Фестывальны старт

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Шматгалоссе
Колькі дзён таму на сцэне канцэртнай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі стартаваў вядомы далёка за межамі нашай краіны Х Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.

Юбілейны фестываль распачаўся выступленнем Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча. Акрамя таго, на філарманічнай пляцоўцы сваё майстэрства прадэманстравалі лаўрэаты форуму папярэдніх гадоў, а таксама юныя выканаўцы — прадстаўнікі нацыянальных аб’яднанняў, афіцыйна зарэгістраваных на Беларусі. Да адкрыцця таксама былі прымеркаваны экспазіцыя “Беларусь шматнацыянальная” ў Нацыянальнай бібліятэцы і фотавыстаўка “Беларусь — наш агульны дом” у Нацыянальным гістарычным музеі.

/i/content/pi/cult/446/9327/2-2.jpeg

Як адзначыў міністр культуры нашай краіны Барыс Святлоў, адкрыццё чарговага, унікальнага па сваёй форме, праекта — не конкурснае творчае спаборніцтва. Тым не менш, на думку міністра, гэтае ўрачыстае мерапрыемства дэманструе значнасць і шматграннасць нашай культуры.

Цягам года ў рамках фестывалю па ўсёй краіне пройдуць адборачныя туры. У прыватнасці, праз колькі тыдняў фэст пачнуць прымаць раёны. На чарзе — абласныя конкурсы. Сталіцай фінальных мерапрыемстваў па традыцыі стане Гродна. Нагадаем, Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур праходзіць у Беларусі раз на два гады і па сваім фармаце не мае аналагаў у свеце. Форум збліжае і аб’ядноўвае ўсе народнасці, якія пражываюць на тэрыторыі нашай краіны, спрыяе захаванню нацыянальнай самабытнасці і, разам з тым, узаемаразуменню ды ўзаемнаму ўзбагачэнню культур.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"