Новая форма крэатыву

№ 39 (1113) 28.09.2013 - 04.10.2013 г

Бібліятэчная творчая акцыя Гомельшчыны: у працяг тэмы
Праект “Бібліяпрыцемкі-2013” ажыццявіла напярэдадні прафесійнага свята бібліятэкараў Светлагорская раённая дзіцячая бібліятэка. Агульнавядома, што ў апошнія гады адбываецца паніжэнне цікавасці дзяцей ды падлеткаў да чытання і кнігі. Таму светлагорскія бібліятэкары і вырашылі арганізаваць маштабнае мерапрыемства, якое спрыяла б росту папулярнасці бібліятэкі як месца, дзе можна сустрэцца з добрай кнігай, цікавым часопісам, падрыхтавацца да ўрокаў, атрымаць неабходную інфармацыю, рэалізаваць свае творчыя здольнасці ды наладзіць стасункі з аднакласнікамі.

Праект стаў часткай агульнабібліятэчнай акцыі “Бібліяноч-2013”, ініцыяванай абласной бібліятэкай. Падрабязна пра яго - тут.

“Бібліяпрыцемкі” пераўтварылі

Дзіцячую бібліятэку ў пляцоўку

сапраўдных дзівосаў, дзе бацькі і дзеці

не толькі цікава і з карысцю для сябе

бавілі час, але і знаёміліся з кнігамі,

праяўлялі чытацкую эрудыцыю.

На дапамогу супрацоўнікам Раённай дзіцячай бібліятэкі прыйшлі іх калегі з іншых бібліятэчных устаноў горада. Артыстычныя, у прыгожых строях, зробленых са шпагату, яны разам з дзецьмі і дарослымі падарожнічалі па цікавых куточках бібліятэкі. А ўбачыць ды падзівіцца было чаму! Чаго толькі ні прыдумалі супрацоўнікі Дзіцячай бібліятэкі, каб уразіць наведвальнікаў! Бібліятэчныя пакоі і куткі былі пераўтвораны ў майстэрні, планетарый, выставачную і канцэртную залы, салоны і нават бібліяздраўніцу. Дзея стварыла такі непаўторны святочны настрой, што ён захапіў не толькі дзяцей, але і дарослых.

Кіназала пад адкрытым небам “Казка на дабранач” прапанавала добра вядомыя дзятве мультфільмы, створаныя паводле кніг папулярных дзіцячых пісьменнікаў, удзельнікі акцыі “Збяром разам кніжны букет” згадавалі любімыя творы ды запісвалі іх назвы на “пялёстках” кніжнага букета, у бібліяздраўніцы “Не хварэй-ка!” “пацыентаў” сустракалі ветлівыя бібліятэкары — “дактары”, якія мералі рост, вагу, выпісвалі рэцэпты з вершаванымі парадамі па ўмацаванні здароўя.

Цягам вечара шмат наведвальнікаў было ў аква-грым-салоне, дзе дарослыя і дзеці з дапамогай бібліятэчнага мастака і юнай валанцёркі з задавальненнем упрыгожвалі свае твары малюнкамі на любы густ. Поспехам карысталася пазнаваўча-гульнёвая праграма “Літаратурныя дуэты”, у падмурак якой была пакладзена японская настольная гульня “карута”.

Юныя мастакі рознага ўзросту цягам некалькіх гадзін старанна працавалі над ілюстрацыямі да кніг. А былі яшчэ майстар-класы па квілінгу, твісцінгу, паперакручэнні, вырабе кніжных закладак, салон модных капелюшоў, праграма “Жывая музыка”.

Зацікавіла прысутных і выстаўка лялек з калекцыі дырэктара Школы мастацтваў Святланы Вярэніч, на якой былі прадстаўлены беларускія, рускія, літоўскія, украінскія, галандскія, швейцарскія лялькі.

У бібліятэцы гэтым вечарам

пабывала звыш 500 чалавек.

Валянціна РАСОШАНКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі