч сустракаўся з Марыляй Верашчака. Мы шмат зрабілі для пераўтварэння гэтай вёскі. Прычым не за кошт фінансавання фестывалю, а за ўласныя бюджэтныя грошы. Нездарма ў Больцініках нядаўна прайшоў абласны семінар намеснікаў старшынь райвыканкамаў па сацыяльных пытаннях. Але “Перакрыжаванні…” ладзіліся і ў Літве, таму агульная сума гранту на ажыццяўленне праекта — 55 з паловай тысяч еўра. Пагадзіцеся, для невялічкага раёна такія міжнародныя стасункі — выключна важныя. Імідж Воранаўшчыны ў вачах замежных суседзяў павялічыўся значна. Ці ж гэта не ідэалогія культуры? Наш Дом рамёстваў, да прыкладу, прымае ўжо актыўны ўдзел у літоўскіх “Дажынках”, іншых замежных мерапрыемствах, а самадзейныя калектывы Воранаўшчыны пастаянна выступаюць на замежных фестывалях… Цяпер думаем, як развіваць нашу супрацу з раёнамі Літвы, Польшчы, Расіі надалей. Гэта — задачы творчыя.
Але ж ёсць неадкладныя пытанні, звязаныя з паляпшэннем матэрыяльнай базы. Летась здалі Дом культуры пад ключ у Больцішках. Мэбля, камп’ютар — усё новае. Таму і план па аказанні платных паслуг там пастаянна выконваецца. Сёлета рамантуем Жырмунскі СДК, замянілі ўжо вокны і дзверы, заканчваем даводку фасада. Кіраўніцтва раёна цудоўна разумее, што імідж нашых населеных пунктаў у многім залежыць ад стану і тэхнічнага забеспячэння ўстаноў культуры..
Хапае і праблем. Адна з іх вось якая: грошы на набыццё апаратуры ў аддзела ёсць, а набыць яе з-за мудрагелістай, але абавязковай працэдуры аўкцыёну ці камп’ютарных таргоў вельмі складана. Занадта шмат часу на гэтым губляем.
√
Начныя дыскатэкі, уваход на якія забаронены
моладзі да 18 гадоў, — не толькі наш галаўны
боль. І пішам пра гэта, і кажам, а сітуацыя
не змяняецца. Мы змушаны выганяць
юнакоў ды дзяўчат на вуліцу. Чым яны
там займаюцца!? Скажам, вучыцца
у ліцэй ім можна ездзіць за 120 кіламетраў,
а на начную дыскатэку ў роднай вёсцы
хадзіць нельга. Дзе логіка?
Кадры. Безумоўна, іншагароднія маладыя спецыялісты не затрымліваюцца. І выйсце тут адзінае, як практыка паказвае: рыхтаваць змену са сваіх, дамарослых. І не бяды, што хтосьці з іх пасля навучання ў сярэдняй спецыяльнай установе паступае ў вышэйшую. Мы толькі рады. У большасці выпадкаў, нашы вернуцца да нас. Вось сёлета, да прыкладу, дзве дзяўчынкі, што заканчваюць БДУКіМ па мэтавым накіраваннні, вернуцца на Воранаўшчыну. Тут — жыллё, бацькі, радзіма…