Паяднаныя Слуцкім поясам

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Брэнд
21 верасня Слуцк прымае Абласное cвята рамёстваў “Слуцкія паясы”. У горад з’едуцца амаль 500 майстроў з усёй сталічнай вобласці, якія будуць прадстаўляць звыш 20 відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Гасцей свята чакае сустрэча з капыльскімі і старадарожскімі ручнікамі, лагойскай ды івянецкай керамікай, клецкай і маладзечанскай лазой, вілейскай і мядзельскай разьбой па дрэве. Для ўсіх ахвотных адбудуцца майстар-класы па пляценні і ткацтве. Навучэнцы гурткоў і студый дэкаратыўна-прыкладной творчасці возьмуць удзел у конкурсе “Беларуская лялька”. Пройдуць выступленні самадзейных артыстаў сталічнай вобласці, прадстаўнікоў беларускай дыяспары Расіі і Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Цітовіча.

Паколькі свята мае на мэце спрыянне рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогіі і традыцый вырабу слуцкіх паясоў ды развіцця вытворчасці сувенірнай прадукцыі, а таксама далейшага развіцця і прапаганды традыцыйнага мастацтва, у рамках абласной імпрэзы адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя “Беларускі пояс: гістарычныя шляхі сучасная практыка”.

Чакаецца, што на канферэнцыі будзе абмеркавана хада выканання Дзяржаўнай праграмы, зроблены высновы з ужо напрацаванага досведу і агучаны прапановы па максімальна эфектыўным скарыстанні сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на рэалізацыю палажэнняў праграмы.

Ул. інф.