Тэатр з “...Куфра”

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Авансцэна
Заўтра ў сталіцы распачынаецца Х Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар. БДУ-2013”, які мае доўжыцца роўна тыдзень, да 28 верасня.

Юбілейны форум збярэ прадстаўнікоў з 18 краін. Сярод удзельнікаў і гасцей — не толькі “блізкае замежжа” (Грузія, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Эстонія), еўрапейская прастора — як заходняя (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Францыя), так і ўсходняя (Македонія, Польшча, Славенія), але і больш аддаленыя ад нас краіны, што рэдка бываюць задзейнічаны на нашых тэатральных фестывалях (Бангладэш, Канада, Турцыя).

Фестываль прадугледжвае конкурсныя і пазаконкурсныя паказы, работу дыскусійнага клуба, дзе крытыкі, нашы і замежныя, разам з усімі зацікаўленымі будуць штодзень абмяркоўваць убачанае. Пройдуць і майстар-класы — усё, як на прэстыжных прафесійных форумах. Адбудуцца і спецыяльныя праекты. Адзін з іх — шырокі паказ беларускіх студэнцкіх тэатраў з розных рэгіёнаў краіны. Іншыя скіраваны на розныя формы міжнароднага супрацоўніцтва: гэта і абмен пастаноўкамі паміж тэатрамі (ці ж не цікава даведацца, як “прачыталі” драматургію нашых аўтараў Мікалая Рудкоўскага — у Грузіі, а Паўла Пражко — у Эстоніі?), і стварэнне міні-пастановак непасрэдна ў фестывальныя дні, як гэта было калісьці на “Панараме”. Але ў “...Куфра” і тут свае адметнасці, што вынікаюць з цесных стасункаў з Цэнтрам беларускай драматургіі. Трое замежных рэжысёраў створаць тры паўгадзінныя пастаноўкі сучасных беларускіх драматургаў, выкарыстаўшы ў якасці трупы ўдзельнікаў фэсту. А потым, што вельмі важна, паставяць гэтыя спектаклі ў сябе на радзіме.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"